Шэсць чалавек загінулі ў выніку абстрэлу ва Украіне. Расія рыхтуецца наступаць

Шэсць чалавек загінулі ў выніку абстрэлу горада Тарэцка, што на ўсходзе Украіны. Расія рыхтуецца да чарговага «вялікага наступу», паведамляе «Бі-бі-сі».

Ратавальнікі шукаюць людзей пад заваламі пасля абстрэлу

Ратавальнікі шукаюць людзей пад заваламі пасля абстрэлу


Сёння раніцай ракета прыляцела ў двухпавярховы жылы дом у Тарэцку Данецкай вобласці. Расійцы абстрэльвалі школу, у якой былі нібыта «размешчаны падраздзяленні ўкраінскіх узброеных фарміраванняў, склады боепрыпасаў і бронетэхніка, пры гэтым у спартзале пад выглядам нібыта забеспячэння бяспекі ўтрымліваюцца жыхары бліжэйшых дамоў». У выніку ўдару пяць целаў былі знойдзеныя пад абломкамі дома, яшчэ адзін чалавек памёр у бальніцы.
Украінскія вайскоўцы заявілі, што Расія, відаць, перагрупоўваецца для наступу на Славянск. Горад быў захоплены ў 2014 годзе прарасійскімі сепаратыстамі, якія ўтрымлівалі яго амаль тры месяцы. Цяпер яму зноў трэба будзе стаць полем бітвы, піша «Бі-бі-сі».
У апошнія тыдні ЗША паставілі Украіне ракеты вялікай далёкасці, у тым ліку высокадакладныя кіруемыя высокамабільныя артылерыйскія ракетныя сістэмы («Himars»), якія, як кажуць у Кіеве, пачынаюць прыносіць карысць на полі бою. «Himars» нашмат дакладней, чым аналагічныя расійскія сістэмы, і ёй прыпісваюць серыю нядаўніх нападаў углыб тэрыторыі, кантралюемай Расіяй.
Сёння Галоўнакамандуючы УСУ Валер Залужны заявіў, што Украіне ўдалося стабілізаваць сітуацыю на фронце — і не ў апошнюю чаргу дзякуючы амерыканскім ракетным сістэмам.
«Нам удалося стабілізаваць сітуацыю. Яна складаная, напружаная, але цалкам кантралюемая. Важным фактарам, які садзейнічаў утрыманню намі абаронных рубяжоў і пазіцый, з'яўляецца своечасовае прыбыццё М142 HIMARS, што наносяць прыцэльныя ўдары па варожых пунктах кіравання, складах захоўвання боепрыпасаў і паліва», — заявіў Залужны ў размове з амерыканскім генералам Маркам Мілі.
Баі працягваюцца на Харкаўскім, Данецкім, Аўдзееўскім кірунках і пад Славянскам.