«У Беларусі сітуацыя вельмі блізкая да Крыма. Засталося правесці рэферэндум»

У сваёй прамове аб пачатку «спецаперацыі» прэзідэнт Расіі ўжыў слова «язык» пяць разоў, а расійская прапаганда выкарыстоўвае тэму «притеснения русского языка» ўжо шмат гадоў, ставячы знак роўнасці паміж расейскамоўным і расейскім. І ўжо шосты месяц украінцы са зброяй у руках адстойваць у тым ліку і сваё права на родную мову. Беларусы таксама шмат гадоў вядуць змаганне за сваю мову на ментальным узроўні.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Адна з паслядоўных прыхільніц ідэі актыўнага прасоўвання беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця Кацярына Хольцапфэль-Варажун пагутарыла з «Новым Часам» пра свой асабісты шлях да беларушчыны, змаганне за базавыя моўныя правы і сваё бачанне дзяржаўнага двухмоўя.

«Хай гугл ведае, што ёсць попыт на беларускае»

— Вы казалі раней, што да беларушчыны прыйшлі ў 2017 годзе. Можаце распавесці, якія ў вас былі дачыненні з беларускай мовай да гэтага?
— Да ніякіх. Я думаю, што ў большай часткі, калі не ў ва ўсіх, рускамоўных грамадзян Беларусі ўсё беларускае па-за ўвагай. Яно дзесьці існуе, гэта не забараняюць і дастаткова.
Памятаю, калі я ўжо вырашыла быць беларускай, ведаць беларускую мову, на ёй, як асноўнай, думаць і камунікаваць — гэта быў 2018 год — я сутыкнулася з такімі выказваннямі: «У вас жа ёсць ваш Еўраопт на Пераможцаў, вось там з вамі пагавораць па-беларуску».

Фота з фэйсбука Кацярыны Хольцапфэль-Варажун

Фота з фэйсбука Кацярыны Хольцапфэль-Варажун


З таго моманту я стала шмат думаць, чаму так адбываецца. Калі я была рускамоўнай, усё беларускае было па-за маёй увагай. У такіх медыя як ТУТ.бай ці Анлайнер не было адкрытага абмеркавання — хай бы на расейскай мове — чаму ў нас няма ці вельмі мала беларускай мовы, чаму людзі не гавораць па-беларуску. Я аднойчы нават пабачыла такую дыскусію на ТУТ.баі са Шрайбанам, ён быў у ролі мадэратара і такі ўступ рабіў: «Мы сёння пагаворым пра стан беларускай мовы, але не будзем закранаць дыскрымінацыю». Але, прабачце, гэта ёсць асноўнае тлумачэнне, чаму мы не чуем беларускай мовы — існуе проста татальная дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце.
Пераходзіш на беларускую — перад табой амаль што пустыня, нічога няма. У гэтым і ёсць дыскрымінацыя: я не магу быць беларусам ва ўласнай краіне, нават па-за межамі яе. Не магу карыстацца паслугамі па-беларуску, бо іх проста не існуе.
Сэнс таго, чаму асноўная частка нашых грамадзян так ставяцца да ўсяго беларускага — гэта не абмяркоўваецца ў рускамоўных медыя.
— Сапраўды шмат людзей, якія пераходзяць на беларускую мову, сутыкаюцца з праблемай, што няма беларускамоўнай прасторы. Ці вам даводзілася змяняць крыніцы інфармацыі, ці атрымалася стварыць беларускае асяроддзе вакол сябе?
— Каб чуць больш па-беларуску, абірала менавіта нашы медыя, адмовілася цалкам ад расейскамоўных. Справа не толькі ў мове, яны вельмі шмат інфармацыі даюць непасрэдна з Расеі. Часта незразумела было: артыкул пра Беларусь ці ўсё ж пра Расею. Чытаю англамоўныя ці нямецкамоўныя артыкулы. Мне галоўнае - не чытаць расейскія. Часам, дарэчы, карыстаюся гугл-перакладчыкам для перакладу на беларускую мову цалкам сайтаў: хай гугл ведае, што ёсць попыт на беларускае.
Стала больш слухаць беларускіх песень. Калі ты рускамоўны, ты ўвесь час сядзіш у гэтай расейскай інфармацыйнай і культурнай прасторы. Я ведала ўсіх дзеячаў культуры з Расеі, але я нічога не ведала пра беларусаў, апроч «Песняроў». Гэта тое, што робіцца наўмысна: нашы выканаўцы не могуць трапіць у шырокі эфір.
Пра гэта ж таксама адкрыта і пастаянна мала хто кажа. Толькі калі я пачала шукаць адмыслова беларускіх выканаўцаў, я адкрыла вялікую колькасць добрых якасных песень. Я нават не ведала пра сучасных пісьменнікаў і паэтаў, як і дзіцячага беларускага нічога не чытала сыну. Такім чынам пакрысе я пачала прыбіраць спачатку мульцікі і фільмы, кнігі на рускай мове, і праз паўгады ён стаў забывацца на расейскую. Цяпер нават расейцам сын адказвае па-беларуску.

«Вы посмотрите на Харьков. Там же всё русское!»

— Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне я шмат чуў ад знаёмых, што яны «пачысцілі» свае плэйлісты, каб наўпрост не чуць расейскай музыкі. Гэта як такі крок да пазбаўлення ад расейскай інфапрасторы. Ён падаецца лагічным, асабліва ў цяперашняй сітуацыі. У той жа час шмат людзей, у тым ліку і публічных, паважаных, кажуць пра тое, што гэта крок не справядлівы, што, маўляў, расейская культура не мае несці адказнасць за дзеянні расейскай улады. Што вы думаеце на гэты конт: наколькі мэтазгодна на асабістым узроўні чалавеку адмаўляцца і адыходзіць ад гэтага ўсяго?
— Я так скажу: для тых, хто толькі пачынае свой шлях да беларускага, гэта проста неабходна. Пазбавіцца ад усяго расейскага. Бо перш-наперш трэба наўпрост занурыцца, паглыбіцца ў беларускую прастору, дазнацца пра нашых культурных дзеячаў, зразумець, што творыць наша літаратура, асабліва сучасная. Гэта ж пісьменнікі, якія жывуць зараз побач з намі, пішуць для нас.
Я не ведаю наколькі цікавая можа быць расейская культура, каб яна займала так шмат месца ў галовах беларусаў.
Апроч яе ёсць шмат іншага: украінская, польская, ангельская, літоўская, нямецкая і г. д. Засяроджвацца выключна на расейскай культуры — я не бачу ў гэтым сэнсу. Такое прыцягненне да рускага, напэўна, са школы, калі 11 гадоў вучым прадмет «руская літаратура». Навошта так шмат?.. Я разумею для чаго гэта робіцца, але я не разумею тых, хто так моцна абараняе рускае ў Беларусі. Няхай яна [расейская культура] існуе для расейцаў, стварае для іх грамадзян, каб яны нарэшце зразумелі, што імперыялізм — гэта кепска, і ў першую ж чаргу для іх саміх. Колькі б я ні чытала, ні глядзела нейкія інтэрв’ю з гісторыкамі, літаратарамі, з палітыкамі ці блогерамі з Расеі — так ці іначай у некаторых пытаннях у іх проста праскоквае імперыялізм. Я не разумею, навошта яго спажываць?
— На вашу думку, як тады ставіцца менавіта да беларускіх творцаў, беларускіх дзеячаў, якія робяць свой кантэнт па-расейску? З аднога боку, гэта пра нас, пра нашыя пытанні, але ж гэта на расейскай мове. Як з гэтым быць: не спажываць уласна, абыходзіць, ці, можа, выказацца, пакінуць каментар -- папрасіць выкарыстоўваць больш роднай мовы. Як вы думаеце?
— Гэта тое, што я і раблю ўвесь час. Я пішу не толькі літаратарам, але і тым вытворцам, што працуюць у Беларусі, рэкламуюць свой беларускі тавар, задаючы пытанне: ці ёсць у вас беларуская мова? Бо калі ёсць выключна на расейскай мове, то я не бачу розніцы паміж «зроблена ў Расеі» і «зроблена ў Беларусі». Для мяне ўсё, што пішацца выключна па-расейску — гэта расейская літаратура, расейскі прадукт.
Я глядзела адно ўкраінскае відэа пра расейскага блогера-палітыка, які моцна ўплываў на грамадзян Беларусі ў 2020 годзе, якога бралі за прыклад, і ён сказаў прыкладна так: «Вы посмотрите на Харьков. Там же всё русское: вывески по-русски, здесь живут русские». Для іх гэтага паказчыка хапае, каб казаць, што тут жывуць рускія. І гэта абсалютна слушна.
Руская мова належыць Расеі — адтуль яна бярэ свой пачатак, там яе крыніца. Адтуль ідуць стандарты, правілы: што пісаць, як пісаць. Для беларусаў яна не можа быць роднай, руская мова вывучаецца па падручніках, мы капіюем тое, што ствараецца ў Расеі.
Асабліва пасля падзей 2020 года і пасля пачатку вайны Расеі ва Украіне, тыя беларусы, што кажуць, што яны за Беларусь, за незалежнасць, супраць вайны, і працягваюць пры гэтым пашыраць выключна расейскамоўную прастору — для мяне гэта кшталту здрады. Яны ўсё разумеюць, чаму Расея прыйшла ва Украіну, каго яны лічаць рускімі, бо гэта ж кажацца адкрытым тэкстам — «хочам рабіць дэўкраінізацыю», і працягваць усё адно падтрымліваць нейкае міфічнае дзяржаўнае двухмоўе, карыстацца, пісаць расейскай — не магу гэтага зразумець.
Яшчэ раз падкрэслю: усё, што пішацца і робіцца на расейскай мове, самі расейцы адносяць да сваёй прасторы.
Таксама зразумела чаму, прыязджаючы ў Беларусь, расейцы не ўспрымаюць яе як асобную дзяржаву, нас як асобную нацыю — нічога па-беларуску яны не бачаць, для іх усё ў Беларусі на роднай мове -- рускай.
Як было з Крымам: «Они же сами хотят, они же самі выбірают русский язык: школы, садики, институты». Ніхто ж не будзе паглыбляцца: а чаму ж так…

«"Рускі свет" не можа сам сябе абмежаваць — ён можа толькі пашырацца»

— Вы пра гэта шмат пішаце ў сваіх сацыяльных сетках. Адразу кідаецца ў вочы акурат карэктнасць і вашае ўменне падбіраць трапныя і нейтральныя выразы. Але, нягледзячы на гэта, ідзе даволі шмат негатыву ў адказ. Гэты негатыў можна падзяліць на дзве плыні: людзі, што з’яўляюцца ахвярамі прапаганды і самі па сабе ненавідзяць усё беларускае, з іншага боку — сапраўдныя патрыёты Беларусі, якія ў тым ліку і выкарыстоўваюць беларускую мову. Сярод іх часцяком гучыць такое пытанне: якое мае маральнае права чалавек, які не жыве ў Беларусі шмат гадоў, вучыць беларусаў, як жыць і паводзіць сябе? Што б вы маглі адказаць на такія закіды?
— Па-першае, гэта пытанне вельмі маніпулятыўнае. У нас у грамадстве за столькі гадоў дыктатуры проста адвучыліся камунікаваць непасрэдна па тэме допісу: без абразаў, без пераходу на ацэнку асобы, яе разумовых здольнасцяў, не абмяркоўваць месца жыхарства. Бо я спажываю беларускае ў тым ліку, купляю беларускія кнігі, падтрымліваю беларускія праекты і фінансава. Як і астатнія беларусы, што таксама за мяжой, — і такіх шмат — я падтрымліваю праект «Гаварун», які перакладае і агучвае мульцікі на беларускую мову. Хоць я за мяжой — а яны там. Гэты выраз «не вучыце» — маніпуляцыя. Вы скажыце, што канкрэтна вам не падабаецца ў маім адказе, што менавіта вас раздражняе. Тое, што я хачу больш беларускай прасторы? Так, я хачу больш беларускай прасторы, таму што яна настолькі звужаная, што яе проста выціскаюць у гета.

Акупацыйная адміністрацыя мяняе ўкраінскія дарожныя знакі на расейскія, травень 2022

Акупацыйная адміністрацыя мяняе ўкраінскія дарожныя знакі на расейскія, травень 2022

Падмененае само паняцце беларускае: нібыта беларускае — гэта ў тым ліку тое, што выключна на расейскай мове, а тое, што на беларускай — гэта нейкае «беларускамоўнае». Раней такога не было. Трэба вяртаць разуменне, што «беларускае» — гэта тое, што на беларускай мове. Астатняе — гэта не беларускае. Так, гэта зроблена ў Беларусі, але для спажыўца, які будзе ў Польшчы, ці ва Украіне, ці ў Расеі і расейскамоўнага спажыўца ва ўсім свеце, але гэта не для беларуса, бо там няма беларускай мовы.
Я сутыкаюся з вялікай хваляй агрэсіі, але я супраць таго, каб адказваць агрэсіяй на агрэсію, абразамі на абразы, прыніжэннем на прыніжэнне. Гэта не працуе, стварае яшчэ большы ком, у якім людзі забываюцца на тэму спрэчкі. Бо спрэчка заключаецца ў наяўнасці розных меркаванняў, інфармацыі, ведаў. Калі з’яўляецца нязгода, то можна выказаць сваё меркаванне, дадаць крыніцы інфармацыі, каб падмацаваць уласную думку, быць ветлівым да суразмоўцы — у выніку будзе нармальная размова. З пераходам на хамства не можа быць ніякай размовы. Грубасць, хамства — акурат прыкметы дыктатарскага стылю, які рэжым і транслюе пастаянна. Ад такога стылю гутаркі трэба пазбаўляцца.
— Відавочна ўзаемасувязь: плюс адзін беларускамоўны чалавек у Беларусі — гэта мінус адзін расейскамоўны. Бо людзі карыстаюцца нейкай мовай штодня, калі чалавек пачынае размаўляць па-беларуску, ён перастае размаўляць па-расейску — немагчыма размаўляць на дзвюх мовах адначасова. Такое адчуванне, што прыхільнікі «рускага свету» гэта вельмі добра адчуваюць і гэты прынцып выкарыстоўваюць, ажыццяўляючы сваю дзейнасць. А многія прыхільнікі Беларусі, наадварот, намагаюцца гэты факт прапускаць міма вачэй, маюць ілюзію, што можна развіваць і пашыраць беларускасць без скарачэння расейскага ў Беларусі.
— Канешне гэта немагчыма.
Рэкламу на дзвюх мовах адначасова даць немагчыма. Адзінае выйсце: голасам сказаць па-беларуску, а субцітры даць па-расейску. Але ж тады рускамоўныя могуць сказаць: «А что это за претиснение?» І яны пачнуць гэтак казаць, як толькі пачнуць менш чуць расейскай мовы.
Ёсць меркаванне, што можна без прымусу, паступова, проста павялічваць беларускую інфапрастору. Я заўжды на такое адказваю: вы адразу ж атрымаеце ад прыхільнікаў Расеі, «рускага міра» — «Нас притесняют».
На жаль, у нас за 28 гадоў выхаваліся дзве абсалютна супрацьлеглыя часткі грамадства. Абсалютна розныя, якія не пойдуць адна насустрач адной. Немагчыма ўзяць «рускі свет» і беларускі свет і сказаць «давайце жыць дружна».
Мы бачым, што адбываецца ва Украіне. «Рускі свет» пабудаваны так, каб іх права рэалізоўвалася заўсёды па-расейску. І не рэалізоўвалася права беларусаў і ўкраінцаў. Рускі свет не можа сам сябе абмежаваць — ён можа толькі пашырацца, гэта прыкмета імперскасці: каб прыгнятаць, каб іншыя прыстасоўваліся да яго патрэб. У нашым грамадстве даўно канфлікт. Проста зараз ён выйшаў больш вонкі, бо раней увесь час спрабавалі прыдушыць і загнаць незадаволенасць у гета: рускамоўныя СМІ ў Беларусі за гэтыя гады не абмяркоўвалі шырока моўную сітуацыю, моўную палітыку, ствараючы ілюзію, што ў нас няма праблемы з «рускім светам».

