279-ты дзень вайны. Расійцы прасунуліся пад Бахмутам, але ёсць нюанс

Расійская прапаганда справаздачыцца пра поспехі акупацыйнай арміі пад горадам Бахмут Данецкай вобласці, дзе апошнія тыдні ідуць, бадай, самыя жорсткія баі ва ўсім тэатры баявых дзеянняў. Аднак сітуацыя там не такая ружовая, як хацелася б прыхільнікам «рускага свету».

1660658873_4982.jpg

Расійскія акупанты сапраўды прасунуліся на поўдзень ад Бахмута ў Данецкай вобласці, аднак іх заявы аб «поспехах» не надта праўдзівыя, бо акружыць горад яны ўсё роўна не змогуць.

Як паведамляюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW), геалакацыйныя здымкі паказваюць, што расійцы, імаверна, захапілі Азаранаўку — сяло прыкладна за 15 кіламетраў на паўднёвы захад ад Бахмута. А расійскія СМІ ўжо заявілі, што яны нібыта здолелі захапіць яшчэ некалькі вёсак побач з горадам.

Так, у РФ паведамляюць, што яны нібыта ўзялі Курдзюмаўку, Кляшчыеўку, Андрэеўку, Зеленаполле, Падгародняе і Спорнае. Акупанты, кажучы аб сваіх «поспехах», радаваліся таму, што яны «змогуць акружыць» Бахмут. Аднак такія заявы непраўдзівыя.

«У цяперашні час няма ніякіх доказаў з адкрытых крыніц, якія пацвярджаюць гэтыя сцвярджэнні. Расійскія крыніцы актыўна распаўсюджваюць ілжывыя заявы аб поспехах вакол Бахмута ў рамках інфармацыйнай аперацыі з кастрычніка, і нядаўнія неабгрунтаваныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі могуць быць часткай гэтай інфармацыйнай аперацыі», — адзначылі ў ISW.

Паводле даных аналітыкаў, нават калі акупанты і змаглі сапраўды захапіць вышэйназваныя вёскі, то гэта ўсё роўна не пагражае важным трасам Т0513 (Бахмут — Северск) і Т0504 (Бахмут — Канстанцінаўка) для Узброеных сіл Украіны. Акрамя гэтага, існуюць іншыя дарогі, якія вядуць у Бахмут з боку заходніх і паўночных бліжэйшых вёсак.

«Заяўленыя расійскія пазіцыі, бліжэйшыя да Бахмута ў Кляшчыеўцы і Падгародным, вядуць прама да падрыхтаваных украінскіх абарончых збудаванняў у Бахмуце і яго заходніх і паўночных сёлах-спадарожніках. Рускія войскі ў Кляшчыеўцы, каб прасунуцца далей, павінны былі перасекчы тры кіламетры палёў. Расійскія войскі ў іх цяперашнім дэградаваным стане, хутчэй за ўсё, не змогуць хутка выканаць гэту задачу. Заснавальнік ПВК «Вагнера» Яўген Прыгожын сам заўважыў у кастрычніку, што сілы «Вагнера», якія дзейнічаюць у раёне Бахмута, прасоўваюцца ўсяго на 100-200 метраў за дзень. Такім чынам, заяўленыя расейцамі «наступы» вакол Бахмута цягам 27 і 28 лістапада наўрад ці прывядуць да эфекту на аператыўным узроўні, тым больш хуткага», — рэзюмавалі эксперты.

1654414238_4566.webp

Ноччу расійская артылерыя ўдарыла па Дняпры. Па мірным горадзе былі выпушчаны чатыры ракеты.

У сваім Telegram кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка паведаміў, што абышлося без параненых. Аднак на гэтым атакі не скончыліся, расійцы абстралялі Нікапальскі раён.

«Расійцы ўдарылі па Дняпры. Накіравалі на начны горад некалькі ракет. Патрапілі ў прыватнае прадпрыемства. Знішчаны вытворчыя памяшканні. Па ўдакладненай інфармацыі, выпушчана чатыры ракетыі. Сур'ёзныя разбурэнні і пажар, які ўжо патушаны», — паведаміў ён.

А Нікапальскі раён расійцы абстралялі з «Ураганаў» і цяжкай артылерыі. Разнічэнка паведаміў, што пад прыцэл трапіла Краснагрыгор'еўская грамада. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

1668353931_5063.jpg

У ААН назвалі гуманітарную сітуацыю ў Мікалаеве і Херсоне жудаснай і крытычнай. Са слоў прадстаўніка ААН Стэфана Дзюжарыка, амаль чвэрць мільёна чалавек толькі ў Мікалаеве адчуваюць недахоп цяпла, вады і электрычнасці. Гэтыя гарады ў выхадныя наведала каардынатар гуманітарнай дапамогі Дэніз Браун.

«У Мікалаеве ўжо ўстаноўлена некалькі пунктаў абагравання, каб дапамагчы людзям, якія не могуць ацяпляць свае дамы. Работнікі гуманітарных арганізацый дастаўляюць матэрыялы і генератары, каб гэтыя месцы працавалі», — паведаміў Дзюжарык.

У ААН чакаюць, што змогуць пры падтрымцы ўлад пакрыць асноўныя патрэбы жыхароў Херсона, калі атрымаецца падтрымліваць той жа ўзровень дапамогі, накіраванай на працягу апошніх двух тыдняў.

«Аднак сітуацыя з вадой, ацяпленнем і электрычнасцю застаецца цяжкай, хоць падача электраэнергіі паступова аднаўляецца», — дадаў ён.

Адзначаецца, што сёлета донары далі праз ААН гуманітарную дапамогу на суму 3,1 мільярда долараў, аднак Дзюжарык сказаў, што працяг фінансавання вельмі важны, асабліва ў зімовыя месяцы.

«Мы па-ранейшаму занепакоены бядотным становішчам мірных жыхароў ва Украіне, асабліва з надыходам зімы. Мы працуем, каб падтрымаць людзей паслугамі і забеспячэннем, каб пераканацца, што яны могуць быць абаронены і сагрэты ў гэтыя суровыя месяцы», — дадаў ён.

У акупаваным Мелітопалі пагоршылася крымінагенная сітуацыя з-за прыбыцця ў горад расійскіх салдат, якія адышлі з правага берага Дняпра. Пасля паражэння ў Херсоне вялікая колькасць акупантаў з таго напрамку рассялілі ў горадзе. Яны маюць вельмі нізкую дысцыпліну, паведамляюць у Цэнтры нацыянальнага супраціву.

Салдаты марадзёраць у крамах, ладзяць разборкі і гвалцяць. Паводле звестак цэнтра, акупацыйнае кіраўніцтва не можа паўплываць на сітуацыю, нават «кідаючы парушальнікаў у падвал» і пагражаючы расстрэламі.

«Расійцы працягваюць займацца любімай справай — здзяйсняць злачынствы супраць мірнага насельніцтва. Цэнтр нацыянальнага супраціву заклікае жыхароў горада выехаць на падкантрольную ўраду Украіны тэрыторыю. Вернемся дадому пасля дэакупацыі Мелітопаля Узброенымі сіламі Украіны», — гаворыцца ў паведамленні.