Беларускі рэжым не баіцца новай хвалі эміграцыі

Беларусь здымае абмежаванні на перасячэнне сваёй наземнай мяжы — як для замежнікаў, так і для беларусаў. Забарона перастане дзейнічаць ужо ў ноч на 3 красавіка. Чаму менавіта цяпер улады разыгралі гэты атракцыён нечуванай шчодрасці?

Вадзім Мажэйка

Вадзім Мажэйка

Забарона дзейнічала яшчэ з канца снежня 2020 года — нібыта ў сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай. Але калі параўнаць статыстыку Міністэрства аховы здароўя тады і цяпер, будзем сумленныя, лічбы не тое каб моцна адрозніваліся: на 21 снежня 2020-га было зарэгістравана 1893 новыя выпадкі каронавіруса і 9 смярцей, на 1 красавіка 2022-га — 1139 выпадкаў захворвання і 10 смярцей.
Да таго ж, так дзіўна выйшла, што спачатку Саўмін падпісаў пастанову і толькі на наступны дзень Мінздароўя дало тлумачэнні і падрабязнасці. Можа, справа не ў пандэміі?
— Не думаю, што адмена абмежаванняў сур'ёзна звязаная з кавідам, — адзначае ў інтэрв'ю «Філіну» аналітык «BISS» Вадзім Мажэйка. Проста таму што ў апошнія гады ў Беларусі, ды і не толькі ў ёй, усё запар абгрунтоўваюць кавідам. Увялі абмежаванні — таму што каронавірус, перадачы ў турмы не прымаюць — таму што каронавірус, і гэтак далей.
Як мы разумеем, кавід — гэта не прычына, а хутчэй нагода, прычым ён можа быць падставай як для ўвядзення забарон, так і для іх адмены. А з нагоды даверу афіцыйнай статыстыцы па кавідзе я б і зусім не ўспамінаў.
Чаму насамрэч адмянілі абмежаванні на ўезд і выезд па зямлі? Эксперт кажа, што дзіўна ў цяперашніх умовах выглядае не адмена, а ўвядзенне забароны:
— Часы, калі аўтарытарныя рэжымы перашкаджалі эміграцыі людзей, — гэта часы ХХ стагоддзя, калі людзей успрымалі як рэсурс. Менавіта таму, напрыклад, савецкая Расія з першых гадоў свайго існавання імкнулася абмежаваць перамяшчэнне грамадзян, гэтак жа было ў выпадку з ГДР — спачатку людзям не перашкаджалі з'язджаць, але калі тэндэнцыя стала масавай, пабудавалі Берлінскую сцяну.
У ХХІ стагоддзі аўтарытарныя рэжымы не перашкаджаюць эміграцыі, а наадварот ёй садзейнічаюць. Яны зацікаўленыя ў тым, каб усе нязгодныя з'ехалі далей і ім не перашкаджалі. Вядома, з улікам развіцця інтэрнэту і камунікацый уяўленне пра тое, што з'ехаўшыя зніклі з публічнага поля і наогул не важныя — у корані няслушнае, але старыя аўтарытарныя лідары прыкладна так гэта і ўспрымаюць.
Таму значных праблем для эміграцыі яны не ствараюць, і мы бачылі, колькі было эмігрантаў з Беларусі пасля 2020 года, як цяпер актыўна з'язджаюць многія і з Беларусі, і з Расіі. І хоць на гэтым шляху ёсць нямала бюракратычных перашкод і лагістычных цяжкасцей, але сур'ёзна перашкодзіць і настроіць людзей застацца ў краіне рэжымы ўвогуле не імкнуцца.
Да таго ж, паверыць, што чалавек мае цвёрды намер з'ехаць з краіны і тут даведваецца, што праз «Каменны Лог» на машыне нельга і гаворыць: «Ну, тады не, застаюся», — пагадзіцеся, гэта складана сабе ўявіць.
Таму, кажа Вадзім Мажэйка, рашэнне аб адмене забароны на перасячэнне наземнай мяжы выглядае даволі лагічна.
