Жыхарку Жлобіна аштрафавалі за ўдзел у… несанкцыянаваным пралукашэнкаўскім мітынгу

Суд Жлобінскага раёна разглядзеў адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй у дачыненні да мясцовай жыхаркі Крысціны Кашыцкай.


Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу 20 жніўня. У Жлобіне на пляцоўцы каля Дома культуры «Металург» 20 жніўня сапраўды праходзіў мітынг, у якім брало ўдзел у тым ліку кіраўніцтва раёна — старшыня райвыканкама Іван Навуменка, намесніца старшыні Валянціна Няхай і ваенкам Гомельскай вобласці Андрэй Крываносаў. Там жа прысутнічала і адна з лідарак выбарчай кампаніі Марыя Калеснікава.

Як паведаміла БелаПАН Кашыцкая, на судзе яна патлумачыла, што з’яўляецца валанцёрам, займаецца пошукам людзей, якія пацярпелі ад самавольства ўладаў на выбарах і кансультуе іх наконт магчымай дапамогі. «У сувязі са сваёй дзейнасцю я наведваю ў тым ліку і месцы масавага збору людзей, дзе раздаю ўлёткі з інфармацыяй аб сваёй групе дапамогі. 23 жніўня мяне затрымала міліцыя, абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгу 19 жніўня. У ходзе прагляду шматгадзінных запісаў відэа я так і не была заўважаная на нейкім мітынгу. Я сама распавяла міліцыі, што была на мітынгу не 19, а 20 жніўня. На мітынгу ў падтрымку Лукашэнкі, на якім былі старшыня райвыканкама, яго намесніца і гомельскі ваенкам. Там жа была Марыя Калеснікава. Яны па чарзе выступалі з ваенкамам. Візуальна вызначыць межы санкцыянаванага і несанкцыянаванага мітынгу не ўяўлялася магчымым, бо ўсе прысутныя стаялі разам», — патлумачыла на судзе Кашыцкая.

Міліцыянт-сведка Аляксандр Раманенка заявіў на судзе, што абодва мітынгі — і за, і супраць Лукашэнкі — не былі санкцыянаваныя. «Тады чаму ў іх брала ўдзел кіраўніцтва нашага раёна і ваенкам? Ці будуць яны пакараныя?» — заўважыла ў каментары БелаПАН жыхарка Жлобіна.

Суд прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у памеры 10 базавых велічынь.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: