Прадстаўнікі дэмакратычных сіл лічаць, што Лукашэнка не быў абраны прэзідэнтам

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый краіны. На іх думку, гэта так, «бо ў краіне не было свабодных і дэмакратычных выбараў».

adz7_200127_7nycp__1__1_1.jpg


«Іх адсутнасць стала прычынай вулічных пратэстаў, бо народ Беларусі не верыць у перамогу Аляксандра Лукашэнкі. Мы лічым, што адказнасць за падзеі пасля прэзідэнцкіх выбараў ляжыць персанальна на Лукашэнка і персанальна на кожным з чальцоў урада», — гаворыцца ў заяве.

Прадстаўнікі дэмсілаў заклікаюць Лукашэнку «ўстрымацца ад увядзення надзвычайнага становішча і далейшай эскалацыі канфлікту». Адначасова яны заклікаюць праваахоўныя органы «ўстрымацца ад выканання незаконных загадаў, ужывання грубай фізічнай сілы, выкарыстання траўматычнай зброі, збіцця і забойства свайго народу».

Вайскоўцаў яны заклікаюць вярнуцца ў месцы сваёй дыслакацыі, а ўлады ўвогуле — вярнуць свабодны доступ да інтэрнэта, разблакаваць незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, спыніць пераслед журналістаў, грамадска-палітычных актывістаў і звычайных грамадзян.

Таксама ў заяве патрабуецца неадкладнае вызваленне ўсіх затрыманых грамадзян, «спыніць усе крымінальныя справы, звязаныя з удзелам у масавых мерапрыемствах, вызваліць усіх палітвязняў».

«Па нашаму меркаванню, пераможцай прэзідэнцкіх выбараў стала Святлана Ціханоўская, якая атрымала падтрымку абсалютнай большасці беларускага народу. Усведямляючы гэты факт беларускія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб знішчыць юрыдычны доказ бясспрэчнай перамогі Святланы Ціханоўскай, сфальсіфікаваўшы выніковыя пратаколы па большасці выбарчых участкаў», — напісана ў заяве.

«Мы ганарымся беларускім народам, які здолеў пераадолець страх і паказаў, што можа адстойваць свой выбар», — кажуць напрыканцы прадстаўнікі дэмсілаў

Ад БКДП подпіс пад заяваю паставіў Аляксандр Ярашук, Ад БСДП — Ігар Барысаў, ад Руху «За Свабоду» — Юрый Губарэвіч, ад аргкамітэта ПСП — Уладзімір Навасяд, ад АГП — Мікалай Казлоў, ад Партыі БНФ — Рыгор Кастусёў, ад аргкамітэта — БХД Віталь Рымашэўскі.