Сахашчык: Новая беларуская ваенная частка ва Украіне атрымала сістэмы разведкі і агнявога паражэння

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацбяспецы Валерый Сахашчык стаў госцем Youtube-канала «Ж*ццё-маліна». У інтэрв'ю журналісту Мікіту Мелказёраву ён распавёў аб сустрэчы з галоўнакамандуючым УСУ Валерыем Залужным і аб фарміраванні новай беларускай вайсковай часткі ва Украіне.

valeriy_sakhashchik_14012023.jpg

Са слоў Валерыя Сахашчыка, з Залужным яны пазнаёміліся яшчэ ў 2010 годзе, а ў 2022-м адбылася іх сустрэча, ініцыятарам якой быў сам Залужны. На сустрэчы не абмяркоўваліся рэчы, «наўпрост звязаныя з тым, што адбываецца паміж Украінай і Расіяй».

— Ні яго, ні мяне не цікавіць нічога, што звязана з палітыкай. Залужны высока ацаніў дзеянні беларусаў ва Украіне. Беларусы — самая шматлікая дыяспара ва Украіне. Добраахвотнікаў-беларусаў больш, чым прадстаўнікоў любой іншай краіны. Ён вельмі высока адазваўся аб баявых якасцях беларусаў, — цытуе ўрывак інтэрв'ю «Л*стэрка».

Ён таксама дадаў, што цяпер ідзе працэс фарміравання новай беларускай вайсковай часткі, якая будзе знаходзіцца пад камандаваннем УСУ.

— Цяпер мы фарміруем вайсковую частку. У адрозненне ад фарміраванняў, якія былі раней, гэтая частка ўжо валодае даволі сучаснай і эфектыўнай сістэмай разведкі, сістэмай кіравання войскамі, сістэмай сувязі і сродкамі агнявога паражэння. Такая вайна, якую вядзе полк Каліноўскага, батальён «Тэрор», «Пагоня» — гэта не зусім тое, што нам трэба. Гэта часам прыводзіць да неапраўданых ахвяр. Воінскае фарміраванне павінна мець усе элементы арміі XXI стагоддзя, прычым на якасным узроўні, які дазваляе мець перавагу над праціўнікам, — кажа Сахашчык.

Украінскі бок, як заявіў Сахашчык, аказвае дапамогу ў фарміраванні новай часткі. У выніку яна будзе выконваць тыя ж задачы, што і любая іншая частка УСУ.

— Украінскі бок таксама зацікаўлены, каб гэтая частка была эфектыўнай. Мы разумеем, што ўкраінцам самім вельмі шмат чаго не хапае. Што ў іх ёсць, што яны могуць, яны даюць.

Валерый Сахашчык таксама распавёў, ці атрымлівае ён узнагароджанне за сваю працу ў Аб'яднаным пераходным кабінеце.

— Я працую ў кабінеце на грамадскіх пачатках. Я пакуль не атрымаў ніводнай капейкі ніадкуль, — запэўніў палітык. У інтэрв'ю ён таксама адказваў на пытанні аб сваім будаўнічым бізнесе.

Нагадаем, у канцы снежня мінулага года, прадстаўляючы справаздачу аб працы дэпартамента нацыянальнай бяспекі пад яго кіраўніцтвам, Сахашчык распавёў аб «канструктыўным супрацоўніцтве» з УСУ. Ён заявіў, што вынікам сумеснай працы стала стварэнне ва Украіне новай беларускай вайсковай часткі.