Турызм у сённяшняй Беларусі: «Вэлкам ту Бэсэсэр 2.0»

Нацыянальнае агенцтва па турызме нядаўна аб’явіла конкурс «Найди свою Беларусь». Сутнасць у тым, каб замежнікі і асобы без грамадзянства здымалі і дасылалі ролікі пра тое, якая Беларусь прыгожая, прывабная і «вайскова-патрыятычная», піша «Будзьма».

Чытаем: «Конкурс праводзіцца з мэтай падтрымання іміджу Рэспублікі Беларусь як адкрытай да дыялогу краіны з перспектыўным і багатым турыстычным патэнцыялам». Сярод мэтаў конкурсу ёсць і такія:

— фармаванне пазітыўнага стаўлення замежных турыстаў да падарожжаў па Беларусі;

— папулярызацыя гісторыка-культурнай, вайскова-патрыятычнай спадчыны і прыроднага багацця Беларусі за мяжой.

Тут прыўкрасна ўсё. Беларусь раптам аказваецца адкрытай да дыялогу краінай. Мабыць, яшчэ і бяспечнай. Акрамя прыроды і гісторыі тут ёсць «вайскова-патрыятычная спадчына» (трэба было дадаць «унікальная», бо ў нас жа ўсё ўнікальнае). А самае цікавае, што ролікі для запрашэння замежнікаў маюць здымаць... самі замежнікі.

Глянец і перакладчыкі ў пагонах

Цікава, у чыю светлую галаву прыйшоў гэты набор выпадковых сэнсаў? Чаму акурат зараз, калі ўсе размовы афіцыйнага Мінска круцяцца вакол рускай ядзернай зброі на тэрыторыі РБ? Калі па турмах за перакананні сядзяць тысячы людзей, а бяспечна ў краіне сябе адчуваюць хіба мёртвыя, бо іх наноў не заб’юць і не пасадзяць?..

Зразумела, што калі нават МЗС мае нечым займацца ў сітуацыі адсутнасці знешняй палітыкі, то і Нацыянальнае агенцтва па турызме павінна імітаваць дзейнасць пры адсутнасці турыстаў. Нават у сталінскім СССР існавала агенцтва «Інтурыст», якое трымала пад сабой сетку гасцініц і рэстаранаў, цесна працуючы з КГБ па «цікавых» замежніках. Дык чым мы горшыя?

Турызм у часы халеры, даруйце — аўтарытарызму на шляху да таталітарызму — цікавая тэма для даследаванняў. Гэта гісторыя, калі краіна з татальным кантролем, лагерамі і рэпрэсіямі спрабуе стварыць дэкарацыю. Маляваны камін у каморцы Таты Карла. Усе гэтыя глянцавыя шматмоўныя часопісы, спецкрамы з коштамі ў далярах, усмешлівыя акуратна паголеныя перакладчыкі са званнямі не ніжэй капітана, прастытуткі з асаблівымі заданнямі... Карацей, «вэлкам ту Бэсэсэр 2.0».

«Краіна замкаў» супраць «саўковага запаведніка»

Самае смешнае, што ў плане канцэптаў турыстычнай заманухі нешта падобнае фігуравала і 5–7 гадоў таму. Маўляў, для рускага турыста мы маем быць «блізкай Еўропай», «краінай замкаў». Чысценька, хораша, па-заходняму. Для еўрапейскага турыста — «саўковым запаведнікам». Чысценька, хораша, таталітарна. Замкі яны і ў сябе ў еўропах бачылі, а ў нас — леніны, дамы культуры, «Савецкае шампанскае». Хай насалоджваюцца.

Раней усё гэта чыталася як гульня з рэальнасцю. У часы «бязвізу» і «мяккай беларусізацыі» падавалася, што савецкасць — гэта атавізм, які сам спарахнее натуральным шляхам. А пакуль яшчэ ёсць і замежнікам гэта прыкольна — хай спажываюць. Хай будзе і такая дэкарацыя. Зараз усё наадварот. Дэкарацыяй апынулася еўрапейскасць, а «саўковы запаведнік» стаў сутнасцю і мэйнстрымам.

Беларусь як «блізкая Еўропа» для рускіх таксама застаецца актуальнай. Чаму не? Толькі гэта ўжо Еўропа ў стылі ГДР 1970-х — 1980-х. Месца, дзе штодня старанна адмываюць вуліцы і фарбуюць будынкі, але за ўсім гэтым: шэрасць, страх і паўсюднае Штазі. Зрэшты, савецкаму чалавеку нават пры такім раскладзе было больш утульна, чым ва ўмоўнай Чыце ці Варонежы.

Ленін, вушанка і валёнкі

З канцэптам «краіны замкаў» — цяжэй. Нехта там ужо выказваўся на іхным тэлевізары, маўляў, усё гэта спадчына «польскіх паноў» і «акупантаў». Весела будзе, калі дырэктарам Нясвіжскага замка паставяць (яшчэ не паставілі?) якога-небудзь палкоўніка ў адстаўцы. Высветліцца, што ў замку бываў Сувораў, а ў 1950-х у спецсанаторыі «Нясвіж» адпачываў які-небудзь герой СССР... Вось тады на Радзівілаў можна будзе забыцца.

Наогул я ўвёў бы для экскурсаводаў, апроч ліцэнзіі, яшчэ і абавязковую «падпіску аб супрацы» самі ведаеце з кім. Для прастытутак — легалізацыю пры ўмове чалецтва ў БРСМ ды бясплатныя курсы замежных моваў (за літоўскую — надбаўкі, бо складаная). «Савецкае шампанскае» — толькі за даляры і еўра. Кожнаму, хто прыехаў па «бязвізе» — бюст Леніна ці матрошку ў падарунак.

Бачыце, колькі працы! Колькі перспектыў! Колькі цікавых ролікаў можа атрымацца! Толькі ролікі варта будзе здымаць на... чорна-белую стужку. І запускаць замежнікаў лепш, канечне, зімой. Каб холадна, вушанкі і валёнкі. Для поўнай аўтэнтычнасці.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: