Вадзім Мажэйка: Ніякіх добрых шанцаў у рэжыму Лукашэнкі няма

Для беларускага грамадства перспектывы хоць і цяжкія, але, несумненна, лепшыя, чым для Лукашэнкі, лічыць аналітык Вадзім Мажэйка.

38_4_logo_5_1.jpg

Аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (Belarussian Institute for Strategic Studies) разважае пра гэта ў сваім тэлеграм-канале.

«Замест хуткай і прыгожай Перамогі мы сутыкнуліся з доўгай і цяжкай барацьбой. Не дзіўна, што за два гады ўсе стаміліся, у многіх апускаюцца рукі. Але карысна памятаць, што наогул па выніках двух гадоў барацьбы рэжым Лукашэнкі ў значна горшым становішчы, чым беларускае грамадства.

Самае галоўнае, што змянілася за гэты час, — Лукашэнка страціў унутраную легітымнасць і значную частку міжнароднай. І калі да жніўня 2020 года яго маглі называць дыктатарам, казаць аб праблемах з правамі чалавека, але ўсё ж такі  ідэнтыфікавалі як прэзідэнта, то цяпер яго наогул так не называюць на Захадзе, а ў Расіі ці Кітаі яго хоць і фармальна лічаць такім, але пры гэтым бачаць ягоную моцна кульгавую легітымнасць, і гэта не дадае Лукашэнку сілы нават у вачах тых, хто з ім яшчэ гатовы гаварыць. Гэта значыць, нягледзячы на тое, што ён фізічна ўтрымаў уладу ў Беларусі шляхам рэпрэсіўных дзеянняў, ніякай легітымнасці яму вярнуць не ўдалося.


Рэжымы Лукашэнкі і Пуціна любяць запэўніваць нас, што яны — вечныя, аднак насамрэч рэжым Лукашэнкі знаходзіцца ў вельмі ўразлівым становішчы: у яго няма ўнутранай легітымнасці, няма добрых унутраных рэсурсаў. Магчымасць нармальнай эканамічнай кааперацыі і раней была дрэнная, а пасля вайны стала яшчэ горшай — усё пад вельмі сур'ёзнымі санкцыямі. У Лукашэнкі няма нават інструментаў гэтыя санкцыі адмяніць: калі яны ўводзіліся з-за палітвязняў, у яго хаця б тэарэтычна была магчымасць палітвязняў адпусціць, сёння ж санкцыі ўводзяцца з-за вайны, але спыніць вайну ці павярнуць яе назад у Лукашэнкі магчымасцей няма.

Апошнія два гады ўстойлівасць Лукашэнкі будавалася на падтрымцы Расіі, але цяпер рэсурсы самой Расіі знаходзяцца не ў найлепшым стане — і рухаюцца ў яшчэ горшы бок.

Рэжым Лукашэнкі зараз аслаблены, як ніколі, і тое, што ён цяпер працягвае ўтрымліваць уладу, нічога не кажа аб тым, што будзе далей. Гэта значыць, усе тэндэнцыі супраць яго, хоць зразумела, што беларусам ад гэтага не лягчэй. Усе стаміліся, усім цяжка, усе хочуць перамен тут і цяпер, але, на жаль, лёгкіх шляхоў няма, і іх абяцаць нельга. Аднак у цэлым ніякіх добрых шанцаў у рэжыму Лукашэнкі няма».