Што расійскія «турысты» забылі ў Беларусі?
Банкаўскія карткі, падсанкцыйныя тавары і выезд у ЕС — вось чым прываблівае зараз Беларусь «вялікага брата».
«Deutsche Welle» напісала пра расійскі «турыстычны бум» у Беларусі. Гэтым летам як ніколі шмат машын з расійскімі нумарамі на беларускіх вуліцах, квіткі на цягнікі распрададзеныя, а «Белавія» павялічвае колькасць рэйсаў паміж Мінскам і Масквой.
Адна з прычын — «карткавы турызм»: пасля адключэння расійскіх банкаў ад міжнародных плацёжных сістэм грамадзяне Расійскай Федэрацыі засталіся без магчымасці ажыццяўляць пакупкі за мяжой. На сітуацыю адрэагавалі банкі некторых суседніх краін, якія сталі адкрываць рахункі расійцам — менавіта па такія паслугі тыя і едуць у Беларусь.
«У апошні час у нас скарачаўся выпуск новых банкаўскіх картак, але цяпер тэндэнцыя зваротная: вельмі заўважны рост дзякуючы расійскім грамадзянам», — расказвае «DW» супрацоўнік банка і ўдакладняе, што пакуль для афармлення карты амаль заўсёды неабходна асабістая прысутнасць кліента, што і стала падставай для «карткавага турызму». Тэрмін жа вырабу карты займае ад трох да дзесяці рабочых дзён.
Яшчэ адна важкая прычына прыехаць да нас у госці — мяжа з ЕС. Пасля нападу Расіі на Украіну Еўропа закрыла сваю паветраную прастору для расійскіх самалётаў, трапіць туды немагчыма і на цягніку (прычым і расійцам, і беларусам). Польшча таксама не дазваляе ўезд расійскім гарамадзянам на сваю тэрыторыю — нават аўтобусам, так што застаюцца толькі Літва і Латвія, чым самыя вынаходлівыя «турысты» і карыстаюцца.
Як расказваюць «DW» супрацоўнікі гатэльнага бізнэсу, расійцаў у Беларусі стала нават больш, чым было да пандэміі. Прычым у прыбытку застаюцца не толькі беларускія гатэлі і гасцініцы, але і санаторыі: мясцовым «курортам» таксама «перападае» значная частка ўсходніх суседзяў.
Акрамя таго, зусім неабавязкова прадзірацца праз калючыя еўрапейскія межы, каб займець сабе новую рэч якога-небудзь сусветна вядомага брэнда, які здзейсніў паказальны «санкцыйны дэмарш» з РФ: дастаткова праехаць некалькі соцень кіламетраў — і ўсё гэта можна набыць у Беларусі. «Bershka», «Zara», «Reserved», «H&M», «Nike», «Adidas» — усё, чаго не хапала шараговаму расійцу для яго звыклага абывацельскага шчасця. Цяпер турыстычныя фірмы нават падумваюць арганізоўваць шоп-туры.
«Раней мы працавалі пераважна на выязны турызм альбо на прыём гасцей з заходніх краін, зараз ёсць стымул папрацаваць і з расійцамі: заўважаем, што сюды едуць людзі маладога і сярэдняга ўзросту з высокай плацежаздольнасцю, якіх раней прываблівалі краіны ЕС, а не Беларусь», — рэзюмуе супрацоўнік турфірмы.