Святлана Ціханоўская ў відэазвароце: «Не дай Бог аказацца перад выбарам, перад якім аказалася я»

11 жніўня кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская апублікавала ў Youtube відэазварот да беларусаў. З раніцы стала вядома, што яна з’ехала ў Літву.

fcb4342c_969e_41c6_93f4_2a4ea285044f_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg


На відэа Ціханоўская выглядае даволі прыгнечанай і ўсхваляванай. Дзе і пры якіх абставінах запісаны відэазварот, невядома.

Тэкст звароту цалкам:

«Вы ведаеце, я думала, што ўся гэтая кампанія мяне вельмі моцна загартавала і надала мне столькі сіл, што я вытрымаю ўсё.

Але, напэўна, я так і засталася той слабой жанчынай, якой была першапачаткова. Я прыняла вельмі цяжкае для сябе рашэнне. Гэта рашэнне я прыняла абсалютна самастойна: ні сябры, ні родныя, ні штаб, ні Сяргей ніякім чынам на яго проста не маглі паўплываць. І я ведаю, што многія мяне зразумеюць, многія мяне асудзяць, а многія і зненавідзяць. Але, ведаеце, не дай бог апынуцца перад такім выбарам, перад якім апынулася я.

Таму, людзі, беражыце сябе, калі ласка — ніводнае жыццё не варта таго, што цяпер адбываецца. Дзеці — гэта самае важнае, што ёсць у нашым жыцці», — гаворыць Ціханоўская.

Нагадаем, раней з’явілася інфармацыя, што Ціханоўскую за межы краіны вывезлі ўлады — разам з кіраўніцай яе перадвыбарчага штабу Вікторыяй Мароз. Мароз, дарэчы, для гэтага спецыяльна вызвалілі з турмы.

Давераная асоба Ціханоўскай Вольга Кавалькова пацвердзіла, што, на яе думку, «Святлана прыняла рашэнне выехаць з краіны пад ціскам беларускіх уладаў». Ціханоўская 10 жніўня адносіла ў ЦВК заяву на непрызнанне вынікаў выбараў, і затрымалася там працяглы час. «Да яе паходу ў ЦВК ні пра які ад’езд не ішло гаворкі», — падкрэсліла Кавалькова.

Аднак, па словах Кавальковай, вымушаны ад'езд Ціханоўскай не адмяняе яе перамогі на прэзідэнцкіх выбарах.