Як толькі рашэнні ўрада ўвасобяцца ў жыццё — здарыцца дэфолт

«Пакуль усе ламалі галаву над тым, як аддаць знешні доўг, адказ быў побач!» — піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

На фоне безлічы негатыўных навін здараюцца часам яркія прасветы. Сёння адной праблемай у беларускай эканоміцы стала менш: пытанне валютнай запазычанасці, здаецца, вырашанае. Дадатковыя меры па забеспячэнні стабільнага функцыянавання эканомікі, прынятыя, аказваецца, яшчэ 14 сакавіка, даюць магчымасць выплат па знешніх пазыках у беларускіх рублях.

Гэтым правам можа скарыстацца сама дзяржава, а таксама банкі і іншыя юрыдычныя асобы па рашэнні ўрада, калі абавязацельствы неабходна выконваць перад «недружалюбнымі» краінамі ці «замарожваць» інвестпраекты замежнымі інвестарамі.

Пакуль усе ламалі галаву над тым, як аддаць знешні доўг, адказ быў побач, фактычна ў кожнай кішэні — беларускі рубель! (Тут чуецца рыпенне друкарскага варштата.)

Вядома, застаюцца складанасці. Пазыкі перад Расіяй трэба вяртаць. Але тут таксама ў рублях, хай і расійскіх. Кітай, трэба думаць, усё ж такі пакуль сябар настолькі, што яму даўгі давядзецца вярнуць варожай валютай. Якой у рэзервах Нацбанка ўсё менш. Ды і ў прадпрыемстваў запасы невялікія. Затое ў Еўропе, пасля таго як мы расплацімся па даўгах, можа з'явіцца больш беларускіх рублёў. Эфектны выхад беларускага рубля на знешні валютны рынак. Заслона.

P.S. Як толькі названыя нормы будуць рэалізаваныя на практыцы — фактычна адбудзецца дэфолт. А следам — чарада арыштаў беларускай маёмасці за мяжой.