Затрыманы адвакат Максім Знак
Чалец Прэзідыума Каардынацыйнай рады, адвакат Максім Знак, магчыма, затрыманы сёння раніцай. Ён перастаў выходзіць на сувязь, у штабе Бабарыка бачылі сілавікоў. Сам Знак паведаміў, што ў штаб прыйшлі людзі ў масках.

«А 8:30 у Максіма павінна было быць інтэрв’ю, ён не зайшоў у зум. Я яму патэлефанаваў, ён прамовіў фразу: «Падобна, хтосьці да нас прыйшоў». Адключыўся і напісаў слова «маскі». Цяпер ён недаступны», — паведаміў Kyky.org прадстаўнік штаба Бабарыкі Глеб Герман.
На паркоўцы ля штаба бачылі мікрааўтобус без нумароў, а таксама людзей у масках, пры гэтым у штабе гарэла святло. Таксама відавочца заўважыў чалавека, падобнага на Максіма Знака, у адным з двух серабрыстых легкавікоў, якія ехалі па праспекце Машэрава. Гэтыя паведамленні размясціў у сваім тэлеграм-канале блогер Антон Матолька з просьбай пацвердзіць або абвергнуць. Абвергнутыя яны не былі.
Пазней з’явілася і фота самага моманту затрымання Максіма Знака.

Верагодна, затрыманне Максіма Знака. Фота t.me/motolkohelp
Адвакат Максіма Знака Дзмітры Лаеўскі расказаў Tut.by, што справай займаецца Следчы камітэт.
«Следчы камітэт праводзіць працэсуальныя дзеянні, прычыны і падставы невядомыя. Цяпер у Максіма Знака дома плануецца вобшук», — сказаў Лаеўскі. У штаб людзей не пускаюць, але ў памяшканні знаходзяцца людзі, якія, імаверна, нешта ламаюць, паведаміў карэспандэнт Tut.by.
Максім Знак быў апошнім чальцом прэзідыума Каардынацыйнай рады, які заставаўся ў Беларусі і на волі і мог весці актыўную дзейнасць (Святлана Алексіевіч не можа гэтага рабіць па стане здароўя). Марыя Калеснікава была затрыманая 7 жніўня, яе хацелі выправадзіць з краіны, што з ёй цяпер — невядома. Юрыст Лілія Уласава пад вартай у межах крымінальнай справы. Кіраўнік стачкама МТЗ Сяргей Дылеўскі адбывае другі запар адміністрацыйны арышт. Вольга Кавалькова выправаджаная з краіны, Павел Латушка таксама быў вымушаны з’ехаць з прычыны пагроз.
Акрамя таго, Максім Знак з'яўляецца адвакатам і даверанай асобай Віктара Бабарыка і Марыі Калеснікавай.
Паводле REFORM.by