Аўтарскія правы ў Расіі скончыліся? РФ кажа пра «паралельны імпарт» замежных фільмаў

У Расіі хочуць увесці «прымусовае ліцэнзаванне» для кіно — каб паказваць галівудскія прэм'еры без дазволу. Але нічога добрага з гэтага, здаецца, не атрымаецца

З-за вайны расійскі кінапракат аказаўся на мяжы знішчэння. Найбуйнейшыя галівудскія студыі адмовіліся паказваць у Расіі свае новыя фільмы.

Яшчэ ў самым пачатку вайны расійскія пракатчыкі планавалі рабіць стаўку на індыйскае і лацінаамерыканскае кіно. Аднак, відаць, ужо зразумелі, што без Галівуду наведвальнасць кіназалаў усё роўна будзе падаць. З лютага навінкі амерыканскіх кінастудый не могуць выходзіць у кінатэатрах РФ на легальных падставах і не з'яўляюцца на расійскіх стрымінг-сэрвісах.

Цяпер у расійскай індустрыі пракату кіно актыўна абмяркоўваюць магчымасць «паралельнага імпарту» замежных фільмаў, «прымусовага ліцэнзавання» кантэнту і « бездамоўнага выкарыстання правоў» на навінкі.

Ці варта чакаць паўнавартаснага вяртання галівудскіх блокбастараў на вялікія экраны у РФ?

Што такое «прымусовае ліцэнзаванне»?

У красавіку расійскія ўлады пачалі рыхтаваць законапраект аб «прымусовым ліцэнзаванні», якое дазволіць легалізаваць фільмы, серыялы і музыку з «недружалюбных» краін. Калі ўладальнік правоў на іх у аднабаковым парадку адмовіўся ад дагавора па падставах, не звязаных з парушэннем кантракта (напрыклад, сышоў з краіны пасля пачатку вайны), расійскі ліцэнзіят можа запатрабаваць праз суд атрымання «прымусовай ліцэнзіі» на кантэнт партнёра.

Грошы за паказ такога фільма ў выпадку «прымусовага ліцэнзавання» павінны ў тэорыі пералічвацца праваўладальніку на рублёвы рахунак — у адпаведнасці з указам прэзідэнта РФ ад 27 траўня.

Такім чынам, у расійскіх кінатэатрах спадзяюцца паказваць фільмы студый Universal, Disney, Warner Bros., Sony і Paramount, якія прыпынілі сваю дзейнасць у Расіі пасля пачатку ўварвання ва Украіну.

Пры гэтым кінатэатры павінны самі здабываць копіі фільмаў, на якія атрыманая прымусовая ліцэнзія: ад «экранак» з інтэрнэту да нейкім чынам атрыманых DCP.

Што пра гэта думаюць у кінаіндустрыі?

Раман Ісаеў, кіраўнік расійскага прадстаўніцтва карпарацыі Comscore і чалец савета Асацыяцыі ўладальнікаў кінатэатраў патлумачыў «Медузе», што цяпер «прымусовае ліцэнзаванне» ў той форме, у якой яно прапісана ў заканадаўстве РФ, — гэта вельмі доўгая і складаная працэдура, якая займае ад паўгода да года па кожным фільме. «А праз паўгода пасля заходняга рэлізу фільм, натуральна, ужо не актуальны», — скардзіцца ён.

Цяпер Асацыяцыя абмяркоўвае з уладамі больш просты альтэрнатыўны варыянт — «бездамоўнае» выкарыстанне фільмаў тых кампаній, якія прыпынілі сваю дзейнасць на тэрыторыі Расіі. Аднак гэта можа спрацаваць, удакладняе Ісаеў, толькі калі дзяржава пойдзе на змяненне заканадаўства і дэкрыміналізуе некаторыя артыкулы крымінальнага і адміністрацыйнага кодэксаў, а таксама памяняе працэдуру выдачы пракатных пасведчанняў, якія на дзяржаўным узроўні кантралююць кантэнт, што выходзіць на экраны. І нібыта ў Дзярждуме “разумеюць гэтыя пытанні” — аб дэкрыміналізацыі артыкула 146 КК РФ (парушэнне аўтарскіх і сумежных правоў),

«Мінкульт па гэтым пытанні пазіцыі не мае і ніяк кінатэатрам не дапамагае… Усе рашэнні на дзяржаўным узроўні ссунутыя на верасень, а кінатэатры да верасня не дажывуць», — кажа Ісаеў.

Таму многія расійскія кінатэатры, у тым ліку найбуйнейшыя сеткі, вось-вось пачнуць паказ кантэнту, які афіцыйна на тэрыторыі Расіі не выпускаецца, кажа Ісаеў.


Як пісаў НЧ, месяц таму расійская сетка крамаў пачала ўвозіць у Расію гаджэты праз паралельны імпарт. Прычым тэхніка, увезеная за кошт паралельнага імпарту, у сярэднім на 10-20% даражэйшая за аналагі, увезеныя да ўвядзення санкцый.

Паводле Meduza

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: