Ці варта беларусам трымаць зберажэнні ў расійскіх рублях?
Расійскі рубель расце. Можа беларусам мае сэнс захоўваць накапленні ў рублях суседняй дзяржавы?
Вадзім Іосуб — фінансавы эксперт, старшы аналітык «Альпары Еўразія», — лічыць, што беларусам спяшацца за расійскім рублём у абменнік не варта, нягледзячы на тое, што ён умацоўваецца да долара і еўра. Трэба памятаць, што Расія пад санкцыямі і з валютай суседкі можа адбыцца што заўгодна. Пра гэта ён распавёў «Б*ларусам і рынку» у адмысловым відэа.
Цяпер расійскі рубель на максімумах да долара і еўра, такіх не было 5-7 гадоў. Але эканаміст раіць беларусам пакуль не спяшацца пераводзіць усе накапленні ў расійскія рублі. Хутчэй за ўсё, рост — хоць і заўважны ды значны, — з’ява часовая.
Супраць РФ уводзяцца санкцыі, а рубель узмацняецца. Парадокс? Уся справа ў характары санкцый. Імпарт у РФ рэзка скараціўся, а экспарт, прынамсі ў энергетычнай частцы — як ішоў, так і ідзе. І экспарт цяпер моцна перавышае імпарт.
У РФ прыходзіць шмат валюты, а адтоку яе практычна няма, тлумачыць Іосуб: «Цяпер долараў і еўра ў Расіі столькі, што падзець няма куды. І гэта не мастацкае перабольшанне, а вельмі блізка да рэальнасці». Таму расійскі рубель умацоўваецца да долара і еўра — і адпаведна, да беларускага рубля таксама.
Але не трэба думаць, што так будзе вечна, папярэджвае эканаміст. Будуць прымацца новыя пакеты санкцый, пачнуць напоўніцу працаваць ужо прынятыя. «Трэба разумець, што гэты трэнд на ўмацаванне расійскага рубля не бясконцы, ён развернецца. І на змену умацаванню прыйдзе падзенне рубля РФ. Прычым падзенне не толькі да долара і еўра, але і нават да беларускага рубля».
Як пісаў НЧ, Вадзім Іосуб ацэньвае фінансавыя перспектывы Беларусі вельмі змрочна. «Я б параўнаў тое, што нас чакае, з 1942–1943 гадамі, калі краіна была акупаваная, калі краіна была ў стане вайны. Што такое 1992 год? Гэта на самай справе адпраўны пункт для рыўка ўверх. Усё было вельмі дрэнна, але магчымасці былі адкрытыя, кірунак руху быў зразумелы, што рабіць — было зразумела. Эканамічна цяжкі час быў, але, з іншага боку, гэта быў час аптымізму, вялікіх надзей на тое, што жыццё зменіцца і пойдзе ў лепшы бок. Цяпер зусім супрацьлеглая сітуацыя... Мы акажамся ў тым жа пункце, як і ў пачатку 1990-х, па ўзроўні даходаў, росту коштаў, даступнасці тавараў, але пры гэтым вектар перспектывы накіраваны ў процілеглы бок. Будзе ў разы, на парадкі горш. Рух будзе толькі ўніз. Мы праскочым кропку 1992-га і паляцім ніжэй і ніжэй».