Перад «жалезнай заслонай»

Мяне заўсёды цікавіла, як з’яўляюцца і ўкараняюцца розныя словы і выразы ў нашай лексіцы. Мы дагэтуль называем машыны «іншамаркамі», хаця, падавалася б, іншых аўто ў нас ужо не існуе. І, мажліва, існаваць не будзе — ніякіх.

e62ewabxoaimtou.jpg


У мінулым аглядзе мы заўважалі, што цяпер аўтааматары скардзяцца на складанасці з запчасткамі. І будзе яшчэ горш. На тыдні французскі Renault заявіў што не збіраецца сыходзіць з Расіі, нягледзячы ні на што. Але гэтае «ні на што» працягнулася нядоўга: прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў перад французскім парламентам, і Renault адразу ж прыпыніў працу маскоўскага завода. Больш за тое, канцэрн паведаміў, што вывучае варыянты адносна сваёй долі ў «Аўтавазе», а між тым, Renault належыць 68% таго самага «Аўтаваза». Астатнія 32% — у дзяржкарпарацыі «Ростех».
Гэта і ёсць «глабальныя ланцужкі», якія цяпер ірвуцца пад заходнімі санкцыямі. Можна было б казаць: «Што нам тое “Рэно”? Будзем ездзіць на “Лада Веста”, таксама неблагое аўто!». Аднак справа ў тым, што «Лада Веста», — гэта тая ж «іншамарка», якая збіраецца на расійскіх заводах Renault — па тых жа французскіх тэхналогіях, з тымі ж замежнымі запчасткамі.
Спробы стварыць «свой» аўтамабіль па-за межамі глабальнага свету непазбежна церпяць паразу. Памятаеце, як Лукашэнка калісьці рассякаў на Tesla і ставіў перад Акадэміяй навук задачу распрацаваць уласны, беларускі электрамабіль? Нібыта, нават нейкія ўзорныя «беларускія электрамабілі» існавалі. Аднак, Лукашэнка ездзіў на Tesla у 2017 годзе, цяпер — 2022-гі. І дзе гэтыя «беларускія ўзоры»?
Правільна, нідзе. Таму што пра якія «ўзоры» можа быць размова, калі нават завод па зборцы Geely у Беларусі спыніўся? Якія могуць быць «распрацоўкі» ў адарванасці ад сусветных эканамічных ланцужкоў, і, што больш важна — ад сусветнага тэхналагічнага мыслення?


