«The Insider»: вырашаць лёс украінцаў на захопленых тэрыторыях будуць ЦВК Расіі і Беларусі

У распараджэнні рэдакцыі выдання «The Insider» аказаліся дакументы, у якіх змяшчаецца план рэферэндуму на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны. Мяркуецца, што дапаможа яго ажыццявіць беларускі ЦВК.

referendum_6.jpg


Расійскія ўлады плануюць анэксаваць акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі — не толькі так званыя «ЛНР» і «ДНР», але і раёны, захопленыя пасля 24 лютага. «Рэферэндум» аб далучэнні плануецца правесці ўжо ў верасні, і нават яго вынік ужо абмаляваны: галасоў «За» павінна быць абсалютная большасць ад колькасці выбаршчыкаў у Данецкай і Луганскай абласцях.
Дзяржаўныя сацапытанні павінны «падрыхтаваць глебу» для анэксіі, а для самога рэферэндуму плануюць скарыстаць нават аўтобусы і палаткі — у якасці ўчасткаў для галасавання.
Ва ўмовах вайны і пры адсутнасці падтрымкі сярод украінцаў выбарчыя камісіі будуць фарміраваць з запрошаных «гасцей»:
«Для гэтага акупаваныя тэрыторыі падзялілі на ўчасткі і размеркавалі іх паміж расійскімі рэгіёнамі. Скажам, Буратыя возьме пад кантроль Старабешаўскі раён Данецкай вобласці, Чалябінская вобласць будзе адказваць за Ясінаватую, Масква — за Данецк, Пецярбург — за Марыупаль. Пры гэтым расійскі ЦВК дэлегуе кіраўнікоў рэгіянальных выбарчых камісій, якія стануць кіраўнікамі ТВК украінскай тэрыторыі», — піша «The Insider».
Галоўны вынік, паводле інфармацыі выдання, мусяць прынесці бежанцы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расіі і Беларусі. Такім чынам, у расійскім рэферэндуме па анэксіі акупаваных тэрыторый Украіны плануецца ўдзел беларускага ЦВК.
Пакуль толькі застаецца невядомым, ці будзе прэтэндаваць Расія на тэрыторыі Херсонскай і Запарожскай абласцей.