«Такіх прынцыповых як я — не вельмі шмат»

— Тое, што прыхільнікі рускага свету пачнуць хвалю абурэння — прадказальна. Але ў мяне ёсць адчуванне, што людзі з іншага лагеру, прабеларускія — пэўная іх колькасць — могуць таксама гэта падтрымаць пад лозунгамі «роўнасці і цярпімасці», гэта і зараз прасочваецца. Але ж з гэтымі людзьмі паразуменне, пэўна ж, знайсці прасцей?
— Варта сыходзіць з таго, наколькі чалавек залежыць ад расейскага. Калі будуць звяртацца да беларушчыны, то сутыкнуцца з тым, што нічога няма, прынамсі недастаткова.
Усім нам давядзецца ствараць на беларускай мове амаль усё нанова ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Значыць, трэба ведаць і беларускую. Людзі ж не асабліва хочуць прыкладаць высілкі — патрэбныя і грошы, і ўласны час, і пэўныя абмежаванні: што глядзець, што чытаць.
Людзі не любяць абмежаванняў. Таму такіх прынцыповых як я — не вельмі шмат.
Часам кажуць, што спачатку трэба вырасціць пакаленне, якое будзе беларускамоўным — ад садка, потым у школе па-беларуску. А я задаю пытанне: а хто будзе вучыць у такой колькасці дзяцей на роднай мове, калі дарослыя не хочуць яе ведаць? Не трэба чакаць, як падрасце новае пакаленне — і дарослым, і падлеткам трэба вывучаць беларускую мову і на ёй паціху ствараць, не чакаючы падтрымкі дзяржавы.
Асабліва важнымі тут могуць быць дыяспары. Дыяспары зараз мусяць беларусізавацца — правесці татальную дэрусіфікацыю. У тым ліку ў афіцыйных колах і структурах.
Напрыклад, у беларусаў Аўстрыі ёсць свой чат. Раней, калі далучаўся новы ўдзельнік, адміністратар пісаў па-расейску. Я звярнулася, спытала, ці магчыма зрабіць першай і асноўнай мовай беларускую, а пасля расейскую, бо мы ўсё ж беларусы. Цяпер на працягу двух апошніх тыдняў адміністрацыя піша ў чаце па-беларуску.
Уплывовыя асобы мусяць больш рабіць па-беларуску. Офісы, антыкрызісныя кіраванні, іншыя структуры — мусяць у першую чаргу прасоўваць беларускую мову.
Я чула ад знаёмых яшчэ год таму: «Вот если бы офис Тихановской перешел на белорусский, то я бы тоже задумался».
Для вялікай колькасці людзей важна тое, якой мове аддаюць перавагу ўплывовыя асобы і лідары.
Але «рускі свет» будзе ўвесь час супраціўляцца, рабіць усё магчымае, каб не даць правесці дэрусіфікацыю.
Калі мы будзем кожны раз звяртаць увагу: што падумаюць у Расеі, ці варта іх злаваць — мы ў любым выпадку прайграем. Але, звяртаючы ўвагу на Расею, мы прайграем без усялякага змагання, без усялякай спробы стаць нарэшце беларускай дзяржавай, стаць беларусамі.
— І для асобы, і для розных арганізацый стымул для выкарыстання беларускай мовы можа быць і пазітыўны, і негатыўны. Вось пазітыўны стымул у нармальных краінах рабіцца за кошт дзяржаўнай падтрымкі: паніжэнне падаткаў і г.д. У нас такой магчымасці няма. Але ёсць так званы негатыўны стымул. Напрыклад, беларускі дзеяч робіць нешта добрае, карыснае на расейскай мове. У той жа час ёсць вялікая колькасць — і яна зрастае — людзей, што хочуць спажываць па-беларуску. Шмат хто з гэтых людзей пагаджаецца, але некаторыя пакідаюць каментары кшталту «зрабіце гэта па-беларуску, я адмаўляюся спажываць ваш кантэнт на расейскай мове», ці той жа Офіс Ціханоўскай — калі б ад яго патрабавалі беларускай мовы пры кожнай магчымасці. Як вы лічыце, такі стымул працаваў бы ці выклікаў бы адваротную рэакцыю?
— Літаральна нядаўна пра гэта думала. І скажу, што гэта адзіны ціск, які магчымы для таго, каб паказаць, што людзям — нават рускамоўным — хочацца больш беларускай мовы.
Тыя, хто выступае за дэмакратычныя перамены, яны робяць нешта кшталту раўнапраўнага двухмоўя, ці яны працягваюць палітыку рэжыму?
Пакуль, як выглядае, яны працягваюць тое, што замацаваў рэжым: культурныя праекты на беларускай, а эканамічная, юрыдычная сфера — на расейскай.
Калі чалавек кажа: «мы хочам па-беларуску» — а па-беларуску няма, то трэба звяртаць увагу на адсутнасць беларускай мовы ў тых праектах, у тых ініцыятывах, якія пазіцыянуюць сябе беларускімі. Нагадваць, што беларуская мова мусіць быць паўсюль. Я пішу пра гэта пастаянна. З мяне часта смяюцца, але я не звяртаю на гэта ўвагі, бо мая задача — паказаць свой голас: «Я за беларускую мову, мне патрэбна беларуская мова».
Таксама хачу данесці людзям, якія хочуць пакінуць дзве дзяржаўныя мовы, што вы такім чынам імкнецеся да стварэння на тэрыторыі Беларусі дзвюх дзяржаў: так ці іначай будзе падзел, бо немагчыма, як вы сказалі, адначасова выкарыстоўваць дзве мовы.
Напрыклад, возьмем армію. Як армія можа існаваць на дзвюх мовах? Адзін скажа: хачу служыць па-беларуску, іншы скажа «на русском» — значыць будзе дзве арміі. Адна армія служыць Расеі, бо ў нас няма і ніколі не будзе беларускага варыянта рускай мовы. А тады пытанне ўзнікае ў мяне: якую дзяржаву мы хочам будаваць?

