«Лукашэнку ў Маскве давялі, што неабходна пашырэнне ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны»

«Нечаканы выклік Лукашэнкі на дыван у Крэмль і наступныя яго публічныя каментары даюць падставы да многіх высноў і разважанняў», — лічыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Фота rada.vision

Фота rada.vision

«Лукашэнка быў запрошаны на пасяджэнне Савета бяспекі Расійскай Федэрацыі — органа, які прызначаны для абмеркавання і прыняцця самых важных стратэгічных рашэнняў у любой дзяржаве. Пра што гэта сведчыць?» — задаецца Латушка пытаннем у відэа на сваім ютуб-канале.

З аднаго боку, паводле слоў апазіцыйнага палітыка, Лукашэнку «даюць вельмі выразны меседж, што Беларусь у яго асобе разглядаецца як частка расійскай імпэрыі». «І гэта, — дадае кіраўнік НАУ, — яшчэ раз сведчыць аб адсутнасці самастойнасці Лукашэнкі, падпарадкаванасці яго Крамлю і няздольнасці праводзіць суверэнную знешнюю і ваенную палітыку. Ці, прынамсі, абмежаванай здольнасці праводзіць яе самастойна».

З іншага боку, мяркуе Латушка, удзел Лукашэнкі ў пасяджэнні Савета бяспекі Расіі быў «накіраваны на тое, каб даць яму выразны меседж аб неабходных дзеяннях з боку Беларусі ў далейшай падтрымцы і пашырэнні ўдзелу краіны ў агрэсіі супраць Украіны».

«Наступныя публічныя каментары і заявы Лукашэнкі хутчэй сведчаць пра тое, што разумення ў Савеце бяспекі Расіі ён не атрымаў, і сутыкнуўся з пазіцыяй досыць выразнай і адназначнай: Беларусь павінна больш глыбока пагрузіцца ў супрацьстаянне з Украінай, і ў вырашальны момант тэрыторыя Беларусі павінна быць паўторна прадстаўленая для агрэсіі як у дачыненні да Украіны, так і, магчыма, дэстабілізацыі сітуацыі на межах з дзяржавамі-членамі Еўрапейскага саюза», — кажа Латушка.


Глядзіце таксама

Што з'яўляецца пацвярджэннем дадзенай высновы?

На думку палітыка, «перш за ўсё Лукашэнка, як і неаднаразова раней, выкарыстоўвае публічныя інструменты супрацьпастаўлення, спрабуючы супрацьстаяць тым даручэнням, якія даюцца яму ў Крамлі». «У публічных заявах Лукашэнкі для СМІ Расіі прагучаў тэзіс аб тым, што Расіі патрэбная менавіта такая Беларусь, якая ўжо з'яўляецца агрэсарам у вайне, але далей не выкарыстоўваецца ў наўпроставых вайсковых мэтах. Пры гэтым Лукашэнка не захацеў апускацца ў пытанне таго, у чым сёння знаходзіцца падтрымка з боку Беларусі Расіі», — адзначае кіраўнік НАУ.

«Галоўны довад, які прыводзіць Лукашэнка ў абмеркаваннях з Крамлём, — немэтазгоднасць паўторнага выкарыстання тэрыторыі Беларусі для агрэсіі супраць Украіны — з'яўляецца наяўнасць працяглых межаў як з Украінай, так і з краінамі-членамі НАТО», — падкрэслівае Латушка.


Глядзіце таксама

Але ў Крамлі, як ён сцвярджае, «разумеюць і аддаюць сабе поўную справаздачу ў тым, што ніводная з краін НАТО не плануе і не ажыццявіць агрэсію ў дачыненні да Беларусі, што абсалютна дэзавуе словы Лукашэнкі пра важнасць абароны заходніх межаў для недапушчэння «ўдару ў спіну» вядучай вайну Расіі».

«У кантэксце Украіны дыктатар згадвае наяўнасць дастаткова сур'ёзнай сістэмы абароны на мяжы Беларусі, створанай Украінай, размяшчэнне там узброеных падраздзяленняў Украіны, мініраванне тэрыторый, пабудаваных абарончых збудаванняў. І гэта таксама супярэчыць довадам Лукашэнкі аб знешніх пагрозах, а таксама пацвярджае, што Украіна не плануе якіх-небудзь агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да Беларусі. І гэты тэзіс не патрабуе дадатковых доказаў у сувязі з тым, што Украіна ажыццяўляе вызваленне сваіх тэрыторый», — падсумаваў Павел Латушка.