Бацька арыштаванага па справе «Белага легіёну» напісаў ліст у КДБ
«За дзесяцігоддзе мой сын Віктар падрыхтаваў фізычна моцных і стойкіх хлопцаў, неабходных нашай Радзіме. За гэта ў нас саджаюць у турму? Мой сын не парушаў закон».
Гэтак піша ў сваім лісце да старшыні КДБ, а таксама ў Следчы камітэт і Пракуратуру Беларусі жыхар Мінска Канстанцін Баўтрук.
Ягоны сын Віктар Данілаў — фігурант справы «Белага легіёну», паводле якой у вязьніцах трымаюць ня менш як 18 чалавек. Іх вінавацяць ва ўдзеле ў незаконным узброеным фармаваньні і падрыхтоўцы да беспарадкаў. Віктара Данілава арыштавалі яшчэ перад Днём Волі. З ягонай хаты забралі і паказалі па БТ прадметы, частку якіх следчыя лічаць баявой зброяй. Бацька маладога чалавека з гэтым нязгодны і кажа, што доказы сынавай віны маглі сфальшаваць:
«Мой сын Віктар з 16 гадоў займаецца спортам і з'яўляецца трэнэрам па фізпадрыхтоўцы. Рэчы, якія знайшлі ў нашай кватэры па вуліцы Маякоўскага, — гэта макеты і муляжы зброі, бо мой сын захапляецца ваеннай гісторыяй, збірае тэматычную літаратуру і вайсковую атрыбутыку. Мне незразумелыя дзеянні Вашых супрацоўнікаў, звязаныя з затрыманнем, ператрусам, арыштам, выстаўленнем абвінавачання. Усе рэчавыя доказы, сабраныя ў нашай кватэры, ляжалі там гадамі і выкарыстоўваліся ў навучальных мэтах. Іх шмат разоў бачыў участковы інспектар, які аглядаў раз на паўгода дазволеную зброю (2 паляўнічыя стрэльбы) і сэйф для іх захоўваньня. Камуфляжнае адзенне выкарыстоўвалася маім сынам для спартовых заняткаў (раней для гэтых мэтаў выкарыстоўваліся спартовыя штаны і спартовыя майкі)», — піша старшыні КДБ Валеру Вакульчыку бацька фігуранта справы Канстанцін Баўтрук.
Аўтар ліста мяркуе, што патрэбная экспертыза адабранай у ягонага сына зброі, і просіць правесці гэтую экспертызу як мага хутчэй. Таксама Канстанцін Баўтрук дамагаецца спаткання з сынам, як найхутчэйшага разбору справы і змены меры стрымання для сына на час следства.
«Ганаруся сваім сынам», — дадаў Канстанцін Баўтрук да тэксту ліста, які ён пераслаў карэспандэнту Свабоды.
Віктара Данілава трымаюць у СІЗА КДБ. Паводле бацькі, на ўмовы і харчаванне ён не скардзіцца, але паведаміў, што некалькі лістоў, пра напісанне якіх ён ведае, да яго не трапілі.
Паводле svaboda.org