Кампанія «Права выбару» заяўляе пра беспрэцэдэнтны ціск на незалежных назіральнікаў

Заява кампаніі назірання «Права выбару» з нагоды затрыманняў і арыштаў незалежных назіральнікаў з'явілася 9 жніўня, у нядзелю.

download_111.jpg

Размяшчаем для нашых чытачоў тэкст заявы:
«Прэзідэнцкая выбарчая кампанія-2020 праходзіць у жорсткіх і напружаных умовах: сотні жыхароў Беларусі, якія праяўляюць грамадска-палітычную актыўнасць, трапілі пад прэсінг уладаў, па надуманых падставах іх затрымліваюць і арыштоўваюць. Не сталі выключэннем у такой сітуацыі і незалежныя назіральнікі.
Замест адкрытага і галоснага, сумленнага і праўдзівага падліку галасоў за ўсіх кандыдатаў Цэнтрвыбаркам прыняў працэдуру, якая дазваляе маніпуліраваць волевыяўленнем народу Беларусі. Улады перайшлі да тактыкі адкрытага змагання з незалежнымі назіральнікамі, людзьмі, якія маюць адну мэту: фіксацыя яўкі і кантроль за працэдурай галасавання.
Вынікам гэтага сталі шматлікія затрыманні, суды, арышты над незалежнымі назіральнікамі. Кампанія «Права выбару» заяўляе пра беспрэцэндэнтны ціск на іх і патрабуе ад уладаў:
- забяспечыць грамадзянам Беларусі магчымасць назіраць за працэсам у асноўны дзень галасавання.
- адмовіцца ад практыкі адвольнага пакарання незалежных назіральнікаў па скаргах прадстаўнікоў выбаркамаў ці іншых назіральнікаў
- забяспечыць празрысты і дэмакратычны падлік галасоў і зняць абмежаванні на доступ да яго.
Мы лічым, што ў такіх складаных умовах назіральнікі, якія кожны дзень прыходзяць да сваіх участкаў, каб зафіксаваць умовы, у якіх праходзяць выбары, сапраўдныя героі гэтай выбарчай кампаніі.
Мы заклікаем грамадзян Беларусі да салідарнасці. Далучайцеся да назірання, дапамагайце назіральнікам у выпадку патрэбы. У нас усіх адна мэта – свабодныя выбары і дэмакратычная Беларусь».
Паводле прэс-рэліза