Валерый Сахашчык: Вайсковую часць беларусаў ва Украіне сфарміруюць да вясны

Вайсковую часць беларусаў-добраахвотнікаў у складзе Узброеных сіл Украіны сфарміруюць да вясны. Пра гэта ў панядзелак на сустрэчы ў Варшаве заявіў прадстаўнік па пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі, кіраўнік Дэпартамента нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык.

326127987_1111800989486205_1898495828929906618_n.jpg

«Такая часць існуе. Яна зараз камплектуецца, — цытуе Валерыя Сахашчыка «Еўрарадыё». — Да канца лютага яна скончыць камплектаванне, падрыхтоўку і прыступіць да выканання заданняў баявых... Не так мала людзей там. Ёсць афіцэры беларускія. Вядомая справа, што камандуе часцю афіцэр украінскі. Кіраўніцтва часці ўсё ўкраінскае, бо, згодна з заканадаўствам Украіны, інакш на сённяшні дзень быць не можа. Мы ініцыявалі змены ў заканадаўства, каб быў дазвол афіцэрам-беларусам займаць афіцэрскія пасады ва Узброеных сілах Украіны. Але я не ведаю, калі будзе вынік з гэтага і ці будзе наогул. Пытанне не такое простае».

Пра тое, што ва Украіне створана новая вайсковая часць беларусаў-добраахвотнікаў, Сахашчык заявіў у пачатку снежня 2022 года. Паводле яго слоў, яна атрымае сучаснае ўзбраенне.

«Цяпер мы фарміруем вайсковую часць. У адрозненне ад фарміраванняў, якія былі раней, гэтая часць ужо валодае даволі сучаснай і эфектыўнай сістэмай разведкі, сістэмай кіравання войскамі, сістэмай сувязі і сродкамі агнявога паражэння. Такая вайна, якую вядзе полк Каліноўскага, батальён «Тэрор», «Пагоня» — гэта не зусім тое, што нам трэба. Гэта часам прыводзіць да неапраўданых ахвяр. Воінскае фарміраванне павінна мець усе элементы арміі XXI стагоддзя, прычым на якасным узроўні, які дазваляе атрымліваць перавагу над праціўнікам», — казаў Сахашчык у студзені ў інтэрв'ю праекту «Ж*ццё-маліна».

Украінскі бок, як тады ж заявіў Сахашчык, аказвае дапамогу ў фарміраванні новай часці. У выніку яна будзе выконваць тыя ж задачы, што і любая іншая часць УСУ.

«Украінскі бок таксама зацікаўлены, каб гэтая часць была эфектыўнай. Мы разумеем, што ўкраінцам самім вельмі шмат чаго не хапае. Што ў іх ёсць, што яны могуць, яны даюць», — адзначыў Сахашчык.