Украінскі эксперт: Нас з беларускім народам чакае дарога ў тысячу крокаў
Украінскі палітолаг Яўген Магда — пра вынікі года поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну.
— Калі мы гаворым пра год пасля шырокамаштабнага расійскага
ўварвання, перш за ўсё, трэба пачынаць з таго, што вайна Расіі супраць Украіны
пачалася ў 2014 годзе — з акупацыі Крыма і часткі Данбаса. Тады гэта прызнавалі
нават не ўсе грамадзяне Украіны, — адзначае ў інтэрв'ю «Филину» дырэктар
Украінскага інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда. — Сёння агрэсіўныя намеры
Расіі бачыць увесь свет, і тое, што было ў Бучы, Марыупалі, Ізюме і ў іншых
населеных пунктах Украіны, таксама ўбачыў увесь свет.
То бок гэта адзін з вынікаў першага года шырокамаштабнай
вайны, што Расія апынулася фанерна-кардоннай на самай справе, што міф аб яе
сіле і ўплыве вельмі слабы і аказаўся тым, што міфалогія, створаная расійскай
прапагандай, разбіваецца аб упартасць украінскіх вайскоўцаў, аб дапамогу
ўкраінскіх валанцёраў і аб разуменне пераважнай большасці ўкраінскіх грамадзян
таго, што іншай Украіны ў нас няма.
І тое, як гэты год Украіна адваявала, сведчыць аб тым, што ў
папярэднія гады былі прынятыя правільныя рашэнні: будаваць войска, развіваць
нацыянал-дэмакратычнае выхаванне, умацоўваць пазіцыі ўкраінскай мовы. Усё гэта
было правільна, і ўсё гэта было неабходна.
Самая вялікая няўдача — гэта нават не тое, што Украіна сёння
не кантралюе каля 20 адсоткаў сваёй тэрыторыі, а тое, што загінулі дзясяткі
тысяч нашых суграмадзян — не толькі вайскоўцаў, але і грамадзянскіх. Мы
канчаткова не ведаем гэтую лічбу і не даведаемся яе раней, чым вайна скончыцца.
Можа, мы даведаемся яе пасля таго, як будуць эксгумаваныя ўсе таемныя магілы.
Але ў любым выпадку вайна наўрад ці скончыцца да таго, як
будзе вызваленая ўся захопленая расійцамі ўкраінская тэрыторыя.
У грамадстве і палітычным кіраўніцтве ёсць кансенсус па
гэтым пытанні, і ёсць разуменне таго, што палітычны лідар, які будзе казаць «а
давайце памірымся прама цяпер», яму будзе проста складана жыць далей, не кажучы
ўжо пра тое, каб неяк чымсьці кіраваць.
Я думаю, што гэтая вайна навучыла нас таму, што трэба жыць
сёння і планаваць на заўтра, але пры гэтым і памятаць учора. Здавалася б, усё
гэта вельмі проста, але далёка не ўсім гэта зразумела. Вайна навучыла грамадзян
Украіны таму, што ў нас ёсць свая дзяржава, і гэта дзяржава сапраўды для
мільёнаў людзей каштоўная.
Еўропа атрымала самы вялікі пасля Другой сусветнай вайны
міграцыйны крызіс, але ў гэтым, на жаль, няма нічога дзіўнага, таму што і вайна
самая вялікая пасля Другой сусветнай і самая вялікая ў 21-м стагоддзі.
Расія паказала, што яна варварская краіна, і гэта насамрэч
цяжкі ўрок. Як хутка будзе заканчвацца вайна, як хутка будзе аднаўляцца Украіна
— гэтыя пытанні сёння на парадку дня. На іх пакуль, я думаю, ніхто не мае
адказу, таму будзем працаваць — будзем жыць.
Што тычыцца беларуска-ўкраінскіх адносін, мне не падабаецца
іх дынаміка. Я мяркую, што яны знаходзяцца каля кропкі замярзання, і ў гэтым
ёсць відавочная асноўная віна Лукашэнкі, які стаў саўдзельнікам расійскіх
ваенных злачынстваў. Але ёсць і фактар таго, што ўкраінская ўлада не сфармавала
стратэгію па адносінах да беларускіх дэмакратычных сіл у цэлым.
Думаю, што не толькі я, але і многія ўкраінцы вельмі
ўдзячныя беларусам, якія ваююць за Украіну са зброяй у руках, і мы будзем
памятаць пра тых з іх, хто загінуў смерцю храбрых у баях з расійскімі
захопнікамі. Хто б мог падумаць, што будзе менавіта так.
Але я хачу паўтарыць пра тое, што нас з беларускім народам
чакае дарога ў тысячу крокаў, і пакуль, на жаль, мы гэтую адлегласць павялічылі
да 1084 км як мінімум — да афіцыйнай даўжыні беларуска-ўкраінскай мяжы. Гэта
азначае, што нам ёсць над чым працаваць, нам ёсць каго пераконваць і нам ёсць
пра што знаходзіць агульную мову, разумеючы, што мы не браты расіянам (гэта ўжо
ўсе ўкраінцы, па-мойму, зразумелі), і разумець, што мы не браты і беларусам, а
суседзі, з якімі трэба выбудоўваць добрасуседскія адносіны.
Ёсць яшчэ адзін момант, які мне падаецца вельмі важным. Гэта
тое, што ўкраінскія вайскоўцы, у якіх была школа вайны з 2014 года, паказалі клас
вайны. Напрыклад, знішчаны крэйсер «Масква», ажыццёўлена бліскучая Харкаўская наступальная аперацыя.
Былі, вядома, і няўдачы: і страчаная ў першыя дні вайны
Херсоншчына, і страчаны Марыупаль. Гэта балючыя ўдары па Украіне.
Але самае страшнае, як я ўжо казаў, гэта гібель вельмі
вялікай колькасці людзей. І гэтыя ваенныя злачынствы, учыненыя Расіяй, я думаю, ва Украіне ніхто ніколі не забудзе і ўжо дакладна нам не прыйдзецца казаць аб
добрасуседстве.
Але сёння нам трэба гаварыць аб фармаце перамогі над Расіяй,
і я думаю, што гэта не толькі аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, але
і барацьба за распад Расійскай Федэрацыі як такой.
У цяперашнім выглядзе яна можа быць выключна пагрозлівым фактарам для сваіх суседзяў, і гэта сур'ёзны выклік, якому трэба процідзейнічаць, якому неабходна супрацьстаяць. Гэта як нарыў, які неабходна разрэзаць і выціснуць адтуль увесь гной — гной імперскага мыслення.