Пасол ЕС у Беларусі: Спадзяюся, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі ўводзіць не давядзецца
Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі Дзірк Шубель спадзяецца, што санкцыі з-за наяўнасці палітвязняў у дачыненні да Беларусі ўводзіць не давядзецца. Пра гэта ён заявіў, адказваючы на пытанне БелаПАН.
13 ліпеня Шубель узяў удзел у цырымоніі перадачы сродкаў індывідуальнай абароны, закупленых Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя на грошы ЕС, для лекараў Мінскай вобласці.
«Санкцыі — гэта пытанне ўсіх краін Еўрасаюза, мы будзем абмяркоўваць у залежнасці ад сітуацыі. Мы спадзяемся, што нам не будзе неабходнасці гэта рабіць», — сказаў Шубель.
Ён зазначыў, што бакам удалося зрабіць многае на працягу апошніх пяці гадоў. «Мы былі рады, што ў вас пяць гадоў не было палітычных зняволеных. Гэта быў важны крок, мы шмат зрабілі разам, стварылі структуры, якіх раней не было. Мы вялі перамовы з нагоды заключэння дагавора аб партнёрстве і супрацоўніцтве, які ў прынцыпе гатовы. У нас дыялог у многіх сферах. ЕБРР і Еўрапейскі інвестыцыйны банк паспяхова працуюць у вашай краіне», — адзначыў дыпламат.
«Мы гатовыя ісці далей, але ёсць адно вялікае але. Гэта сітуацыя адносна правоў чалавека і дэмакратыі ў вашай краіне, асабліва ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў. Мы ясна патлумачылі, што мы чакаем ад кіраўніцтва краіны», — сказаў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза.
belapan.by