Інтэграцыя: «выгодаў» больш няма

На гэтым тыдні мы здзейснілі прарыў. Не, нават не прарыў — прарывішча! Лукашэнка так і сказаў: «Тое, за што мы змагаліся з Расіяй заўсёды, здарылася». У сэнсе, не «змагаліся разам з Расіяй», а «прасілі ў Расіі». І цяпер нам гэта далі. Але ці пойдзе гэта на карысць?

maxresdefault_135.jpg

Расія, паводле слоў як Лукашэнкі, так і прэм'ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі, які канкрэтызаваў дамоўленасці кіраўнікоў дзяржаў з расійскім калегам Міхаілам Мішусціным, пагадзілася на тое, каб мы атрымлівалі расійскія энергарэсурсы па «амаль унутрырасійскіх» цэнах. Галоўчанка пра гэта сказаў так: «Пераход на новую сістэму цэнаўтварэння на расійскую нафту, якая б забяспечвала стабільную працу беларускіх НПЗ з мінімальнай рэнтабельнасцю, гэта і наша прапанова па фіксацыі цэн на прыродны газ для Рэспублікі Беларусь у расійскіх рублях з прывязкай да дзеючых цэн на газ для бліжэйшых расійскіх рэгіёнаў».
Для таго, каб гэта адбылося, спатрэбілася чвэрць стагоддзя «саюзнай дзяржавы» і вайна ва Украіне. Ну, ды бог з ім. Галоўнае пытанне — як доўга будуць дзейнічаць гэтыя дамоўленасці. Таму што ўжо цяпер Мазырскі НПЗ спынены на «планавы рамонт» і працуе ў палову магутнасці. І ў такую ж палову магутнасці працуе Наваполацкі НПЗ — толькі без усялякіх рамонтаў. Таму што Украіна спыніла закупку беларускага паліва-з-за той самай вайны.
Па факце, мы «згубілі» цэлы нафтаперапрацоўчы завод. Чаму? Таму што нашы нафтапрадукты знаходзяцца пад санкцыямі і іх ніхто не купляе.
Па нафце, якую мы будзем купляць па «ўнутрырасійскіх цэнах», увогуле цікавая сітуацыя. У панядзелак, 14 сакавіка, расійская кампанія «Замежнафта» выставіла на продаж шэсць партый нафты «Urals». Тэндар уключаў у сябе 600 тысяч тон сырой нафты з адгрузкай у II квартале гэтага года. Але ён праваліўся, паколькі на расійскую сыравіну не знайшлося пакупнікоў: усе патэнцыйныя партнёры адмовіліся рэгістравацца ў тэндары.
Раней іншая расійская кампанія — «Сургутнафтагаз» — таксама не змагла рэалізаваць сырую нафту.
Гэта значыць, Расія прадае нам тое, што ўсе астатнія патэнцыйныя спажыўцы браць адмовіліся. І гэта правільная тактыка: прадаць хоць каму-небудзь, таму што рэзервуары для захоўвання нафты — не бяздонныя. А вось што мы будзе рабіць альбо з гэтай «нафтай па ўнутрырасійскіх цэнах», альбо з нафтапрадуктамі (а перапрацоўка нафты таксама каштуе грошай) — невядома, таму што нашы рэзервуары не бяздонныя таксама.
І не факт, што ва ўмовах такой «адсутнасці попыту» кошт «Urals» не ўпадзе да адмоўных значэнняў, як гэта было вясной 2020 года. А мы ўсё роўна будзем купляць яе па «ўнутрырасійскіх цэнах». «Кеміце?» — сказаў бы капітан Джэк Верабей.
Тая ж сітуацыя з газам. «Паўночны паток-2» скончыўся не пачаўшыся, найбуйнейшая энергетычная кампанія ФРГ «E. ON» перастала закупляць прыродны газ у расійскіх пастаўшчыкоў з-за ўварвання Расіі ва Украіну, «Газпрам» з зайздроснай рэгулярнасцю не замаўляе транспарціроўку па «Ямал-Еўропе». Таму што тая самая Еўропа ўсвядоміла нарэшце: бяспека важнейшая за танныя энергарэсурсы. І цяпер у Расіі стратэгія тая ж: прадаць хоць каму-небудзь. І гэтым «кімсьці» мы і аказаліся.
Можна, вядома, спадзявацца, што ў нас пад бокам бязмежны расійскі рынак, але... Ведаеце, што насцярожвае ў заяве Галоўчанкі? Слова «мінімальны». «Якая б забяспечвала стабільную працу беларускіх НПЗ з мінімальнай рэнтабельнасцю», — яшчэ раз працытуем словы прэм’ера пра расійскую нафту. Гэта значыць, што пра прыбытак, і, адпаведна, пра інвестыцыі, і, як вынік, пра развіццё «Нафтану» і Мазырскаму НПЗ можна забыцца. Ну, і калі будзе «мінімальнай» рэнтабельнасць, то заробкі, канешне, будуць адпаведныя. Мінімальныя.
