На выбарчых участках у Беларусі калапс і неверагодныя рэчы

Беларусы, якія знаходзяцца на ўчастках, паведамляюць аб масавых інцыдэнтах.

Чарга выбаршчыкаў на адным з участкаў Мінска

Чарга выбаршчыкаў на адным з участкаў Мінска

9 жніўня, нядзеля, у Беларусі адбываюцца выбары Прэзідэнта. Гэта асноўня дзень галасавання, якому папярэднічалі пяць дзён датэрміновага галасавання.
У нядзелю на ўчастках утварыліся вялікія чэргі. У сярэдзіне дня людзі сталі паведамляць аб тым, што выбаршчыкаў наўмысна не прапускаюць на ўчасткі. Наш чытач паведаміў, што на ўчастку па вуліцы Панчанкі ў Мінску з чаргі на вуліцы бачна, што ў самім памяшканні ўчастка вольна, сябры камісіі нічым не занятыя, але выбаршчыкаў не пускаюць прагаласаваць.
Тэлеграм-канал "Пратэсты ў свеце" паведамляе, што, па сведчаннях выбаршчыкаў, на некаторых участках ужо сканчаюцца бюлетэні. Такая з'ява відавочна звязаная з фальсіфікацыямі ў перыяд датэрміновага галасавання і накручваннем яўкі ш папярэднія дні.
Актывістка «Руха За Свабоду» Вольга Дамаскіна з Наваполацка паведамляла раней, што мясцовыя камісіі збіраліся зачыніць участкі ўжо а 17 гадзіне.
Нашы чытачы, якія замаўлялі галасаванне па месцы жыхарства, паведамілі, што, прагаласаваўшы за Святлану Ціханоўскую, яны ўкінулі бюлетэнь у вынасную скрыню, але потым праз вакно пабачылі, як сябры камісіі дасталі са скрыні гэты бюлетэнь і выкінулі яго ў сметніцу.
Паводле дадзеных ЦВК, яўка на выбарах склала 73,4% на 16:00.