248-мы дзень вайны. Расійцы перабольшваюць свае поспехі і нясуць каласальныя страты

Што адбываецца на франтах Украіны 29 кастрычніка? Сабралі асноўнае.

1667027482_8411.jpg

Расійцы абстралялі Харкаўскую вобласць. Пад абстрэлы патрапілі населеныя пункты Чугуеўскага, Харкаўскага і Купянскага раёнаў. У выніку абстрэлаў параненыя тры чалавекі.

Паводле афіцыйных даных, у Ваўчанску ў выніку абстрэлаў пашкоджана гаспабудова, а пасёлку Двурэчная ўзніклі пажары і пашкоджаныя жылыя дамы.

Як паведамляецца, у Купянскім раёне раненні атрымалі дзве жанчыны 43 і 40 гадоў, а таксама 60-гадовы мужчына.

Расійцы абстралялі таксама Нікапаль. Паведамляецца пра пажар і параненых.

«Усю ноч білі па Нікапальшчыне... Расійцы абстралялі тры грамады — Нікапольскую, Марганецкую і Міроўскую. Больш за ўсё пацярпеў Нікапаль. Там паранены 39-гадовы мужчына. Ён у бальніцы. Стан сярэдняй цяжкасці», — адзначаюць мясцовыя ўлады.

У горадзе пашкоджаныя восем шматпавярховых і прыватных дамоў, некалькі крамаў, мэблевая фабрыка, гасцініца, аўтобусны прыпынак, газаправод і электрасеткі.

За апошнія суткі УСУ ліквідавалі 550 расійскіх захопнікаў. Агульныя страты расійскіх акупантаў на вайне супраць Украіны перавысілі 70 тыс. забітымі. Пра гэта паведамляе Генеральны штаб Узброеных Сіл Украіны ў ранішняй зводцы.

Генштаб УСУ таксама паведаміў, што за мінулыя суткі сілы абароны Украіны адбілі атакі расійцаў у раёнах трох населеных пунктаў у Данецкай вобласці.

«За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Вадзяное, Каменка і Невельскае Данецкай вобласці», — адзначылі ў Генштабе.

«Агулам ударам праціўніка падвергнуліся больш чым 35 населеных пунктаў. Сярод іх — Северск і Прачыстоўка Данецкай вобласці, Малыя Шчарбакі Запарожскай вобласці, Давідаў Брод і Малая Сейдэмінуха на Херсоншчыне і Кабзарцы Мікалаеўскай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.

«Рэспубліка Беларусь і надалей падтрымлівае ўзброеную агрэсію Расійскай Федэрацыі супраць Украіны. Захоўваецца пагроза нанясення ракетных удараў і прымянення ўдарных БПЛА з тэрыторыі гэтай краіны», — дадалі ў Генштабе.

Інстытут вывучэння вайны паведамляе, што расійцы перабольшваюць поспехі пад Бахмутам. Расіі трэба паказаць перамогу хоць дзе-небудзь, кажуць эксперты.

Расійскія войскі дамагліся хіба што абмежаваных «дасягненняў» на тым участку лініі фронту, і тыя даліся ім вялікай крывёю і павольнымі тэмпамі.

Заявы крамлёўскай прапаганды аб «поспехах», верагодна, маюць на мэце ўзняцце баявога духу сярод сваіх салдат, адзначаюць заходнія эксперты.

Акрамя таго, асвятленне сітуацыі пад Бахмутам у такім ключы выгадна кіраўніку ПВК «Вагнера» Яўгену Прыгожыну, які ўзяў асабістую адказнасць за «перамогу» на Данбасе.

23 кастрычніка ён заявіў, што «вагнераўцы» прасоўваюцца там на 100-200 м у дзень. Гэта нібыта з'яўляецца нармальным тэмпам для сучасных дасягненняў.

«Расейскія сілы, верагодна, фальсіфікуюць заявы аб наступе ў раёне Бахмута, каб адлюстраваць свае поспехі як мінімум у адным сектары на фоне страт на паўночным усходзе і поўдні Украіны. Нават заяўленая хуткасць наступу была б няўдалай для асноўных намаганняў у механізаванай вайне, і гэтыя сцвярджэнні на самай справе перабольшаныя», — гаворыцца ў паведамленні Інстытута вывучэння вайны.

Крыніцы: Украінскія медыя