«Прынята рашэнне па рэструктурызацыі і растэрміноўцы дзяржаўных крэдытаў, якія падаваліся Расійскай Федэрацыяй, аб пераводзе іх з валюты ў расійскія рублі. У прынцыпе, гэта будзе прымяняцца да ўсіх нашых пагадненняў», — заявіў Галоўчанка. Таксама нядрэнна, мы гэтага дамагаліся — і дамагліся. Але ёсць адно «але».
Беларусь разам з Расіяй — на парозе дэфолту. У якасці санкцый у Сінявокую, як і ў РФ, забароненыя пастаўкі долараў і еўра. Такім чынам, расійскія крэдыты ў замежнай валюце ўсё роўна ніхто б не выплаціў. А так — для Расіі ёсць верагоднасць, што ёй аддадуць хоць што-небудзь. Хоць расійскімі рублямі, якія павольна, але дакладна ператвараюцца ў «драўляныя». Тым не менш, «хоць нешта» — гэта значна лепш, чым «нічога». А ў выпадку дэфолту якраз і было б «нічога».
Пра што яшчэ дамовіліся? Пра пастаўкі ў Расію беларускай сельскагаспадарчай і машынабудаўнічай прадукцыі, пра распрацоўку сумесных праграм імпартазамяшчэння ў машынабудаванні і мікраэлектроніцы, было згадана пра ўдзел беларускага боку ў абаронным заказе Расіі... І наогул, паводле слоў Лукашэнкі, у Расіі і Кітаі будзе запатрабавана ўсё, што вырабляецца ў Беларусі. «Там будзе запатрабавана ўсё, што мы вырабляем — і лёгкая прамысловасць, і нафтаперапрацоўка, нафтахімія. Усё, што мы вырабляем, на гэтым вялізным рынку, у Расіі і Кітаі, трэба будзе», — сказаў ён.
Так, усё, што мы вырабляем, там будзе запатрабавана. Пытанне толькі ў тым, ці зможам мы гэта вырабіць.Аўтааматары ўжо скардзяцца: цэны на запчасткі ўзляцелі да нябёсаў. Аўтамайстэрні ў адказ заяўляюць: паставак аўтазапчастак з Еўропы няма і, верагодна, не будзе. Усе пакуль працуюць на складскіх запасах, а калі яны скончацца — невядома, што далей. І калі вы думаеце, што гэта тычыцца толькі «прыватнікаў», вы глыбока памыляецеся.
Самы просты прыклад — гідраўзмацняльнік руля (усе аўтааматары ведаюць, што гэта такое). Паводле паведамленняў «дэструктыўных» тэлеграм-каналаў (а іншых цяпер, падобна, няма), гідраўліку на МАЗ і МТЗ пастаўляў нямецкі «Bosh». Ёсць санкцыі — няма гідраўлікі. І нават калі няма санкцый, але няма валюты, каб за гэтую гідраўліку расплаціцца — гідраўлікі ўсё роўна няма.
Я ўжо не кажу пра прыборную панэль сучаснага аўтамабіля, у якой усё на мікрачыпах. Мікраэлектроніка забароненая для паставак у Беларусь і Расію як прадукцыя «падвойнага прызначэння», а калі б не была забароненая — усё роўна валюты, каб купіць яе, няма.
Нагадаю, што Беларусь лічылася «зборачным цэхам» СССР. Але зборачны цэх не можа працаваць без дэталей. І атрымліваецца, што найлепшым прадпрыемствам беларускага машынабудавання хутка стане конезавод у Ратамцы.
Так што на месцы беларускага кіраўніцтва я б не меў ілюзій, што мы нечага «дамагліся». Яшчэ і таму, што каментары расійскага боку наконт таго, што «здарылася тое, за што мы з Расіяй змагаліся», значна адрозніваюцца ад пераможнай беларускай рыторыкі.
Расійскі прэм’ер Міхаіл Мішусцін, каментуючы гэтыя дамоўленасці, сказаў, канешне, пра «скаардынаваныя меры, каб абараніць нашу эканамічную бяспеку і тэхналагічны суверэнітэт Расіі і Беларусі». Але дадаў, што найперш лічыць неабходным «узмоцніць інтэграцыю ў Саюзнай дзяржаве».
Зразумелі, для чаго ўсё гэта?