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Чаго не хапае ад СМІ — не хапае асветы адносна моўнай сітуацыі і моўнай палітыкі, што такое дзяржаўны статус мовы і як ён функцыянуе на практыцы.
Я памятаю, як мяне, выбачайце, «задзяўбалі» ў 2020 годзе прыкладам пра Швейцарыю. Людзі нічога не ведаюць пра шматмоўе ў іншых краінах: прыклад Швейцарыі абсалютна недарэчны да моўнай сітуацыі ў Беларусі. Бо ў федэратыўнай рэспубліцы Швейцарыя амаль усе кантоны (тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел) — аднамоўныя: ці французская, ці нямецкая, ці італьянская.
А ў нас яшчэ пад бокам такі небяспечны сусед як Расея. Спачатку мы аддаём ментальна нашу прастору, а далей будзе тэрытарыяльна. У нас сітуацыя вельмі блізкая да Крыма. Засталося правесці рэферэндум.
Я ўпэўнена, што калі людзям тлумачыць — без маніпуляцый, без эмацыйнага складніка — раскладаючы па паліцах ад пачатку да канца, як бы мусіла выглядаць дзяржаўнае шматмоўе, а як ёсць у Беларусі насамрэч, і што мы ў выніку маем ад шматмоўя — шмат бы людзей нарэшце ўсвядоміла, якая катастрофа нацыянальнага маштабу ў нас здарылася за гэтыя 28 гадоў.
Тым, хто выступае за дзяржаўнае двухмоўе я таксама кажу: ці вы разумееце, што тады вы і я мусім плаціць падвойныя падаткі? Адзін хоча атрымліваць прадукт па-расейску, іншы — па-беларуску. За дзве мовы трэба будзе плаціць, а не за адну, як у нас адбывалася пастаянна: выбіралі, падтрымлівалі і пашыралі выключна расейскую. Вось, напрыклад, кіно. Нават, калі я буду адна ў залі кінатэатра, маё права мусіць менавіта так і рэалізавацца: каб мець магчымасць паглядзець кіно па-беларуску. І вы і я за гэта мусім заплаціць.
Пры сапраўдным двухмоўі маё права атрымліваць усе паслугі, інфармацыю і заканадаўства на беларускай мове не можа быць ніжэй за права рускамоўных атрымліваць усё тое ж самае на рускай мове.

