12 байцоў расійскага АМАПу адмовіліся ехаць на вайну ва Украіну. Што з імі стала?
Паводле інфармацыі расійскіх праваабаронцаў, тузін супрацоўнікаў Расгвардыі меліся накіраваць ва Украіну, але яны не захацелі ўдзельнічаць у вайне. У выніку іх звольнілі. Расгвардзейцы лічаць звальненне незаконным і падалі ў суд пазоў аб аднаўленні на працы.
Камандзір узвода аператыўнай роты АМАП «Пластун» Расгвардыі па Краснадарскім краі Фарыд Чытаў і 11 байцоў з яго роты адмовіліся ехаць на вайну ва Украіну, іх звольнілі.
Пра гэта напісаў расійскі юрыст, праваабаронца і грамадскі
дзеяч, кіраўнік Міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў
у сваім Telegram-канале.
Паводле яго інфармацыі, 25 лютага капітан паліцыі Чытаў з
іншымі расгвардзейцамі адмовіліся выканаць загад камандзіра атрада аб
перасячэнні мяжы РФ і далейшым накіраванні на тэрыторыю Украіны.
«Атрад АМАП з Краснадара з 6 лютага знаходзіўся ў
Рэспубліцы Крым, куды быў накіраваны для правядзення вучэнняў «Заслона 2022». Адмову выканаць загад байцы Расгвардыі патлумачылі яго
незаконнасцю. Ні ў аднаго з іх з сабой не было ні замежнага пашпарта, ні намеру
пакінуць тэрыторыю Расіі, тады як іх прамыя службовыя абавязкі абмяжоўваліся
тэрыторыяй Расійскай Федэрацыі. Аб камандзіроўцы на тэрыторыю Украіны для
ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі, аб задачах і ўмовах гэтай аперацыі ніхто
з пазоўнікаў у вядомасць пастаўлены не быў і як следства, згоды на яе не
даваў», — адзначыў Чыкаў.
«Само па сабе незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы
ўтварае склад злачынства, прадугледжаны арт. 322 КК РФ, а нелегальны ўезд на
тэрыторыю Украіны ў складзе ўзброенай групы, утворыць шэраг складаў злачынстваў
ужо Крымінальнага кодэкса Украіны», — дадаў ён.
У выніку, са слоў юрыста, байцоў Расгвардыі вярнулі ў Краснадар, правялі службовую праверку і звольнілі са службы. Расгвардзейцы лічаць звальненне незаконным і падалі ў суд пазоў аб аднаўленні на працы.