Топ-3 палітычных падзей 2022 года ў Беларусі ад Вадзіма Мажэйкі

2022-ы год у Беларусі — не толькі тое, што з тэрыторыі Беларусі Лукашэнка дазволіў атакаваць Украіну, але і тое, што ў Беларусі праваабаронца настолькі адважна змагаўся, што атрымаў Нобелеўскую прэмію. Палітолаг Вадзім Мажэйка ў сваім тэлеграм-канале згадаў найбольш значныя, на яго думку, палітычныя падзеі года.

_perszy_sneh__zima_2021___minsk___holad___zanjapad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg

1. Беларусь — саўдзельнік агрэсіі супраць Украіны.

— Мы можам казаць, што гэта рэжым Лукашэнкі, а мы не такія. Але па міжнародным праве няма ніякіх сумневаў, што менавіта Беларусь з'яўляецца саўдзельнікам агрэсіі. Гэта вялікая праблема — і тое, чаго не было ў суверэннай Беларусі ніколі. Гэта, вядома, вельмі засмучае, зусім жудасна і амаральна ў цяперашнім моманце.

2. Страта Беларуссю ваеннага суверэнітэту.

— Гэта не страта беларускай арміі, ёю не камандуюць расійскія афіцэры, але факт у тым, што Расія можа выкарыстаць беларускую тэрыторыю для перамяшчэння сваіх салдат, тэхнікі, самалёты атакуюць Украіну з Беларусі. Ваенны суверэнітэт — гэта адна з важных прыкмет самастойнасці. Гэта будзе дастаткова цяжка аднавіць. Калі расійскія войскі ўсе выйдуць з тэрыторыі Беларусі, вельмі цяжка будзе пераканаць кагосьці, што яны не могуць гэтак жа лёгка туды зайсці назад.

3. Нобелеўская прэмія для палітвязня, кіраўніка «Вясны» Алеся Бяляцкага.

— Далёка не ва ўсіх краін у свеце ёсць хоць адзін Нобелеўскі лаўрэат. У беларусаў ёсць два «Нобелі». Гэта вельмі крута. Тое, што робяць і рабілі беларускія праваабаронцы, заслугоўвае не толькі безумоўнай падтрымкі, якая ў іх ёсць у беларускім грамадстве, але і міжнародных падзякаў на найвышэйшым узроўні.

Гэта тое, што застанецца ў гісторыі пра 2022 год у Беларусі. Не толькі тое, што з тэрыторыі Беларусі Лукашэнка дазволіў атакаваць Украіну, але і тое, што ў Беларусі праваабаронца настолькі адважна змагаўся, што атрымаў Нобелеўскую прэмію. Умоўна кажучы, мы можам ўспомніць, якія расійскія пісьменнікі атрымалі Нобелеўскую прэмію, але не заўсёды можам ўспомніць, які ў той момант быў генеральны сакратар Кампартыі.