232-гі дзень вайны. Расія бамбіць, украінцы — наступаюць на Херсоншчыне

Расія працягвае абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і вёсак. Але гэта не спыняе ўкраінскую армію, якая працягвае контрнаступ у Херсонскай вобласці.

Варонка ў парку Шаўчэнкі ў Кіеве. Фота: Ганна Мамонава, сайт "Бабель"

Варонка ў парку Шаўчэнкі ў Кіеве. Фота: Ганна Мамонава, сайт "Бабель"

Расійскія акупанты ў чацвер раніцай, 13 кастрычніка, атакавалі іранскімі дронамі-камікадзэ Кіеўскую вобласць, паведаміла Кіеўская абласная ваенная адміністрацыя. «Ёсць удары па адной з суполак вобласці. Папярэдне — атака дронаў-камікадзэ. Ратавальнікі ўжо працуюць», — гаворыцца ў паведамленні.

Расійскія войскі ўсю ноч абстрэльвалі Нікапальскі раён Днепрапятроўскай вобласці «Градамі» і цяжкай артылерыяй, паведаміў старшыня АВА Валянцін Разнічэнка.

«Больш за ўсё пацярпеў Нікапаль. Там акупанты паранілі 59-гадовага мужчыну. Ён знаходзіцца ў шпіталі. У цяжкім стане», — сказаў губернатар. У горадзе пашкоджана больш за 30 шматпавярховых і прыватных дамоў, газаправоды і лініі электраперадач. Больш за 2000 сем'яў засталіся без святла. Таксама расійскія снарады прыляцелі ў бальніцу, дзіцячы сад, краязнаўчы музей, сабор, крамы, рынак, фабрыкі і пошту.

Уначы 13 кастрычніка падвергнуўся масіраванаму абстрэлу ракетамі тыпу С-300 Мікалаеў, ёсць траплянне ў пяціпавярховы жылы дом, кажа старшыня АВА Віталь Кім. Ён адзначыў, што з-пад завалаў дасталі 11-гадовага хлопчыка, які правёў там шэсць гадзін, працягваюцца пошукі яшчэ сямі чалавек.

Ваенна-паветраныя сілы Украіны паведамілі пра знішчэнне за суткі пяці ўдарных верталётаў Ка-52, 17 дронаў-камікадзэ Shahed-136 і два — Zala Ланцэт.

Інстытут вывучэння вайны (ISW) канстатуе, што ўкраінскія войскі працягваюць прасоўвацца ў Луганскай вобласці, у прыватнасці рухаюцца ў напрамку Крамянной. У той жа час акупанты спрабуюць захапіць Бахмут Данецкай вобласці.

Верагодна, УСУ трымаюць абарону ў Цернах і Ямпалаўцы, за 17 кіламетраў ад Крамянной. Акупанты ў сваю чаргу спрабуюць утрымаць лінію ўздоўж трасы Крамянная — Сватава.

У Данецкай вобласці працягваюцца актыўныя баі ў раёне Бахмута. Паводле звестак ISW, расійцы ўзмацняюцца «вагнераўцамі». Украінскія сілы адбілі расійскія наземныя атакі на захад ад Аўдзееўкі ў раёне Першамайскага, а таксама на захад ад Данецка ў раёне Краснагораўкі.

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі піша, што УСУ працягваюць паспяховы наступ на паўднёвым фронце. Як адзначаецца ў зводцы, адступіўшы прыкладна на 20 кіламетраў на поўнач ад Херсонскага сектара ў пачатку кастрычніка, расійскія войскі спрабуюць замацаваць новую лінію фронту.

Па дадзеных брытанскай выведкі, на гэтай лініі ідуць жорсткія баі, асабліва ў заходнім сектары, дзе ўкраінскі наступ азначае, што фланг Расіі больш не абаронены ракой Інгулец. Большасць расійскіх войскаў гэтай лініі фронту абараняецца недаўкамплектаванымі часткамі паветрана-дэсантных войскаў.

«У апошнія дні расійскія акупацыйныя ўлады, верагодна, аддалі загад аб падрыхтоўцы да эвакуацыі некаторых грамадзянскіх з Херсона. Цалкам верагодна, што яны чакаюць распаўсюджвання баявых дзеянняў на сам горад Херсон», — гаворыцца ў паведамленні Мінабароны Брытаніі.

У той жа час, па меркаванні Інстытута вывучэння вайны, расійская прапаганда стварае ўмовы для выстаўлення Украіны тэрарыстычнай дзяржавай, каб адвесці ўвагу ад уласных злачынстваў. Як адзначылі аналітыкі, некалькі расійскіх крыніц зрабілі неправераныя заявы пра тое, што супрацоўнікі Федэральнай службы бяспекі Расіі (ФСБ) затрымалі грамадзян Украіны па падазрэнні ў планаванні «тэрарыстычных актаў» у Свярдлоўскай, Маскоўскай і Бранскай абласцях.

У сувязі з гэтым расійскія ваенныя блогеры ўзмацнілі рыторыку абвінавачванняў у адрас Украіны і заклікі афіцыйна аб'явіць яе тэрарыстычнай краінай.

«Сцвярджэнне аб падрыхтоўцы да імавернай і падрыўной дзейнасці ў Расіі стасуюцца з больш шырокай спробай усталяваць інфармацыйныя ўмовы для адказу на спробы Украіны афіцыйна абвясціць Расію тэрарыстычнай дзяржавай, асабліва пасля нядаўніх масіраваных нападаў на крытычна важныя аб'екты ўкраінскай інфраструктуры і жылыя раёны», — адзначаецца ў справаздачы.

У ISW мяркуюць, што расійская інфармацыйная прастора таксама можа ствараць умовы для апраўдання далейшых масіраваных удараў па ўкраінскіх тылах і казаць пра фэйкавыя напады на Расію, якія выдаюцца за тэрарыстычныя акты, учыненыя Украінай.

Паводле Карэспандэнт; РБК-Украіна; ВВС