Пуцін рыхтуе новы наступ на Украіну, вайна можа зацягнуцца на гады

Пуцін падрыхтаваўся да таго, што канфлікт будзе доўжыцца доўгія гады. А наступ можа пачацца да таго, як Кіеў атрымае баявыя танкі з ЗША і Еўропы, піша ВВС.

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_784_logo_1.jpg

Амаль праз год пасля ўварвання, якое павінна было заняць некалькі тыдняў, расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін рыхтуе новы наступ на Украіну, у той жа час настройваючы сваю краіну да канфлікту з ЗША і іх хаўруснікамі, гаворыцца ў артыкуле агенцтва «Bloomberg». Паводле яго ацэнкі, Пуцін падрыхтаваўся да таго, што канфлікт будзе доўжыцца доўгія гады.

Крэмль імкнецца прадэманстраваць, што ягоныя войскі могуць вярнуць сабе ініцыятыву пасля некалькіх месяцаў адступлення, аказваючы ціск на Кіеў і яго саюзнікаў з тым, каб яны пагадзіліся на нейкае перамір'е, якое дазволіць Расіі захаваць кантроль над акупаванай цяпер тэрыторыяй. Так апісалі сітуацыю расійскія афіцыйныя асобы і іх дарадцы ў размовах з агенцтвам.

Нават Пуцін не можа адмаўляць слабыя бакі расійскай арміі, на ўмацаванне якой ён выдаткаваў дзесяцігоддзі. Расійскія войскі страцілі больш за палову першапачатковых заваёў ва Украіне, піша «Bloomberg».

Крыніцы «Bloomberg» распавялі, што пастаянныя няўдачы на фронце многіх у Крамлі прымусілі больш рэалістычна ставіцца да сваіх амбіцый і прызнаць, што нават утрыманне цяперашняй лініі фронту было б дасягненнем.

Аднак Пуцін па-ранейшаму перакананы, што больш буйныя сілы і гатоўнасць Расіі несці страты (якія ўжо цяпер вылічаюцца дзясяткамі тысяч, паводле ацэнак ЗША і Еўропы) дазволяць ёй атрымаць перамогу, нягледзячы на няўдачы.

Аднаўленне наступу можа пачацца ўжо ў лютым-сакавіку, выказалі здагадку крыніцы, блізкія да Крамля. Іх каментарыі адпавядаюць асцярогам Украіны і яе саюзнікаў, што наступ можа пачацца да таго, як Кіеў атрымае баявыя танкі з ЗША і Еўропы.

Рашучасць Пуціна стане прадвеснікам яшчэ адной смяротнай эскалацыі вайны, паколькі Кіеў рыхтуецца да наступу і адхіляе любыя варыянты перамір'я, якія пакінулі б Расіі акупаваныя ёй тэрыторыі. Пуцін мяркуе, што ў яго няма іншай альтэрнатывы, акрамя як перамагчы ў канфлікце, які ён лічыць экзістэнцыяльным.

Новы віток мабілізацыі магчымы ўжо гэтай вясной, лічаць крыніцы «Bloomberg», а эканоміка і грамадства ўсё больш падладжваюцца пад патрэбы вайны.

Амерыканскія і еўрапейскія разведкі задаюцца пытаннем, ці ёсць у Расіі рэсурсы для новага буйнога наступлення, у той час як саюзнікі Украіны ўпершыню рыхтуюцца адправіць баявыя танкі, якія маглі б дапамагчы ўкраінскім войскам прарваць расійскія пазіцыі, гаворыцца ў артыкуле.