Зацягнуць паясы давядзецца не на месяцы, а на дзесяцігоддзі
У незалежных экспертаў надзвычай змрочныя прагнозы наконт будучыні краіны. Многія кажуць пра адкат у пачатак 1990-х гадоў мінулага стагоддзя, калі пасля краху Савецкага Саюза зруйнавалася і звыклае жыццё.
А Вадзім Іосуб, фінансавы эксперт, старшы аналітык «Альпары Еўразія», наогул адкідвае нас на 70–80 гадоў таму. Вось яго развагі:
— Ні пра які 1992 год гаворкі не ідзе. Я параўнаў бы тое, што нас чакае, з 1942–1943 гадамі, калі краіна была акупаваная, калі краіна была ў стане вайны. Што такое 1992 год? Гэта на самай справе адпраўны пункт для рыўка ўверх. Усё было вельмі дрэнна, але магчымасці былі адкрытыя, кірунак руху быў зразумелы, што рабіць — было зразумела. Увесь цывілізаваны свет краіну і карміў (можам успомніць славутыя "ножкі Буша"), і аказваў фінансавую, тэхнічную, кансультацыйную дапамогу. Эканамічна цяжкі час быў, але, з іншага боку, гэта быў час аптымізму, вялікіх надзей на тое, што жыццё зменіцца і пойдзе ў лепшы бок.
Цяпер зусім супрацьлеглая сітуацыя. Можна сказаць, што мы акажамся ў тым жа пункце, як і ў пачатку 1990-х, па ўзроўні даходаў, росту коштаў, даступнасці тавараў, але пры гэтым вектар перспектывы накіраваны ў процілеглы бок. Будзе ў разы, на парадкі горш. Рух будзе толькі ўніз. Мы праскочым кропку 1992-га і паляцім ніжэй і ніжэй.
Па словах эксперта, мы пакуль проста не ўсвядомілі, што адбылося і якімі будуць наступствы.
— Народ не задумваецца. Не будзе так, што скончыцца ўсё адначасова — і інсулін, і папера, і цукар. У каго прапалі патрэбныя яму лекі — таму ўжо сёння дрэнна, у кагосьці любімы гатунак кавы яшчэ прадаецца ў краме — у таго пакуль усё выдатна. Сцэнарыяў, што гэта скончыцца станоўча для эканомікі краіны, няма наогул. І гэта не залежыць ад таго, як будзе развівацца вайна ва Украіне. Ніводзін з варыянтаў заканчэння вайны не прадугледжвае таго, што праз які-небудзь месяц пасля падзей з Беларусі здымуць санкцыі і ўсё вернецца на ранейшае месца.
З пункту гледжання эканамічных праблем цяпер адбываюцца беспрэцэдэнтныя рэчы. Гэта зусім іншы ўзровень санкцый, іншы кансэнсус па санкцыях, іх значна складаней абыходзіць, і гэтак далей. Для зняцця санкцый перамогі Украіны будзе недастаткова, Расія і Беларусь павінны будуць рэальна прайсці праз дэмілітарызацыю, дэнацыфікацыю — маецца на ўвазе адмова ад пануючых у гэтых дзяржавах ідэалогій. Плюс пытанне выплаты рэпарацый.
І толькі пасля гэтага можа стаяць пытанне пра зняцце санкцый. Простаму беларусу я параіў бы неяк адказней падысці да таго, што чакае яго і яго сям'ю з пункту гледжання даходаў і выдаткаў, даступнасці ежы, лекаў і г.д.
Зацягнуць паясы — гэта, безумоўна, не пра тыдні і месяцы, гэта пра гады, — адзначае Вадзім Іосуб.