Уладар пярсцёнкаў і яго рабы-назгулы: У сеціве кпяць з падарунка Пуціна

На нефармальным саміце ў расійскім Санкт-Пецярбургу лідарам краін СНД былі падораныя залатыя пярсцёнкі-віншаванні «З Новым Годам». І пачалося!

2792719.jpg

Сёння стала вядома, што Пуцін падарыў лідарам краін СНД восем пярсцёнкаў з сімволікай Садружнасці: прэзідэнтам Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, прэм'еру Арменіі і кіраўніку Беларусі. Яшчэ адзін Пуцін пакінуў сабе.

Пры гэтым Лукашэнка быў адзіным, хто адразу прымерыў падарунак, іншыя кіраўнікі дзяржаў адмовіліся гэта рабіць.

Кожны пярсцёнак зроблены з белага і жоўтага золата. Белае ідзе па краі, а з жоўтага адліта віншаванне, сімвал Садружнасці, а таксама надпіс «Расія».

У сеціве іранічна параўналі дзевяць пярсцёнкаў для кіраўнікоў краін СНД з дзевяццю пярсцёнкамі ўлады з кніг Джона Толкіна. Гэтыя пярсцёнкі выкаваў цёмны ўладар Саўран для чалавечых каралёў. Пярсцёнкі каралёў падпарадкоўваліся пярсцёнку ўсеўладдзя (адзінаму пярсцёнку), якім валодаў сам Саўран.

Адразу ж з нагоды падарунку Пуціна з’явілася процьма жартаў. Нават у Крамлі мусілі адрэагаваць на «пярсцёнкі ўлады» і заявіць, што падарункі з'яўляюцца звычайнымі навагоднімі сувенірамі.

Пра гэта, у прыватнасці, сказаў спікер Крамля ў аўторак, 27 снежня. Так, Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ён перакананы: Уладзімір Пуцін не будзе насіць гэты пярсцёнак. «Не трэба на пярсцёнках акцэнтавацца, гэта проста такі навагодні сувенір, нічога там асаблівага няма», – сказаў ён журналістам.

photo_2022_12_27_20_39_51.jpg



Беларускі палітолаг Павел Усаў пракаментаваў падарункі Пуціна так: «Пуцін падарыў кожнаму са сваіх меркаваных кліентаў па пярсцёнку. Сумняваюся, што Пуцін чытаў Толкіна. Але залежнасць ад сімвалізму ў Крамлі проста дзіўная. Такім чынам, звяртаючыся да трукаў і гульняў у амулеты, злучальныя пярсцёнкі, рытуальны містыцызм Масква спрабуе змяніць, "загаварыць" рэальнасць».

У сацсетках адразу ж з’явілася мноства жартаў з нагоды такога падарунка Пуціна лідарам краін СНД. Прэзідэнта Расіі імгненна параўналі з Саўранам і «зацвердзілі» новую назву для РФ — Мордар. Сеціва «выбухнула» мемамі на такую ініцыятыву расійскага прэзідэнта, піша korrespondent.net.


Пуціна адразу ж параўналі з уладаром цемры Саўранам, які раздаў дзевяць кольцаў кіраўнікам дзевяці каралеўстваў, пасля чаго тыя сталі яго рабамі. Варта згадаць, што і без такога падарунку Пуціна пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны ў медыяпрасторы і сацсетках часта выкарыстоўвалі вобразы з Уладара пярсцёнкаў Толкіна: Расію называлі Мордарам, а расійскіх салдат — оркамі.

Інцыдэнт з Пуціным пракаментавала нават прэс-служба СБУ.

«Прачыталі, што "за парэбрыкам" адзін ваенны злачынец раздаў дзевяць кольцаў і думае, што гэта яму дапаможа нас перамагчы. Мы чыталі Толкіна — і ў нас для яго толькі дрэнныя навіны», — такое паведамленне з'явілася ў Telegram-канале ведамства. Паведамленне праілюстравана здымкам, на якім супрацоўнікі СБУ глядзяць у вакно на рэзідэнцыю Саўрана.

А дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка нагадаў, што дарыць пярсцёнкі — дрэнная прыкмета: «Дасведчаныя людзі кажуць, што гэта да хуткага расстання. Але, мяркуючы па ўсім, Пуцін у гэтым дачыненні абсалютна не баіцца не забабонаў», — напісаў ён.