«Дзядкі ўключылі фантан міралюбнасці ў якасці манеўру, каб ніхто не адцягваў увагу ў непатрэбны бок»

ТГ-канал «Лісты да дачкі» адрэагаваў на раптоўную паездку Лукашэнкі да Пуціна, адзначыўшы падазроную павышаную міралюбнасць дыктатара.

2023_05_10115212am_pizi0.jpg.jpeg

Хтосьці ездзіў да Пуціна і адтуль два дні запар іскрыў міралюбнасцю. Так іскрыў, што шматкі ляцелі ва ўсе бакі. Сказаў, што Украіне трэба тэрмінова згаджацца на перамовы. Вельмі-вельмі тэрмінова. Вось літаральна проста заўтра. Але не пазней, чым сёння. А лепш наогул учора.

А інакш будзе позна. Таму што калі не дамовіцца заўтра, то потым няма каму будзе дамаўляцца. А цяпер ёсць каму. І яны з Пуціным усімі сваімі арганізмамі гатовыя да мірнага працэсу. Яны з Пуціным наогул задумалі ўсю гэтую вайну выключна дзеля мірнага працэсу.

І ведаеце, што мне цікава? Мне цікава, чаму я не веру аніводнаму слову. Дзіўна, праўда? Гэта значыць літаральна вось наогул аніводнаму. Усё-ткі калі чалавек вельмі шмат хлусіць, то часам ён можа сказаць праўду. У рамках трохпрацэнтнай статыстычнай хібнасці.

Так, я хачу сказаць, што ў кагосьці атрымалася падмануць статыстыку. Паводле маіх адчуванняў, ён за гэтыя два дні не сказаў праўду наогул ні разу. І гэта, вядома, дзіўнае дасягненне. Але хтосьці змог і нават крышачку перасягнуў сябе.


Глядзіце таксама

Вось мне здаецца, што дзядкі ўключылі гэты іскрысты фантан міралюбнасці выключна ў якасці адцягваючага манеўру. Каб усе глядзелі на фантан і не адцягвалі ўвагу ў непатрэбны бок. Не задавалі сабе няёмкіх пытанняў пра тое, навошта хтосьці наогул раптам сарваўся і паляцеў да свайго адзінага саюзніка. Навошта-навошта? Дзеля мірнага працэсу.

Хоць мірны працэс — гэта апошняе чаго дзядкі хочуць. Ну, гэта значыць, супраць самога мірнага працэсу яны, можа, нічога і не маюць. У якасці адцягваючага манеўру. Ім проста мірны вынік не патрэбны. Што яны будуць рабіць з гэтым мірным вынікам?

І я нават не кажу цяпер пра Пуціна. З Пуціным усё даўно зразумела. Але ў сяго-таго яго эканамічны росквіт яшчэ пакуль трошкі квітнее толькі дзеля расійскай вайсковай замовы. А калі ў яго будзе мірны вынік і не будзе расійскай вайсковай замовы, то куды яму далей квітнець? Не адказвайце. Гэта было рытарычнае пытанне. Няма куды.

Прытым, калі саюзнікі іскрацца сваімі мірнымі ініцыятывамі, то яны ж літаральна нічым не рызыкуюць. Таму што яны ведаюць, што ўсе ведаюць, што ім не трэба ніякага мірнага выніку. Таму можна фантанаваць мірнымі ідэямі літаральна ў любы бок. А ў якасці дадаткова бонуса ад свайго адцягваючага манеўру яшчэ можна расказаць у сябе ў тэлевізары пра сваю міралюбнасць.


Глядзіце таксама

Але, вядома, не дзеля свайго тэлевізара саюзнікі выконвалі свой манеўр. У сябе ў тэлевізары яны могуць адлюстраваць усё, што захочуць, у любы зручны для сябе час, не прыкладаючы дзеля гэтага ніякіх дадатковых намаганняў. Ну, гэта значыць, дзеля тэлевізара дакладна не варта было адцягваць пажылога чалавека ад касмічнага трыумфу і ганяць у Маскву.

А дзеля чаго варта было, я вам, вядома, цяпер не скажу. Але, ведаючы саюзнікаў, практычна ўпэўнены, што дакладна не дзеля міру ва ўсім свеце.