Вадзім Мажэйка: Калі чакаць жорсткіх дзеянняў Кіева ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі?

Якімі могуць быць адносіны Беларусі і Украіны пасля вайны? І чаму Лукашэнка ўсё яшчэ спрабуе звяртацца наўпрост да ўкраінскага народа?

vadzim_mazejka.jpg

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Вадзім Мажэйка ў каментарыі UDF адзначыў, што сёння ні ў Лукашэнкі, ні ў Зяленскага не засталося ілюзій адносна адзін аднаго.

«Калі ўкраінскія палітыкі могуць дазволіць сабе значна больш радыкальную рыторыку (што паказала гісторыя з дэпутатам Вярхоўнай Рады), то афіцыйны Кіеў не спяшаецца разрываць з Беларуссю, напрыклад, дыпламатычныя адносіны. Нават у сітуацыі вайны Зяленскі і іншыя афіцыйныя асобы імкнуцца не злаваць Лукашэнку (у сваім разуменні), каб не правакаваць яго на паглыбленне канфлікту», — адзначыў Вадзім Мажэйка.

На думку аналітыка, адносіны дзвюх краін будуць моцна залежаць ад вынікаў вайны Украіны з Расіяй.


«Калі пасля заканчэння вайны Украіна будзе адчуваць сябе дастаткова моцнай (перш за ўсё, у ваенных адносінах) і здольнай праводзіць ва Усходняй Еўропе тую палітыку, якую яна палічыць патрэбнай, то можна чакаць даволі жорсткіх дзеянняў Кіева ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Але калі заканчэнне вайны абернецца цяжкім становішчам Украіны, яна акажацца ўразлівай, і цалкам можна дапусціць, што ўкраінскія ўлады працягнуць цяперашнюю лінію. Гэта значыць, будуць імкнуцца не злаваць і не правакаваць Лукашэнку, а можа быць, нават будуць паводзіць сябе як нічога і не было, адновяць гандаль нафтапрадуктамі і іншымі таварамі», — мяркуе Мажэйка.

Каму і з якой мэтай могуць быць адрасаваны словы Лукашэнкі, што ўкраінцы — «ніякія не нацыкі»?

«Пасля 2020 года Лукашэнка падзяляе ўладу недружалюбных краін і грамадства. Да другога ён спрабуе звяртацца наўпрост. Прычым робіць гэта не толькі ў такіх выпадках, як з Украінай, дзе ў яго ёсць пазнавальнасць і яго словы хтосьці можа ўспрыняць, а нават у тых, калі ў яго няма шанцаў быць пачутым. Так Лукашэнка віншаваў з Днём незалежнасці ЗША амерыканскі народ», — адзначыў Мажэйка.



Рэжым Лукашэнкі, які прадаставіў інфраструктуру для расійскай арміі, прызнаны заходнімі краінамі суагрэсарам у вайне супраць Украіны. На думку Мажэйкі, з-за негатыўнага ўплыву санкцый, што толькі расце, беларускі кіраўнік спрабуе крыху загладзіць гэта ўражанне, «як бы наіўна гэта не выглядала».

«Верагодна, унутры сябе Лукашэнка лічыць, што ён не тое каб ужо зусім не вінаваты, але, па меншай меры, не такі вінаваты ў вайне, як Пуцін. Ён спрабуе растлумачыць, што яго вымусілі стаць суагрэсарам, што ў яго не было выбару, аднак апускае той факт, што ён сам сябе загнаў у кут пасля падзей 2020 года. Лукашэнка нібы дае зразумець: калі раней яго каралі санкцыямі за тое, што было ў ягонай уладзе (напрыклад, за палітвязняў), то цяпер караюць за тое, на што ён не можа паўплываць. Аднак такі зварот кіраўніка Беларусі нельга лічыць эфектыўнай рыторыкай, гэта хутчэй эмацыйнае выказванне крыўды», — лічыць Мажэйка.

Пераклад «НЧ»