Украіна будзе ваяваць з Расіяй да перамогі, бо «варвара можна спыніць толькі сілай»

Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што любыя дамоўленасці з Расіяй нічога не вартыя.

dabro_zlo.jpg

Украіна будзе ваяваць з Расіяй да пераможнага фіналу. Зыход гэтай вайны вызначыць будучыню Еўропы — свабода ці расійскія лагеры. Пра гэта заявіў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк.

Ён пракаментаваў заяву кіраўніка перамоўнай групы РФ Уладзіміра Мядзінскага.

«Мядзінскі нечакана агучыў новую мэту "ваеннай аперацыі": "Выратаваць родную нам Украіну і захаваць яе для будучыні нашых (рускіх) дзяцей". Што ў перакладзе на рускую мову, якой, дарэчы, дрэнна валодаюць у Расіі, азначае: "Мы хочам забіць украінскіх дзяцей, захапіць іх гарады і такім чынам вызваліць тэрыторыю для нашых (расійскіх) дзяцей". Адкрыта, цынічна і са ўсёй шчырасцю. Часам у некаторых нашых партнёраў праскоквае пытанне: ці не варта паспрабаваць дамовіцца з Расіяй за сталом перамоваў? У аснове гэтай прапановы ляжыць гіпотэза, што тут — як у бізнес-канфліктах: можна дамовіцца аб кампрамісах, урэгуляваць спрэчку і вярнуцца да ранейшага жыцця. Скажу прама: гэта катастрафічны падман, які вынікае з няправільнага разумення прыроды гэтай вайны і яе сапраўдных матываў. Што вядзе да жудасных наступстваў для ўсяго свету», — адзначыў ён.

Па словах Падаляка, любыя дамоўленасці з Расіяй нічога не вартыя.

«Хіба можна дамаўляцца з краінай, якая заўсёды цынічна па-прапагандысцку хлусіць? Любыя тлумачэнні РФ — толькі гульня слоў. У рэальнасці Расія развязала класічную захопніцкую вайну ў духу сярэднявечча: малаадукаваны, але абвешаны крылатымі ракетамі агрэсар вырашыў захапіць значна больш сучасную і менш узброеную краіну, знішчыць яе народ, вярнуць на тэрыторыі разруху, бруд і натоўпы п'яных бамжоў, а таксама прысвоіць сабе чужую маёмасць. Такая прырода расійскай імперскай дзяржавы — краіны-гопніка: яна не стварае новыя каштоўнасці (культурныя, навуковыя або тэхналагічныя), але ўпарта разбурае чужыя. Гэтая вайна не пра тое, у якіх межах будзе дзяржава Украіна. (Адразу скажу: толькі ў міжнародна прызнаных і без крымінальных наростаў). Гэтая вайна пра тое, па якой траекторыі будзе развівацца ўвесь свет», — заявіў дарадца Зяленскага.

Як адзначыў Падаляк, «сёння мы маглі б казаць аб цывілізацыйным прагрэсе. Але з расійскага сярэднявечнага лагера з вертухаямі зноў выпаўз людаед з вачыма, у якіх — пустата і нянавісць».

«І таму мы зараз гаворым аб абстрэлах мірных гарадоў, масавых згвалтаваннях жанчын, трохгадовых дзецях, якія галадаюць у падвалах, і аб крадзяжы збожжа. Часы Залатой Арды вярнуліся? Масковія паказала свой сапраўдны твар, які вар'яцкі любіць Салаўкі, Галоўнае ўпраўленне лагераў, катаванні, "расстрэльныя тройкі" і абавязковыя гвалтоўныя дэпартацыі цэлых народаў?» — напісаў ён.

Дарадца кіраўніка АП падкрэсліў, што Украіна будзе ваяваць з Расіяй да пераможнага фіналу.

«У нас няма іншых варыянтаў. І калі Захад зноў здрыганецца, у чарговы раз вырашыць агаліць свой глыбінны страх перад рускім манструозным светам, — Еўропу, увесь свет чакае новы крывавы перадзел межаў, хаос, хвалі бежанцаў, голад, новыя правілы бяспекі, калі чалавечая цывілізацыя вымушана плаціць даніну гопніку з ядзерным чамаданчыкам. Расія зробіць бяднейшым кожнага жыхара Еўропы, справакуе цяжкі голад у Азіі і Афрыцы і ініцыюе новыя тэрытарыяльныя канфлікты. Дзясяткі, сотні крымінальных анклаваў, дзе стодоларавыя злодзеі і бандыты будуць нацягваць на сябе адзенне "прэм'ераў" і "міністраў"», — заявіў ён.

Па словах Падаляка, Расія даказала, што з'яўляецца краінай-варварам, што пагражае сусветнай бяспецы.

«А варвара можна спыніць толькі сілай. І толькі разам. І зрабіць гэта мы павінны дзеля нашых дзяцей. Такіх адкрытых, чыстых, прагрэсіўных. Інакш... свет чакаюць вельмі цёмныя часы», — падсумаваў дарадца кіраўніка ОП.