1041-шы дзень вайны: Расію вінавацяць у «гібрыдных атаках» у Еўропе

Сабралі апошнія звесткі з франтоў расійска-украінскай вайны, развязанай Крамлём пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

85b9efa_zsu11300_690x387.avif

За мінулыя суткі на фронце ва Украіне адбылося 186 баявых сутыкненняў, 83 разы расійскія акупацыйныя войскі штурмавалі Пакроўскі, Курахоўскі і Врэмаўскі кірункі, 46 разоў — спрабавалі прарваць абарону ў Курскай вобласці, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 30 снежня.

Яшчэ адзін гарачы кірунак — Ліманскі. Там расійскія войскі атакавалі 27 разоў.

* * *

У ноч на 30 снежня Расія выпусціла па Украіне 43 ударныя БПЛА тыпу Shahed і іншыя беспілотнікі, супрацьпаветраная абарона знішчыла 21 з іх. Пра гэта паведамілі паветраныя сілы УСУ.

Яшчэ 22 варожых беспілотніка былі лакацыйна страчаныя (без негатыўных наступстваў).

У Харкаўскай і Адэскай абласцях з-за падзення збітых БПЛА пашкоджаны прыватныя дамы грамадзян.

* * *

Кіраўніца дыпламатыі ЕС Кая Калас у інтэрв'ю газеце Welt заявіла, што дыверсіі ў Еўропе, якія адбываюцца ў апошнія месяцы, — не адзінкавыя выпадкі, а частка сістэмы скаардынаваных дзеянняў па дэстабілізацыі інфраструктуры ЕС, да якіх датычная Масква.

Калас сказала, што колькасць дыверсій у Еўропе павялічылася з тых часоў, як Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. У якасці прыкладу Калас прывяла пашкоджанне падводнага кабеля Estlink 2 у Балтыйскім моры, у дачыненні да якога фінскія следчыя падазраюць танкер Eagle S з так званага расійскага «ценявога флоту».

На фоне гэтага Калас абвясціла пра ўвядзенне больш жорсткіх мер у дачыненні да расійскіх караблёў. Яна адзначыла, суды «ценявога флоту» РФ, што курсуюць у парушэнне рэгламентаў, таксама адказныя за забруджванне навакольнага асяроддзя.

Адзначым, што раней аналагічную заяву зрабілі ў NATO.

* * *

472016428_945361114443634_5466434090688426575_n.jpg

* * *

Інстытут вывучэння вайны (ISW) аналізуе падпісаную Пуціным 28 снежня новую стратэгію процідзеяння экстрэмізму ў Расіі. Стратэгія 2024 года ўпершыню змяшчае згадкі пра «русафобію», якую дакумент вызначае як «недружалюбнае, прадузятае і варожае» стаўленне і «дыскрымінацыйныя дзеянні» ў дачыненні да расійскіх грамадзян, мовы і культуры з боку недружалюбных да Расіі дзяржаў.

«Дакумент 2024 года, у адрозненне ад версіі 2020 года, таксама называе Украіну галоўнай крыніцай экстрэмізму і абвінавачвае яе ў распаўсюдзе неанацысцкіх ідэй», — адзначае ISW.

У дакуменце адзначаецца, што Расіі неабходна «ліквідаваць» крыніцу экстрэмісцкіх пагроз, якая зыходзіць з Украіны».

Пры гэтым эксперты нагадваюць, што ў лютым 2022 года, калі Пуцін пачаў поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, ён заявіў, што Расія праводзіць «дэнацыфікацыю» Украіны — спробу апраўдаць ліквідацыю законнай, дэмакратычна абранай улады Украіны.

Крэмль, імаверна, выкарыстае гэты новы стратэгічны дакумент, каб апраўдаць свае заклікі да ліквідацыі ўкраінскай улады як «антыэкстрэмісцкія» захады, мяркуюць эксперты.


У аглядзе таксама адзначаюць, што падпісаная Пуціным стратэгія таксама змяшчае пункты, што будуць мець рэзананс у расійскай праваеннай ультранацыяналістычнай супольнасці, імаверна, гэта з'яўляецца часткай намаганняў Крамля, накіраваных на заспакаенне і заваёву прыхільнасці гэтага ключавога электарату.

ISW нагадвае: расійская ультранацыяналістычная супольнасць так званых вайсковых блогераў неаднаразова заклікала Расію да больш жорсткай міграцыйнай палітыкі і скардзілася на «русафобію» ў былых савецкіх рэспубліках, такіх як Казахстан: «ISW працягвае лічыць, што Пуцін вымушаны дагаджаць свайму ксенафобскаму і ультранацыяналістычнаму электарату, які з'яўляецца адным з самых заўзятых прыхільнікаў вайны Расіі ва Украіне, і ў той жа час балансаваць паміж патрэбай Расіі ў рабочай сіле для яе эканомікі і войска».

* * *

Расія збіраецца адмяніць мараторый на разгортванне ракет сярэдняй і малой далёкасці (РСМД), здольных несці ядзерныя боегалоўкі. Пра гэта ў нядзелю, 29 снежня, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў у інтэрв'ю расійскаму агенцтву РІА Навіны. У якасці прыкладу «выпрабавання ў баявых умовах» балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці Лаўроў згадаў удар ракетай «Ляшчына» па Украіне.

На пытанне, ці можа Расія выйсці з новай дамовы аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ) да заканчэння тэрміну яго дзеяння ў лютым 2026 года, Лаўроў сказаў, што «на сённяшні дзень відавочна, што, напрыклад, наш (расійскі — рэд.) мараторый на размяшчэнне РСМД ужо практычна нежыццяздольны і ад яго прыйдзецца адмовіцца».

Як паведамлялася, ЗША з 2017 года абвінавачвалі Расію ў парушэнні дамовы аб РСМД.

* * *

У інтэрв'ю нямецкаму выданню Berliner Morgenpost амбасадар Украіны пры ААН Андрэй Мельнік заявіў, што сяброўства ў NATO застанецца на парадку дня для Украіны, а вось пытанне аб гарантыях бяспекі мае цэнтральнае значэнне як часовая пастанова, але гарантыі не павінны абмяжоўвацца аднымі палітычнымі абяцаннямі, як Будапешцкі мемарандум.

«Нашым партнёрам давядзецца старанна планаваць вайсковыя сродкі, якія яны будуць выкарыстоўваць для абароны Украіны, калі Расія зноў нападзе», — сказаў ён.

Гаворачы аб гарантыях бяспекі амбасадар Украіны пры ААН дадаў, што магчымыя як двухбаковыя, так і шматбаковыя пагадненні і краіне патрэбныя міжнародныя абавязальніцтвы па абароне з боку заходніх саюзнікаў у выпадку, калі Украіна зноў падвергнецца пагрозе або нападу з боку РФ. Акрамя таго, са слоў Мельніка, партнёры таксама маглі б стаць часткай магчымай буйной мірнай дамовы з Расіяй.

Але Расія хоча поўнай капітуляцыі Украіны: РФ адхіліла прапанову Трампа аб перамовах, якая ўключае адтэрміноўку сяброўства Украіны ў NATO на 20 гадоў і ўвядзенне заходніх міратворцаў.

Між тым, Трамп усвядоміў, што спыніць вайну за 24 гадзіны — нерэальная задача, паведаміў старшыня парламенцкага камітэта па пытаннях знешняй палітыкі Аляксандр Мярэжка пасля візіту ў Вашынгтон.

Ён падкрэсліў, што мірны план, які распрацоўвае прэзідэнт ЗША, ужо гатовы або знаходзіцца на фінальным этапе прапрацоўкі.