«Мы не ўмеем пісаць заўвагі»

photo_2022_07_27_12_54_22.jpg


— Ці вы адчуваеце апошнім часам, што моўная сітуацыя змяняецца, прынамсі ў асяроддзі людзей, што выступаюць за перамены?
— Сёння прачытала ў інстаграме гісторыю адной дзяўчыны. Яна выступала ў 2021 годзе за дзяржаўнае двухмоўе, але цяпер лічыць, што гэта абсалютная лухта — кажа, што ў Беларусі можа быць толькі адна дзяржаўная мова — беларуская. У каментарах яе таксама з большага падтрымалі.
Такую пазіцыю выказваюць нават людзі, якія размаўляюць штодня па-расейску. Таму важна даносіць інфармацыю, дыскутаваць.
— Як вы ставіцеся да трасянкі. Што лепей: спрабаваць хоць неяк размаўляць, ці спачатку навучыцца, а потым пачынаць?
— Я асабіста нікуды не спяшалася, калі пачала нанова вучыць беларускую. Пачынала вельмі павольна, выкарыстоўвала простыя выразы, замяняла словы, у якіх была не ўпэўненая.
Таму варта проста вучыць беларускую мову, паціху на ёй размаўляць — лепей пісаць. Без выпраўлення памылак — размаўляць і пісаць добра немагчыма будзе навучыцца. Але ёсць вялікая праблема сярод беларусаў: мы не ўмеем пісаць заўвагі, часта гэта робіцца груба. Калі вы бачыце, што чалавек зрабіў памылку, то спачатку трэба выбачыцца: «Прабачце, калі ласка, але я ў вас заўважыў ці заўважыла абдрукоўку» ці «Я думаю, вы памылкова ўжылі гэты варыянт. У беларускай мове будзе гэтак і гэтак». Ветлівасць — абавязкова. Калі людзі бачаць такі зварот — з радасцю адказваюць з удзячнасцю: «Выпраўляйце мяне, калі ласка, яшчэ, я хачу навучыцца правільна і прыгожа пісаць па-беларуску». Выразы кшталту «што вы тут пішаце — спачатку вывучыце мову» — гэта хамства, так нельга.
Трэба канцэнтравацца не на трасянцы, а на тым, што чалавек хоча авалодаць беларускай мовай і робіць гэта паступова, павольна — ніхто яго не гоніць. Але важна, што чалавек, які вывучае беларускую мову, чытае. Калі СМІ піша з памылкамі — гэта недапушчальна. Тут мае быць больш строгі падыход. Пісьменнікам, журналістам, карэктарам неабходна быць максімальна адказнымі!