Вадзім Мажэйка: Нармальную будучыню мы атрымаем толькі ў выніку канчатковага паражэння Расіі

Палітычны аглядальнік Вадзім Мажэйка ў эфіры нямецкага радыё «WDR» зрабіў прагноз на 2023 год.

Вадзім Мажэйка. Фота: facebook.com

Вадзім Мажэйка. Фота: facebook.com


Пра мінулы год і яго вынікі

Гэта год, калі ва Усходняй Еўропе пачалася вайна, якая мяняе ўвесь рэгіянальны ландшафт. Вядома, гэта ў першую чаргу галоўная падзея для Украіны, але таксама і для Расіі з Беларуссю. Для мяне як для беларуса трагічна гучыць, што з беларускай тэрыторыі ажыццяўляюцца атакі на Украіну, што Беларусь, без усялякага сумневу, з'яўляецца суагрэсарам у гэтай вайне, саўдзельнікам расійскай агрэсіі. Гэта тое, што змяняе нас і будзе ўплываць потым на шмат пакаленняў наперад — вопыт калектыўнай траўмы, пражыты з розных бакоў. У Германіі добра ведаюць, як гэта можа ўплываць на падзеі на дзясяткі гадоў, і гэта тое, чаму нам усім трэба будзе вучыцца: як жыць і што рабіць далей, калі разумееш, што асабіста ты быццам бы нічога дрэннага не зрабіў, але ў той жа час ты асацыіруешся з цалкам злачыннымі дзеяннямі.


Суагрэсар ці акупаваная тэрыторыя?

На акупаванай тэрыторыі ствараюцца органы акупацыйнай адміністрацыі пад замежным узброеным кантролем, і ў гэтым сэнсе вельмі заўважная розніца паміж Беларуссю і той жа Херсонскай вобласцю, куды прыходзяць расійскія войскі, прыводзяць якога-небудзь расійскага чыноўніка з расійскага рэгіёна, ставяць яго кіраўніком. Усё-ткі нічога падобнага ў Беларусі не адбываецца. І мне здаецца, што называць Беларусь акупаванай — гэта спроба саскочыць з любой адказнасці і сказаць: «Мы тут ні пры чым, нас акупавалі, мы наогул ні ў чым не ўдзельнічалі». Мне здаецца важным называць рэчы сваімі імёнамі. Беларусь — суагрэсар, прадастаўленне сваёй тэрыторыі замежнай дзяржаве для атакі на трэцюю дзяржаву рэзалюцыя ААН 19/74 больш чым прама дэкларуе як адзін з крытэрыяў удзелу ў суагрэсіі.

Мірны пратэст і гвалтоўны супраціў

Не існуе мірных спосабаў змены аўтарытарнай улады і мірных рэвалюцый, якія гарантавалі б перамогу з верагоднасцю звыш 50%. Беларускі пратэст у гэтым быў узорным: і мірным, і масавым, ён натхняў людзей па ўсім свеце. Я памятаю, як «Washington Post» пісалі пра тое, як амерыканцам трэба вучыцца дэмакратыі ў беларусаў. Прама скажам, гэта не самыя відавочныя думкі.

Як мы бачым, нават гэты пратэст не меў гарантаванай перамогі, і таму многім хочацца вярнуць суб'ектнасць і паспрабаваць знайсці нейкае апраўданне: мы не зрабілі таго і таго, трэба было тое і так. Цяпер, на фоне вайны, многія робяць лагічную памылку: калі мірны пратэст не перамог, значыць, трэба не мірны — такі, які перамагае. 

Няма лёгкага адказу на пытанне, калі знікнуць з нашых экранаў і тэм Лукашэнка ці Пуцін, ці вайна. Мне здаецца, тут важна глядзець глыбей і разумець, што нас цікавіць не проста змена Лукашэнкі ці Пуціна на кагосьці іншага, а дэмакратызацыя, павага правоў чалавека і суверэнітэт суседніх краін.

Што чакае далей тры народы, якія прапаганда называла «брацкімі»

Спроба называць народы «брацкімі» — вельмі маніпулятыўная рэч, бо ў ёй ужо закладзена, што рэдка калі гэта браты-блізняты, часцей за ўсё ёсць хтосьці старэйшы, і далей пачынаюцца ўсе маніпуляцыі мысленнем — пра тое, што хтосьці важнейшы. Гэта прыводзіць да таго, што адна суверэнная дзяржава лічыць, што мае права ўмешвацца ў справы іншай суверэннай дзяржавы. 


У цяперашніх палітычных канфігурацыях не прасочваецца адэкватных адносін паміж Расіяй і Украінай, але я думаю, што любая спроба цывілізаванага дыялогу будзе магчымай — у іншай палітычнай канфігурацыі і ва ўмоўнай сітуацыі, калі Расія, расійскае грамадства, у першую чаргу, пераасэнсуе свае памылкі і падумае над тым, што і як трэба змяніць. Уласна, як мы бачым, цалкам нармальны дыялог магчымы цяпер паміж усходнееўрапейскімі краінамі і Германіяй — нягледзячы на тое, што адбывалася ў Другую сусветную.

Вельмі важна ўлічваць і германскі досвед таго, як жыць далей. У меншай ступені, але тое самае будзе актуальна для ўкраінцаў і беларусаў, і таму, мне здаецца, вельмі важна падтрымліваць кантакт на прафесійным, культурным, чалавечым узроўні — каб не дапускаць расчалавечвання, дэгуманізацыі, да якіх непазбежна вядзе вайна з усіх бакоў.

Ці будуць добрыя навіны ў 2023 годзе

Добрыя навіны ёсць заўсёды, нават сярод сумных падзей. Зразумела, што, гледзячы на мінулы год, назваць яго добрым язык не павернецца, але, тым не менш, якую гераічную салідарнасць украінскага грамадства мы ўбачылі! Такая гатоўнасць супраціўляцца не можа не натхняць. 

Добрыя навіны 2023 года ўжо прадвызначыў год 2022-гі. Як я ўжо сказаў, з аднаго боку, гэта гатоўнасць Украіны супраціўляцца, і, з другога боку, гэта гатоўнасць Захаду быць салідарным і разумець важнасць падтрымкі Украіны. Расія спадзявалася на скандалы, што Германія, Польшча, Венгрыя будуць лаяцца, ніхто не зможа дзейнічаць сінхронна ні ў энергетыцы, ні ў вайсковай дапамозе Украіне, а на практыцы мы бачым, што такой салідарнасці моцна больш, чым хацеў бы Крэмль. 

2023 год наўрад ці пакажа нейкую канчатковую, беспераломную перамогу Украіны, але, безумоўна, будзе паказваць прасоўванне Украіны і паражэнне Расіі. І мне здаецца, у рэшце рэшт, у нашым рэгіёне гэта тое, што цяпер з'яўляецца ключавым для вызначэння будучыні, усёй пасляваеннай канфігурацыі.

Нармальную будучыню мы можам атрымаць толькі ў выпадку канчатковага ваеннага і палітычнага паражэння Расіі, і вельмі важна, каб менавіта гэты прыклад і быў прадэманстраваны.