Юрый Губарэвіч: «Дзейны кіраўнік краіны прайграе»

Юрый Губарэвіч, асуджаны сёння, 19 чэрвеня — у апошні дзень збору подпісаў, да 15 сутак арышту, — паведаміў пра выхад з прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў якасці прэтэндэнта на статус кандыдата. Аднак паабяцаў засяродзіцца на арганізацыі актыўнага масавага назірання, бо гэта «законная магчымасць адстойваць сапраўднае волевыяўленне народа».

104476431_148587483413109_2532749836785987255_o.jpg

У адмысловай заяве пра выхад з прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў якасці прэтэндэнта на статус кандыдата Юрый Губарэвіч адзначае, што «грамадства не зможа паверыць афіцыйным вынікам галасавання 9 жніўня, таму неабходна сфармаваць новы склад ЦВК».

«Са старту прэзідэнцкай выбарчай кампаніі-2020 улады пачалі дзейнічаць нахабна, па-хамску, брутальна. Рэпрэсіі нарасталі з кожным тыднем. Не засталося і рэшткаў законнасці. Асабіста мяне 19 чэрвеня асудзілі да арышту на 15 сутак за ўдзел у легальным пікеце па зборы подпісаў.

На фоне рэкорднага зніжэння рэйтынгу, не маючы што прапанаваць беларусам для абнаўлення сацыяльнага кантракту, Лукашэнка намагаецца ўтрымаць уладу праз выкарыстанне сілавых структур. Свае дзеянні ён спрабуе прыкрываць словамі пра абарону незалежнасці Беларусі. Хаця вядома, хто за чвэрць стагоддзя кіравання нашай краінай стварыў перадумовы для такой пагрозы.

Беларусам трэба дамагацца спынення рэпрэсій і вызвалення ўдзельнікаў і актывістаў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. У тым ліку кіраўніка ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Сяргея Ціханоўскага і прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі, супраць якіх распачатыя крымінальныя справы.

Цэнтрвыбаркам на чале з Лідзіяй Ярмошынай павінен быць распушчаны. Паводле красавіцкага сацыялагічнага апытання Інстытуту сацыялогіі Акадэміі навук, рэйтынг даверу да гэтага дзяржоргана сярод жыхароў Мінска складае мізэрныя 11%! Грамадства не зможа паверыць афіцыйным вынікам галасавання 9 жніўня. Таму неабходна сфармаваць новы склад ЦВК — каб гэта быў Цэнтрвыбаркам народнага даверу.

У склад участковых выбарчых камісіі павінны ўвайсці прадстаўнікі кандыдатаў у прэзідэнты. Назіральнікі павінны мець права кантролю за падлікам галасоў.

Перад усімі, хто выступае за перамены ў Беларусі і каму зразумела, што сапраўдных выбараў у Беларусі сёння няма, стаіць супольная задача — законным шляхам дамагчыся правядзення сапраўдных, дэмакратычных выбараў.

Кожны грамадзянін мае права прыняць удзел у назіранні за яўкай выбаршчыкаў, асабліва падчас датэрміновага галасавання, і за падлікам галасоў. Толькі актыўнае і масавае назіранне дазволіць нам паўплываць на членаў выбарчых камісіяў, нагадаць ім пра крымінальную адказнасць за фальсіфікацыі і неабходнасць дзеянняў у межах закона. Менавіта актыўнае і масавае назіранне — гэта законная магчымасць адстойваць сапраўднае волевыяўленне народа.

Пасля выхаду з прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў якасці прэтэндэнта на статус кандыдата я планую засяродзіцца менавіта на арганізацыі актыўнага масавага назірання. Дзейны кіраўнік краіны прайграе. І гэты электаральны расклад застаецца толькі аформіць юрыдычна. Нам усім разам!»