Сенатар ЗША заклікаў не аднаўляць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю

У Злучаных Штатах выступілі з прапановай не прызначаць амбасадара ЗША ў Беларусі пасля жорсткага падаўлення акцый пратэсту ў сувязі са спрэчнымі вынікамі выбараў прэзідэнта краіны. Пра гэта напісаў сенатар Крыс Мэрфі ў Twitter.

whiteho.jpg


Ён удакладніў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп хоча аднавіць дыпламатычныя адносіны з Беларуссю. Кандыдатура пасла чакае ўзгаднення Сенатам. Аднак, на думку Мэрфі, зараз гэта было б вялікай памылкай. «Гэта будзе выглядаць як згода з рэпрэсіямі Лукашэнкі. Сенату варта адкласці гэта прызначэнне», – напісаў ён.

Пасол ЗША пакінуў Беларусь у 2008 годзе, неўзабаве пасля таго, як Мінск адклікаў кіраўніка дыппрадстаўніцтва з Вашынгтона. Адкліканне беларускага амбасадара было рэакцыяй на ўвядзенне санкцый супраць дзяржаўнай кампаніі «Белнафтахім». На працягу наступных 12 гадоў пасольствы ЗША і Беларусі узначальвалі часовыя павераныя.

Дамоўленасць аб абмене пасламі паміж ЗША і Беларуссю была дасягнутая ў верасні 2019 года на сустрэчы намесніка дзяржсакратара Злучаных Штатаў Дэвіда Хейла з Лукашэнкам.

На пасаду пасла ў Беларусі Трамп прапанаваў кандыдатуру Джулі Фішэр, якая зараз займае пасаду намесніка памочніка дзяржсакратара па Заходняй Еўропе і ЕС у бюро Дзярждэпартамента па справах Еўропы і Еўразіі.

Паводле Беларускага Партызану