177 нобелеўскіх лаўрэатаў выступілі ў падтрымку Украіны

 Больш за палову ўсіх нобелеўцаў, якія жывуць у свеце, выказаліся ў падтрымку Украіны.

Роальд Хофман 

Роальд Хофман 

177 нобелеўскіх лаўрэатаў напісалі ліст у падтрымку Украіны. Яны выступілі з катэгарычным асуджэннем агрэсіі Расіі і патрабаваннем спыніць вайну супраць Украіны.

Калектыўны зварот навукоўцаў з’явіўся на старонках The Washington Post, Wall Street Journal, New York Times, The Guardian, Globe and Mail, Suddeutzche Zeitung, Haaretz і іншых выданняў, паведамляе РБК-Украіна.

«Вялікі дзякуй выдатнаму навукоўцу, паэту і гуманісту прафесару Роальду Хофману, Нобелеўскаму лаўрэату па хіміі, які здолеў прыцягнуць да ліста ў падтрымку Украіны больш за палову ўсіх нобелеўцаў, якія жывуць у свеце», — напісаў прэзідэнт габрэйскай канфедэрацыі Украіны Барыс Ложкін у Facebook.

Прафесар Карнельскага ўніверсітэта (ЗША) Роальд Хофман у гады Халакоста разам з мамай і яе братамі хаваўся пад дахам дома ўкраінскага настаўніка Мікалая Дзюка ў вёсцы Турка на Львоўшчыне. З-за таго, што ў час вайны хлопец мусіў амаль два гады бязвылазна сядзець у хованцы ды туляцца па свеце пасля вайны, Роальд пайшоў у школу з вялікім спазненнем, аднак хутка рвануў наперад: у 25 гадоў стаў доктарам у Гарвардзе, а ў 44 гады атрымаў Нобелеўскую прэмію.

Прафесар Хофман да гэтага часу падтрымлівае кантакт з дзецьмі і ўнукамі сваіх выратавальнікаў і адгукнуўся на падзеі, якія цяпер адбываюцца ва Украіне з-за ваеннай агрэсіі Расіі.