Дарэчы, пакуль Renault сыходзіў с Расіі, кіраўнік Tesla Inc Ілан Маск афіцыйна адкрыў новае вытворчае прадпрыемства кампаніі пад Берлінам.
У нас на носе цяпер, канешне, пасяўная. І падавалася б, пры чым тут Tesla? Насамрэч — усё пры тым жа. Канешне, на фоне санкцый у нас затараныя ўгнаеннямі «Гродна-Азот», Гомельскі хімкамбінат і Беларуськалій. З-за вайны ва Украіне практычна спыніліся «Нафтан» і Мазырскі НПЗ, бо паліва прадаваць няма каму. Падавалася б, ёсць усё, каб правесці пасяўную, як і наказаў айчынны правадыр, у 10 дзён. Не хапае, як высветлілася, толькі аднаго — тэхнікі.
«У чым цяжкасці? Калі будзе завершаны рамонт гэтай тэхнікі? Гэта пытанне не толькі па трактарах, але і па камбайнах, зернесушыльных комплексах», — казаў Лукашэнка на нарадзе ў аўторак.
А справа ў тым, што «падсанкцыйныя» МАЗ і МТЗ, ды ці не поўны банкрут «Гомсельмаш» не могуць працаваць без імпартных запчастак. А значыць, колькі б не было ў нас угнаенняў, насення ды паліва — якая з іх карысць, калі іх не могуць давезці да месца? «Пад плуг» з канём, безумоўна, шмат не пасадзіш, гэта толькі прыватным гаспадаркам дарэчы, дый то не ўсім. Фермерам — ужо не.
І гэтыя «глабальныя ланцужкі», насамрэч, уздзейнічаюць на ўсё наша жыццё. Вось, падавалася б, глабальная падзея: з 19 сакавіка 2022 года з-за санкцый прыпыненыя аперацыі з выкарыстаннем карт плацежных сістэм Mastercard і VISA, а таксама аплата з дапамогай шэрагу сэрвісаў мабільных плацяжоў. Можна было б сказаць: «Нашы людзі ў булачную на таксоўцы не ездзяць», што нам тая VISA! Але ў выніку аказалася, што нашы людзі не ездзяць увогуле нікуды, нават у межах аднаго населенага пункта. У мінскім метрапалітэне з-за гэтага «глабальнага рашэння» адбылася «лакальная катастрофа», — стала немагчыма аплаціць праезд бескантактавымі банкаўскімі карткамі.
Якое выйсце з гэтай сітуацыі нам прапануюць улады? Можа быць, спыніць канфрантацыю з глабальным светам? Пачаць нармалізаваць стасункі? Прыкладаць больш намаганняў, каб спыніць вайну ва Украіне, пагнаць з беларускай тэрыторыі расійскія войскі, якія вядуць баявыя дзеянні з нашай тэрыторыі насуперак палажэнням нашай новай Канстытуцыі? Не, гэта не наш метад. Наш метад — звыклы для ўлады. Засунуць галаву ў пясок (мякка кажучы) і спадзявацца, што «ўсё само як-небудзь рассасецца».
22 сакавіка Лукашэнка падпісаў указ № 116 «Аб навінавых агрэгатарах у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт». Сэнс яго ў тым, каб «навінавыя агрэгатары» не распаўсюджвалі розныя непрыемныя для ўлады звесткі, кшталту гэтага матэрыялу. Каб казалі, што «ў нас усё добра» і хвалявацца няма пра што, як гэта робяць прапагандысты на ТБ. А ўслед за Лукашэнкам Раскамнагляд абмежаваў доступ да сэрвісу Google пад назвай «Google Навіны» за тое, што ён «забяспечваў доступ да шматлікіх публікацый і матэрыялаў, якія змяшчаюць недакладную грамадска значную інфармацыю аб ходзе спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны».
Пра марнасць цэнзуры ў сучасным лічбавым свеце мы казалі тысячу і адзін раз. Аднак Google — гэта таксама пра глабальнае. Варта было Раскамнагляду ўзяцца за цэнзураванне «Google Навін», як за ім паваліўся Google Play Store. А значыць, смартфоны расіянаў ці не адразу ператварыліся ў «цагліну».
Варта ўжо зразумець, што «схавацца ў бульбу» не атрымаецца. Таму што гэта звычайная справа, калі «лядоўня перамагае тэлевізар». Можна колькі заўгодна забараняць навіны, можна нават выцягнуць кадры з мінулых пасяўных і паказваць іх як «сённяшнюю», але з паламаным трактарам без запчастак, з пустымі паліцамі ў крамах і з узляцелымі ў некалькі разоў коштамі ніякі тэлевізар нічога не зробіць.
Днямі нам чытачы даслалі фота звычайнага школьнага сшытку на 12 старонак. Раней ён каштаваў 59 капеек, новы цэннік — 1 рубель 19 капеек. Рост — больш чым удвая. Школьныя канікулы ў Беларусі плануюцца з 27 сакавіка па 3 красавіка. І перад пачаткам чацвёртай чвэрці шмат хто з бацькоў пойдзе ў краму па тыя сшыткі і «канцылярку». Ніякі тэлевізар не пераканае іх, што мы жывем добра, калі за 10 сшыткаў трэба аддаць 12 рублёў.


Гэта пры тым, што, падавалася б, лесу для вытворчасці паперы, асабліва пасля санкцый, у нас павінна быць «заваліся». Але адна справа — драўніна, а іншая, — яе перапрацоўка. Тыя самыя «глабальныя эканамічныя ланцужкі» з пастаўкамі абсталявання і дэталяў.

Можна колькі заўгодна казаць пра тое, што «СССР жыў за “жалезнай заслонай”, і нічога, жылі». Але справа не ў тым, што «жылі», а ЯК жылі. З чэргамі па пяць гадоў не толькі на аўтамабілі, але і нават на прыстойную мэблю, з дэфіцытам надзённых тавараў, і з двума гатункамі піва — «Жыгулёўскім» і «Ячневым коласам». А ўжо цёмнае і нефільтраванае ўвогуле ніхто нават уявіць не мог.

Ці пагодзяцца людзі, якія паспрабавалі іншага, больш прыстойнага жыцця, на вяртанне за «жалезную заслону»?

І на заканчэнне працытуем самога Лукашэнку ўзору 2020 года: «Яны не памятаюць Беларусь, з якой мы выходзілі з вамі ў лапцях і без штаноў у сярэдзіне 90-х. Яны не памятаюць гэтых талонаў, не памятаюць, што мы не маглі купіць бутэльку нейкага малака. Яны не памятаюць, што ў нас на трое сутак у Мінску хапала мукі, каб спячы хлеб».

Ну, вы здагадаліся, што нас чакае, праўда?