Напад Расіі на Украіну: 5100 выкрадзеных дзяцей, самы абстраляны горад, пагадненне аб экспарце збожжа
Ідзе 149 дзень з пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Звесткі ад штабоў і СБУ, навінавыя стужкі сусветных медыя і тэлеграм-каналаў — сабралі для вас асноўнае, што вядома на гэты час.
У Краматорску завершыліся аварыйна-выратавальныя і пошукавыя працы на разбураным у выніку абстрэлу будынку школы. З-пад завалаў выратавальнікі выцягнулі целы трох мужчын. Расчышчана і разабрана каля 205 тон разбураных элементаў будынка.
***
СБУ затрымала агента вайсковай выведкі РФ, які перадаваў ворагу інфармацыю для абстрэлаў Жытоміршчыны і планаваў паступіць у «расстрэльныя групы» акупантаў. Мужчына даваў свайму расійскаму куратару карты з прывязкай да мясцовасці адносна размяшчэння ваенных аб'ектаў УСУ і прадпрыемстваў-вытворцаў абароннай прадукцыі на тэрыторыі рэгіёну.
Устаноўлена, што здраднікам з'яўляецца жыхар Карасценя, які раней працаваў на адным з стратэгічна важных заводаў.
***Еўрапейскі Саюз у апошні момант пры ўзгадненні сёмага пакета санкцый супраць Расіі раптам прыбраў з яго санкцыі супраць расійскага металургічнага прадпрыемства «ВСМПО-Авісма», які з'яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам тытана і належыць часткова абароннай кампаніі Растэх. Пра гэта паведамляе выданне The Wall Street Journal са спасылкай на інфармаваныя крыніцы.
***Служба бяспекі Украіны ліквідавала ў Кіеве схему крадзяжу ахоўнага рыштунку для абаронцаў Украіны больш чым на 8 млн грн. Пра гэта ў пятніцу, 22 ліпеня паведамілі ў прэс-службах СБУ і офіса генеральнага пракурора Украіны.
Арганізатары здзелкі спрабавалі нелегальна рэалізаваць амаль 2 тыс. пласцін для бронекамізэлек, шлемаў і іншай ваеннай амуніцыі. Акрамя таго, у зламыснікаў канфіскавана 120 тыс. падрыхтаваных да збыту незарэгістраваных патронаў да агнястрэльнай зброі.
«Супрацьпраўную дзейнасць арганізавалі кіраўнік спецыялізаванай сеткі магазінаў па продажы ваеннага рыштунку і дырэктар сталічнай камерцыйнай структуры», — гаворыцца ў паведамленні.
***Германія перадасць Украіне сістэмы СПА IRIS-T да канца лета. Пра гэта распавяла міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербок, піша Deutsche Welle.
«Наша праблема, як і ў многіх еўрапейскіх дзяржаў, заключаецца ў тым, што ў запасах ёсць не ўсё, што трэба Украіне. Мы адправім ва Украіну, напрыклад, IRIS-T-адну з самых сучасных сістэм супрацьпаветранай абароны, якая цяпер знаходзіцца толькі на стадыі вытворчасці і, спадзяюся, будзе гатовая ў канцы лета», — заявіла яна.
***Названы горад Украіны, па якім расіяне выпусцілі больш за ўсё ракет.
Найбольшай колькасці абстрэлаў з боку войскаў Расіі падвергнуўся не Марыупаль, які акупанты бесперапынна бамбілі на працягу трох месяцаў, а горад Ізюм у Харкаўскай вобласці. З пачатку вайны расійскія войскі нанеслі па Ізюму 476 ракетных удараў. Пра гэта ў эфіры нацыянальнага тэлемарафона паведаміў сакратар РНБА Аляксей Данілаў.
Паводле яго звестак, на другім месцы ў спісе найбольш пацярпелых гарадоў ад ракетных абстрэлаў ідзе Марыупаль, а на трэцім — Мікалаеў.
***
Расія выкрала 5100 маленькіх украінцаў.
З пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ў РФ дэпартавана 5100 украінскіх дзяцей, паведаміла дарадца-упаўнаважаная прэзідэнта Украіны ў правах дзіцяці і дзіцячай рэабілітацыі Дар'я Герасімчук у эфіры тэлемарафона.
***
Па ініцыятыве СБУ арыштаваныя дадатковыя актывы Медзведчука і Марчанка, якімі кіравалі з РФ. Рашэннем суда накладзены арышт, у прыватнасці на:
▪ карпаратыўныя правы ТАА з статутным капіталам 38 млн. грн
▪ банкаўскія рахункі на 1,3 млн. грн
▪ два зямельных участка плошчай 3,5 га
▪ памяшканні двух гасцінічных комплексаў плошчай 4,5 і 2,4 тыс. квадратных метраў.
Па даных СБУ, бенефіцыярнымі ўладальнікамі гэтых актываў з'яўляюцца грамадзянін РФ Віктар Медзвядчук і яго жонка Аксана Марчанка.
Адпаведнае рашэнне суда прынята па матэрыялах Службы бяспекі, якая дакументуе і выкрывае схемы легалізацыі ва Украіне расійскіх грошай, накіраваных на фінансаванне антыўкраінскай дзейнасці.
***
Украіна, Турцыя і ААН падпісалі пагадненне аб экспарце збожжа, паведамляюць украінскія СМІ.
Свае подпісы пад дакументам паставілі міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў, міністр абароны Турцыі і генеральны сакратар ААН.
Аналагічны дакумент павінны падпісаць сёння Турцыя, ААН і Расія.
Падпісання прамога пагаднення па збожжы паміж Расіяй і Украінай не будзе.