272-гі дзень вайны. Пуцін шукае паратунку ў астролагаў, Зяленскі ўзнагародзіў 83-гадовага пенсіянера

Ужо дзевяць месяцаў ва Украіне трывае вайна, развязаная пуцінскай Расіяй пры дапамозе рэжыму Лукашэнкі. Сабралі апошнія звесткі з франтоў і не толькі.

1630325228_1643.jpg

За мінулыя суткі расійцы нанеслі 9 авіяцыйных і 7 ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, а таксама здзейснілі больш за 50 абстрэлаў з РСЗА.

«Пацярпелі аб'екты грамадзянскай інфраструктуры ў населеных пунктах Камышаваха і Наватроіцк Запарожскай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні Генштаба УСУ.

Між тым на асноўных напрамках абстаноўка без істотных змен, прыкмет фарміравання наступальных груповак акупантаў пакуль не выяўлена.

У Генштабе адзначаюць, што Беларусь і ў далейшым падтрымлівае ўзброеную агрэсію РФ супраць Украіны, падаючы ёй інфраструктуру, тэрыторыю і паветраную прастору. Захоўваецца пагроза нанясення расійцамі ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі і паветранай прасторы Беларусі.

Няпроста ва Украіне і х энергазабеспячэннем. Нагадаем, апошнім часам расійцы засяродзілі паветраныя атакі менавіта на аб'ектах крытычнай інфраструктуры, каб пазбавіць мірных жыхароў цяпла і святла. 

Асабліва складаная сітуацыя ў Кіеве і вобласці, а таксама ў Вінніцкай, Сумскай, Цярнопальскай, Чаркаскай, Адэскай абласцях.

Прымяненне 21 лістапада пазапланавых адключэнняў электрычнасці было выклікана вялікім узроўнем спажывання, чым краіна можа забяспечыць у гэты час.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў сваім відэазвароце звярнуўся да ўсіх прадстаўнікоў абласной улады і мясцовых суполак, каб яны не спынялі камунікацыю адносна рацыянальнага спажывання электрычнасці.

«Вядома, энергетыкі, камунальнікі, ратавальнікі і ўсе, хто залучаны, працуюць на максімуме. Але сістэмная шкода нашай энергетыцы ад удараў расійскіх тэрарыстаў настолькі значная, што ўсім нашым людзям і бізнесу варта быць вельмі эканомнымі і размяркоўваць спажыванне па гадзінах сутак», — падкрэсліў Зяленскі.

1669073594_7066.jpg

Уладзімір Зяленскі адзначыў ордэнам «За заслугі» ІІІ ступені 83-гадовага пенсіянера з Чарнавіцкай вобласці Мікалая Шаўчука, які пералічыў на патрэбы ўкраінскіх узброеных сіл усе свае зберажэнні.

Указ аб узнагароджанні апублікаваны на сайце кіраўніка ўкраінскай дзяржавы ў панядзелак, 21 лістапада.

Мікалай Шаўчук атрымаў свой ордэн «за грамадзянскую мужнасць і самаадданасць, праяўленыя падчас абароны дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ва ўмовах ваеннага становішча, вернасць украінскаму народу».

Шаўчук перадаў УСУ зберажэнні за больш чым 10 гадоў. Гаворка ідзе пра амаль 400 тысяч грыўняў (больш за 10 тысяч долараў).

«Звяртаюся да ўсіх багатым: не хавайце свае грошы! Дапамагайце дзяржаве, арміі, каб прагнаць агрэсара», — сказаў пенсіянер.

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін усё часцей спадзяецца не на ўласнае войска, а на шаманаў, экстрасэнсаў і астролагаў. Гэта сведчыць аб хісткай яго рацыянальнай палітыцы.

Такое меркаванне выказаў падчас эфіру з Маркам Фейгіным дарадца Офіса прэзідэнта Аляксей Арастовіч. Ён падкрэсліў, што «рускім царам не даруюць прайграных войнаў».

«Узмацненне пазіцый астролагаў, чорных чараўнікоў і экстрасэнсаў у ахове Пуціна сведчыць аб хісткасці рацыянальнай палітыкі. Рускім царам не даруюць прайграных войнаў. Прадчуванне канца раздзірае псіхіку і мае патрэбу ў надзеі. Паколькі вайскоўцы не могуць даць такой надзеі, яе даводзіцца шукаць сярод шаманаў, астролагаў і акультыстаў. Так было як у Адольфа Гітлера, так і ва Уладзіміра Пуціна. Толькі яму гэта не дапаможа, як і папярэдніку», — адзначыў Арастовіч.

Паводле яго слоў, Пуцін спадзяецца на містыку. Зрэшты, Арастовіч не выключыў, што ў «штабе крамлёўскіх астролагаў сядзіць украінскі герой, які падбірае максімальна нязручныя даты наступаў».

Арастовіч падкрэсліў, што павелічэнне ўплыву астролагаў і чараўнікоў у ахове Пуціна азначае рост унутранага напружання ў Расіі.

«Армія Суравікіна не спрацавала, цуда-зброя — іранскія дроны — не спрацавала. Зараз стадыя астролагаў. Гэта добра. Гэта нагадвае апошнія месяцы ў бункеры яго апошняга папярэдніка Гітлера», — сказаў Арастовіч.

Акупацыйныя расійскія войскі, верагодна, спальвалі целы сваіх загінулых жаўнераў на сметніку ў Херсоне. Пра гэта піша Guardian са спасылкай на шматлікія сведчанні мясцовых жыхароў.

Гараджане распавялі журналістам, што неаднаразова бачылі, як грузавікі высыпалі на сметнікі чорныя мяшкі, якія пасля гэтага закідвалі смеццем або падпальвалі. Пры гэтым, «у паветры адчуваўся пах паленага пратухлага мяса».

Як удакладнілі херсонцы, гэта адбывалася на самым аддаленым баку сметніка, куды цяпер нікога не пускаюць, бо тэрыторыя яшчэ не праверана на прадмет мін і неразарваных снарадаў. Яны ж дадалі, што іх не пускалі на сметнік і акупанты. Больш таго, тыя ўсталявалі перад сметнікам блокпост.

Жыхары дома, адкуль бачны сметнік, распавялі журналістам, што падчас спальвання падымалася вялікае воблака дыму, а ад яго паху ванітавала.

«Пахла паленымі валасамі і, ведаеце, як у стаматолага — калі свідруюць зуб перад тым, як паставіць пломбу. І дым быў такі густы, што суседняга будынка не было відаць», — распавяла адна з жыхарак гэтага дома.

Суразмоўцы выдання лічаць, што такім чынам расійцы пазбаўляліся ад трупаў уласных салдат.

«Кожны раз, калі наша армія там абстрэльвала расійцаў, яны вывозілі парэшткі на палігон і спальвалі іх», — заявіла адна з мясцовых жыхарак.

Выданне дадае, што журналісты знайшлі на сметніку расійскую форму і шлемы.

У Херсонскай вобласці выявілі 11 месцаў, дзе вайскоўцы РФ незаконна ўтрымлівалі грамадзян, і 63 целы людзей, закатаваных расійцамі.

Крыніцы: Украінскія медыя.