У Беларусь прыбыў яшчэ адзін расійскі эшалон. Што за тэхніка і чаму яе вязуць да нас?
Апошнім часам узмоцнілася перакідка тэхнікі і жывой сілы з Расіі ў Беларусь. Для чаго гэта робіцца, расказалі ўкраінскія вайскоўцы.
У Беларусь з канца снежня працягваюць прыбываць эшэлоны з вайсковай тэхнікай і расійскімі салдатамі. 6 студзеня Мінабароны паведаміла пра чарговых такіх «гасцей» — усяго каля 700 вайскоўцаў і не менш за 50 адзінак тэхнікі. На многіх грузавіках ёсць сімвал «Z».
Сёння стала вядома пра яшчэ адзін эшэлон. Каля 30 вагонаў-платформ з тэхнікай (не менш за 8 грузавікоў «КамАЗ», мінімум 6 цягачоў МТ-ЛБ і не менш за 2 артылерыйскія машыны 1В15), 2 грузавыя вагоны з боепрыпасамі/рыштункам і 2 пасажырскія вагоны з асабістым складам — каля 100 чалавек, якія прыбылі ў нашу краіну ўчора днём.
Як патлумачылі Сілы абароны Украіны, частка ўзбраення і вайсковай тэхнікі, якая прыбывае з Расіі ў Беларусь, знятая з працяглага захоўвання, а ў РФ няма дастатковых рэсурсаў для яе раскансервацыі і аднаўлення, таму да рамонту прыцягваюць нашых вайскоўцаў:
«Ваенна-прамысловы комплекс РФ не мае дастатковых магчымасцей для правядзення раскансервацыі УВТ (ўзбраення і вайсковай тэхнікі). Таму праціўнік сцягвае свой металалом на беларускім кірунку.
Паводле даных Генштаба УСУ, значная колькасць ўзбраення і вайсковай тэхнікі, якая прыбывае ў Беларусь з РФ для навучання асабістага складу праціўніка, — знятая з доўгага захоўвання. Для яе аднаўлення патрэбны час, а таксама значныя сілы і сродкі. Вядома, што да работ па аднаўленні вайсковай тэхнікі, якая прыбыла з РФ, прыцягваюцца беларускія вайскоўцы», — заявіў генерал-лейтэнант Аляксандр Паўлюк.
Таксама ён адзначыў, што верагоднасць паўторнага нападу з боку Беларусі застаецца нізкай:
«Мы ведаем, дзе вораг размяшчае асабісты склад і тэхніку. Мы гатовыя да розных сцэнараў, але пагроза ўварвання з боку Беларусі на сённяшні дзень застаецца малаверагоднай».