ЗША, Вялікабрытанія і ЕС заклікалі Беларусь забяспечыць правядзенне сумленных выбараў
ЗША, Вялікабрытаніі і Еўрапейскага саюза выступілі з сумеснай заявай ад імя прадстаўленых у Мінску краін-членаў ЕС адносна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
У заяве гаворыцца: "У сувязі з тым, што Беларусь пачынае працэс абрання свайго прэзідэнта, мы заклікаем беларускія ўлады прыняць меры, неабходныя для правядзення бяспечных, мірных, свабодных і сумленных выбараў і забеспячэння асноўных свабодаў.
Мы разлічваем, што Беларусь у належныя тэрміны афіцыйна запросіць назіральнікаў ад БДІПЧ/АБСЕ, і настойліва заклікаем улады Беларусі прадэманстраваць на справе сваю гатоўнасць дамагчыся прагрэсу ў выкананні рэкамендацый, якія змяшчаюцца ў папярэдніх справаздачах аб назіранні за выбарамі, падрыхтаваных БДІПЧ/АБСЕ.
Адзначаючы, у прыватнасці, што працэс рэгістрацыі кандыдатаў павінен быць сумленным і празрыстым, мы падкрэсліваем, што ніякія палітычна матываваныя абмежавальныя меры не павінны перашкаджаць выкананню патэнцыяльнымі кандыдатамі працэдуры рэгістрацыі.
Улічваючы, што выбары праходзяць у кантэксце крызісу COVID-19, мы настойліва рэкамендуем беларускім уладам прыняць рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па фізічным дыстанцыянаванні, каб звесці да мінімуму пагрозу COVID-19 такім чынам, каб усе кандыдаты мелі роўныя шанцы на агітацыю і інфармаванне выбаршчыкаў пра тое, за што яны выступаюць.
Мы таксама адзначаем, што фарміраванне сапраўды плюралістычнага складу выбарчых камісій з'яўляецца ключом да павышэння даверу да выбарчых органаў.
Свабода СМІ і права на мірныя сходы з'яўляюцца найважнейшымі ўмовамі легітымнасці выбараў. Журналісты павінны мець магчымасць свабодна і бесперашкодна асвятляць падзеі. Грамадзянам павінна быць прадастаўлена магчымасць мірна выказваць сваё меркаванне. У сувязі з гэтым мы таксама занепакоеныя нядаўнімі затрыманнямі мірных дэманстрантаў і арыштамі журналістаў.
Мы нагадваем, што найважнейшым складнікам пры фармаванні нашай будучай палітыкі ў дачыненні да Беларусі будуць заставацца рэальныя крокі Беларусі да забеспячэння ўсеагульных асноўных свабод, вяршэнства закона і правоў чалавека. Бяспечныя, мірныя, свабодныя і сумленныя выбары, якія не падвергнуліся знешняму ўплыву і забяспечваюць асноўныя свабоды, будуць спрыяць дэмакратычнаму развіццю Беларусі, умацаванню яе суверэнітэту і незалежнасці, пракладуць шлях да больш цеснага супрацоўніцтва з нашымі краінамі і эканамічнага росквіту беларускага народа".