«Слухайце, мы гаспадары ў гэтай краіне». Лукашэнка заклікаў «выдвараць з краіны» журналістаў, якія «заклікаюць да майданаў»

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе 23 ліпеня заклікаў міністра замежных справаў Уладзіміра Макея «выдвараць з краіны» журналістаў, якія нібыта «заклікаюць да масавых беспарадкаў».

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY



— Народ для таго і паставіў нас, каб мы былі гарантам яго бяспекі і спакою. А калі ўдары стануць занадта моцнымі, мы павінны змякчыць іх наступствы. Для гэтага трэба больш людзям тлумачыць, што адбываецца ў краіне, ды і ў свеце, чаму мы прымаем тыя ці іншыя рашэнні, — цытуе  Лукашэнку tut.by.
Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што гаворка ідзе не толькі аб інтэрнэт-выданнях, але і аб друкаванай прэсе.
Ён таксама запатрабаваў у чыноўнікаў выконваць свае абавязкі.
— Слухайце, мы гаспадары ў гэтай краіне. Выконвайце свае абавязкі. Не можаце — скажыце, што вы не можаце. Будуць іншыя гэтым займацца. Ды і ва ўрадзе ў нас, Міністэрстве замежных спраў усе сядзяць, чакаюць каманды. Што гэта за стаўленне да краіны? BBC, "Свабода", "Свабодная Еўропа" і гэтак далей, стрымы гэтыя... я ўжо не кажу пра тэндэнцыю, яны ж заклікаюць да масавых беспарадкаў. Чаму вы гэта церпіце? Вы ж іх акрэдытавалі тут. Не трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі. Выдварайце адсюль, калі яны не выконваюць нашы законы і клічуць людзей на майданы. Паўтараць больш не буду, нягледзячы на тое, што мы ўвайшлі ў гэты складаны электаральны перыяд. Гэта ж не справа — за абразай абраза. Добра мяне там выпацкалі ўздоўж і ўпоперак. Ужо накінуліся на ні ў чым не вінаватых старшыняў участковых камісій. А ў іх жа сем'і, дзеці, — звярнуўся Лукашэнка да кіраўніка МЗС Уладзіміра Макея.