Ці не прадыктавана адмена абмежаванняў жаданнем уладаў згуляць, як гэта было ў 2014 годзе, на фактары ўкраінскіх бежанцаў — маўляў, глядзіце, мы ўсё-такі брацкі народ і, у адрозненне ад «загніваючага Захаду», прымаем да сябе людзей, якія ўцякаюць ад вайны, без усялякіх там ПЛР-тэстаў?
— У прынцыпе, мы і так усе апошнія тыдні бачылі інфармацыю, што бежанцы прыбываюць на паўднёвую мяжу і іх сустракае Чырвоны Крыж, — кажа аналітык. — Відавочна, што ёсць розніца паміж тым, што было ў 2014 годзе і цяпер. (Паводле даных прадстаўніцтва ААН, у 2014 годзе ў Беларусі знаходзіліся каля 30 тысяч украінскіх грамадзян, але па атрыманне афіцыйнага статусу бежанца за тры гады звярнуліся ўсяго каля 2300 чалавек. З пачатку сакавіка па 1 красавіка 2022 года, паводле звестак Дзяржпамежкамітэта, у Беларусь прыбылі каля 12 тысяч грамадзян Украіны. — Заўв. рэд.).
Але само па сабе існаванне абмежаванняў гэтым працэсам не замінала: калі чалавек уцякае ад вайны, то апошняе, што яго хвалюе — гэта якія там правілы пераходу беларускай мяжы. Так што, думаю, з украінскімі бежанцамі гэтае рашэнне таксама не звязанае.
— Не хацелася б удавацца ў канспіралогію, але на фоне заяў «вакол ворагі» і «магчымыя правакацыі на паўднёвых межах» адкрываць гэтыя самыя межы — выглядае дзіўна…
 Калі вы выявілі не толькі ў заявах, але і ў дзеяннях беларускай улады ўзаемавыключальныя пункты або адсутнасць сістэмнай логікі — згодны, так яно і ёсць, прама скажам, гэта не першы выпадак і, відавочна, не апошні. Нелагічных дзеянняў рэжыму вельмі шмат, і будзе не менш.
І ўсё ж, лічыць аналітык, галоўнае імкненне беларускіх уладаў — не толькі не ўтрымліваць сваіх грамадзян, але «выціснуць» усіх нелаяльных. А заадно і зарабіць на гэтым — напрыклад, павысіць цэны на апастыль або падняць да «эканамічна абгрунтаваных» тарыфы на паслугі ЖКГ для ўсіх, хто з'язджае з краіны больш, чым на 30 дзён.
 Такія рашэнні вельмі ў духу сучаснай аўтакратыі. Гучаць яны не вельмі па-людаедску, і за тое, што будзе падвышаная камуналка для палітэмігрантаў, ніякія еўрапейскія палітыкі не пачнуць крытыкаваць Лукашэнку, а для бюджэту гэта лішняя капеечка.
Новай хвалі эміграцыі ўлады не баяцца, наадварот, нават рады. І відавочна, што рэпрэсіі, звязаныя не з крымінальным пераследам палітычных праціўнікаў, як у выпадку Севярынца, Статкевіча, Ціханоўскага, а з адміністрацыйнымі арыштамі, штрафамі, з паўторнымі затрыманнямі людзей за акцыі, якія праходзілі два гады таму — гэта вельмі празрысты намёк усім тым, хто супраць улады: глядзіце, бойцеся і едзьце далей.
І нельга сказаць, што гэта зусім ужо непрацоўная тактыка: дзясяткі тысяч людзей ужо з'ехалі ў самыя розныя краіны. Прыкладна гэтага ўлады дамагаюцца. Тым больш, што ад'езд самых яскравых, заўважных, актыўных лідараў супольнасці негатыўна адбіваецца на мабілізацыі тых, хто застаецца ў Беларусі. Сярод іншага, такое выцісканне нязгодных з краіны — фактар ​​стабілізацыі рэжыму, — рэзюмуе эксперт.