«Каб дапамагчы Украіне, Захаду час вучыцца на сваіх памылках». Ціханоўская напісала калонку для The Economist

Лідарка Беларусі канстатуе: слабая пазіцыя Захаду ў 2020 годзе па Беларусі прывяла да таго, што беларускі дыктатар стаў суагрэсарам Расіі ў вайне супраць Украіны.

20220329_bid001.jpg


«Каб дапамагчы Украіне, Захаду час вучыцца на сваіх памылках, якія ён дапусціў у Беларусі ў 2020 годзе. У мяне ўзнікае дэжавю, калі я бачу, як Уладзімір Зяленскі адчайна спрабуе дамагчыся ўвагі ўсяго свету. Ён робіць гэта ў той час, як мірныя гарады руйнуюцца ракетамі, выпушчанымі з Беларусі. Гэта стала магчымым толькі таму, што, калі Лукашэнка, дыктатар, які кіраваў Беларуссю больш за 27 гадоў, заявіў аб сваёй перамозе на фальсіфікаваных выбарах у нашай краіне менш за два гады таму, Захад зрабіў занадта мала», — напісала яна.

«Многія сусветныя лідары, з якімі я сустракаюся, спрабуюць лячыць сімптомы замест таго, каб лячыць хваробу дыктатуры. Гэтая вайна ідзе не толькі паміж Расіяй і Украінай. Гэта бітва паміж аўтакратыяй і дэмакратыяй, як справядліва заявіў Джо Байдэн у сваёй нядаўняй прамове ў Варшаве. Гэта вайна паміж светам, дзе кіруе закон, і іншым светам, кіраваным бязлітасным гвалтам», — адзанчае Ціханоўская.

«Цяпер на карту пастаўлены лёс як Беларусі, так і Украіны. Беларусь не можа быць свабоднай без свабоднай Украіны і наадварот. Дэмантаж дыктатуры ў Беларусі дапаможа Украіне выйграць вайну. І для Крамля не можа быць больш моцнага пакарання, чым бачыць, што Расія мяжуе з дэмакратычнай Беларуссю», — адзначае яна.

Ціханоўская падкрэслівае, што Еўропа будзе больш бяспечная, калі Беларусь будзе вольная.

«Я заклікаю заходніх лідараў вучыцца на сваіх мінулых памылках. Я разумею, чаму яны праяўляюць асцярожнасць, калі сутыкаюцца з Лукашэнкам і Пуціным: ніхто не хоча біцца з хуліганам. Гэта рацыянальны падыход. Але з дыктатарамі гэта не працуе. Я настойліва заклікаю вас перастаць прызнаваць рэжым у Мінску. Сачыце за выкананнем санкцый, перакрывайце шчыліны. Беларусь не павінна стаць гіганцкай шчылінай, праз якую расійскі бізнес зможа абыходзіць заходнія санкцыі. Зрабіць так, каб Лукашэнка не змог пазбегнуць адказнасці за ўжо здзейсненыя ім злачынствы», — заклікае яна.

«Дыктатараў нельга перавыхаваць. Але я спадзяюся, што дэмакратычны свет зможа навучыцца дзейнічаць хутка і ўсведамляць, калі на карту пастаўлена яго будучыня і яго бяспека. Я перакананая, што дыктатары не вытрымаюць адзінага дэмакратычнага адказу і беспарадкаў дома. Яны выбралі не той бок гісторыі», — піша Ціханоўская.