У РФ спадзяюцца на вяртанне IMAX і адначасова пагражаюць судом

IMAX забараніла кінатэатрам у РФ паказваць фільмы на сваім абсталяванні. Цяпер у расійскіх кінатэатрах нельга паказваць нават расійскія «Сталінград» і «Рух уверх».

imax.webp

Канадская кампанія IMAX, якая сышла з расійскага рынку ў пачатку лета, забараніла паказваць фільмы ў РФ у аднайменным фармаце.

Пра гэта распавёў журналістам РБК кіраўнік аб'яднанай кінасеткі «Формула кіно» і «Сінема Парк» Аляксей Васясін. Ён сказаў, што абсталяванне для паказу фільмаў у фармаце IMAX належыць кінатэатрам, але яго выкарыстоўваць можна толькі з дазволу канадскай кампаніі.

«Тэхнічна праектар можа паказаць любы фільм. Іншае пытанне, што паказаць фільм у фармаце IMAX без дазволу IMAX нельга. Нават расійскія фільмы ў гэтым фармаце  ("Рух уверх", "Сталінград") цяпер, на жаль, паказваць мы не можам, таму што ёсць прамая забарона з боку кампаніі на выкарыстанне фармату», — распавёў Васясін.

Ён спадзяецца, што IMAX вернецца ў Расію пры першай жа магчымасці — і вось тады расійскія партнёры будуць пераглядаць умовы дагавора, каб выключыць магчымасць аднабаковага сыходу ў будучыні.

А калі канадская кампанія не вернецца на расійскі рынак да канца года, Васясін пагражае IMAX судамі. «Будзем на гэтым абсталяванні паказваць кіно ў іншым фармаце. У нас вельмі жорсткі кантракт з імі, па якім яны абавязаныя тут працаваць. Калі да канца бягучага года яны пра гэты кантракт не ўспомняць, будзе суд», — заявіў ён.


IMAX — агульная назва для фарматаў здымкі, апрацоўкі і паказу фільмаў. З іх дапамогай малюнак атрымліваецца вельмі яркім і кантрасным, а фільм — відовішчным. Адсюль паходзіць і назва — гэта скарачэнне ад Image Maximum, «максімальны малюнак». Для IMAX трэба адмысловае абсталяванне: не толькі для запісу і апрацоўкі карцінкі, але яшчэ і для паказу фільма ў кінатэатрах.

Кампанія IMAX, якая прадастаўляе аднайменную кінематаграфічную сістэму, працавала на расійскім рынку з 2003 года. Паводле справаздачы за другі квартал 2022 года, да 30 чэрвеня тэхналогія IMAX выкарыстоўвалася ў 54 расійскіх кінатэатрах. З 1 чэрвеня кампанія не працуе на расійскім рынку.

У сакавіку, пасля пачатку вайны ва Украіне, найбуйнейшыя кінакампаніі Walt Disney, Warner Bros., Sony Pictures і Universal Pictures закрылі свае офісы ў Расіі, перасталі прадаваць ліцэнзіі на новыя фільмы, а таксама спынілі пракат прэм'ер

Паводле meduza.io, www.rbc.ru