Пуцін выключыў з навуковай рады пры Савеце Бяспекі РФ чатырох навукоўцаў, якія былі супраць вайны
Уладзімір Пуцін выключыў чатырох экспертаў з навуковай рады пры Савеце Бяспекі РФ. Усе яны ў пачатку сакавіка выступілі супраць вайны з Украінай.
Гэта
вынікае з прэзідэнцкага ўказа ад 28 сакавіка, паведамляе Медуза.
З навуковай рады выключаны:
- Аляксей Грамыка, дырэктар Інстытута Еўропы Расійскай акадэміі навук;
- Аляксандр Нікіцін, дырэктар Цэнтра еўра-атлантычнай бяспекі МДІМА МЗС РФ;
- Аляксандр Паноў, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута ЗША і Канады Расійскай акадэміі навук;
- Сяргей Рогаў, навуковы кіраўнік Інстытута ЗША і Канады Расійскай акадэміі навук.
Прычыны выключэння навукоўцаў ва ўказе не ўдакладняюцца. У апараце Савета Бяспекі паведамілі журналістам, што гаворка ідзе пра «абнаўленне» навуковай рады, члены якога перыядычна мяняюцца. У прэзідэнцкім указе не сказана, на каго іх замянілі.
У першых днях сакавіка ўсе чацвёра згаданых навукоўцаў разам з калегамі з ЗША і краін Еўропы падпісалі заяву, у якой «выказалі крайнюю заклапочанасць з нагоды найбуйнейшага з часоў Другой сусветнай вайны крызісу на еўрапейскім кантыненце».
Аўтары звароту заклікалі бакі канфлікту спыніць агонь, наладзіць супрацоўніцтва па гуманітарных пытаннях, устрымацца ад ядзернай рыторыкі, а таксама дамовіцца аб дадатковых мерах па прадухіленні ваенных інцыдэнтаў паміж ЗША і NАТО з аднаго боку і Расіяй з другога.
Аляксей Грамыка сказаў RTVI, што не ведае, чаму яго і астатніх экспертаў выключылі з рады пры Савеце Бяспекі, і выказаў здагадку, што ўлады не пачулі іх рэкамендацыі. «Заява ўтрымлівала ў сабе вялікі сэнс у тыя дні з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў нашай краіны», — сказаў ён.