Расійскі наступ пагражае перайсці ў катэгорыю адмоўных велічынь

Перамір'е на два-тры месяцы магло б вырашыць для расійскіх улад многія праблемы, а там, глядзіш — зіма, халады, хваляванні еўрапейцаў...  Але нешта не атрымліваецца з ім. Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў звыклай іранічнай манеры разважае пра перамір’е на Украіне.

vojska_4.jpg

Нездарма расійскія ўлады «заляцаліся» да турэцкага Эрдагана. Нездарма авансам заплацілі за ганаровае права пабудаваць у Турцыі атамную станцыю, нездарма саступілі сардэчнага сябра Асада і нездарма абяцалі аддаць Расію ў якасці сыравінных прыдаткаў. Узамен, акрамя аказання расійскім уладам спецыфічных паслуг, Эрдаган павінен быў, відаць, закінуць слоўца на карысць перамір'я.

І ён не падмануў, што характэрна — сумленны чалавек. Учора тое слоўца і замовіў. Праўда, мяркуючы па тым, што сустрэча з Зяленскім доўжылася 40 хвілін, нельга сказаць, каб моцна пры гэтым настойваў. А так... прасілі перадаць — перадаў. А тое, што Зяленскі не пагадзіўся, — ну, выбачайце. Дамовы ўгаварыць не было.

А перамір'е расійскім уладам цяпер, вядома, спатрэбілася б. За апошнія пару тыдняў расійская аперацыя так добра пайшла па плане, што расійскі наступ пагражае перайсці ў катэгорыю адмоўных велічынь. Вось калі раней наступ так-сяк, але прасоўваўся (хай і з хуткасцю хаця б 10 кіламетраў у месяц), то цяпер гэта хуткасць запаволілася да ўзроўню статыстычнай памылкі.

Наступ замарудзіўся, а зона ваенных інцыдэнтаў перамяшчаецца ва ўсё больш глыбокі тыл. Я не кажу пра Данбас. У вачах расійскага патрыятычнага народа ў Данбаса такі лёс, каб яго бамбілі ў імя расійскай велічы. Але ўжо нават і ў Курскай ды Белгародскай абласцях перасталі лічыць інцыдэнты. У інцыдэнтаў цяпер з'явілася новае поле для дзейнасці — Крым.


Калі снарады перагрэліся ў Навафёдараўцы — гэта магло быць выпадковасцю, калі выбухнулі на базе пад Джанкоем — супадзеннем. Але калі пасля іх пачаліся «хлапкі» яшчэ і пад Севастопалем ды Керчу,  то гэта ўжо становіцца падобным да звычкі.

І перамір'е на два-тры месяцы магло б вырашыць для расійскіх улад многія праблемы. Там, глядзіш, халады прыйдуць. Еўрапейскія абывацелі пачнуць хвалявацца. А з імі могуць пачаць хвалявацца і еўрапейскія ўрады. А як не пачнуць — расійскія ўлады пастараліся б ім у гэтым дапамагчы.

У гэтым цудоўным плане ёсць толькі адна недарэчнасць. Нешта ні Украіна, ні яе заходнія саюзнікі не праяўляюць жадання памірыцца. Вось па той самай прычыне, па якой перамір'е трэба Расіі, яно не трэба ўсім астатнім. І ні абстрэламі мірных гарадоў, ні шантажом атамнай станцыяй не атрымліваецца іх у гэтым пераканаць. Два ўчарашнія інцыдэнты ў Крыме і адзін у Белгародскай вобласці — надзвычай красамоўны адказ на ўсе расійскія дыпламатычныя манеўры.

Нагадаем, учора, 18 жніўня (упершыню з 6 ліпеня), у Расіі не было заяўлена аб тэрытарыяльных дасягненнях яе войска ва Украіне.