336-ты дзень вайны. Расія вынаходзіць новыя адценні чырвонага

Вайна ва Украіне працягваецца ў пазіцыйнай фазе. Доўжацца абстрэлы ўкраінскіх гарадоў і вёсак, узяцце Саледара. Пра яго ўжо некалькі разоў рапартавала камандаванне захопнікаў, але гэта ніяк не дапамагло на фронце. Тым часам краіна-агрэсар вынаходзіць новыя адценні чырвонага колеру.

1_18_1536x1022.jpg


Як паведамляе Генштаб УСУ, на працягу сутак вораг нанёс 4 ракетныя і 26 авіяцыйных удараў. Таксама зрабіў больш за 100 абстрэлаў з РСЗА. Расіяне, нягледзячы на шматлікія страты, усё ж не спыняюць наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Новапаўлаўскім напрамках. На Купянскім, Запарожскім і Херсонскім — абараняюцца.

Падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці, Чырвоная гара, Бахмут, Новабахмутаўка, Краснагораўка, Мар'інка Данецкай вобласці.

На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках прыкмет наступальных груповак праціўніка не выяўлена. Абстрэлам падвергліся больш за 40 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.

Па даных украінскага Генштаба, Расія прадпрымае спробы завербаваць у склад ПВК «Вагнер» грамадзян Украіны, якія былі прымусова вывезены ў расійскія месцы пазбаўлення волі. У прыватнасці, актыўная вярбоўка такіх асоб адбываецца ў Краснадары. Асабліва заклікаюць да ўдзелу ў вайне супраць Украіны людзей, якія адбываюць пакаранне за цяжкія крымінальныя злачынствы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце адзначыў, што Расія рыхтуецца да новай хвалі агрэсіі — з тымі сіламі, якія яна здольна мабілізаваць. «Цяпер акупанты ўжо ўзмацняюць ціск на Бахмуцкім, Вугледарскім і іншых кірунках. А хочуць узмацніць ціск больш маштабна. Каб не прызнаваць памылковасць агрэсіі, гаспадары Расіі хочуць кінуць больш сваіх людзей і тэхнікі ў баявыя дзеянні», — заявіў Зяленскі.

Армія Расіі абстраляла ў Херсоне радзільны дом, школу і паліклініку. На працягу сутак расійскія акупанты выпусцілі каля 200 снарадаў па васьмі прыгранічных абшчынах Сумскай вобласці. Абстрэл вёўся з артылерыі і мінамётаў.

Паводле звестак амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW), расійскія крыніцы працягваюць ілжыва сцвярджаць, што войскі РФ перакрываюць украінскія наземныя шляхі зносін у Бахмут. Эксперты ISW лічаць, што акупанты не змаглі перарэзаць большасць з іх.

Расійскія крыніцы сцвярджалі, што 24 студзеня расійскія войскі пачалі наступ у раёне Вугледара. «Верагодна, гэта заява прызначалася для стварэння пазітыўных наратываў, каб адцягнуць увагу ад адсутнасці прагрэсу ў Бахмуце», паведамляе ISW.

ISW адзначае канфлікт, які назіраецца ў расійскім камандаванні. Начальнік Генеральнага штаба і камандуючы групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне Валерый Герасімаў працягвае спробы выявіць сябе і традыцыйную структуру вайсковага камандавання сапраўднымі абаронцамі Расіі. Герасімаў заявіў, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ухваліў план міністра абароны Сяргея Шайгу па развіцці здольнасці расійскіх Узброеных сіл рэагаваць на «новыя пагрозы бяспекі», і спаслаўся на гістарычную ролю расійскага Генеральнага штаба ў кіраўніцтве і абароне Расіі ў ходзе некалькіх ваенных крызісаў, уключаючы Другую сусветную вайну.

«Намаганні Генеральнага штаба па актывізацыі дзейнасці ў гістарычным кантэксце Вялікай Айчыннай вайны з'яўляюцца часткай кампаніі, якая працягваецца, па супрацьдзеянні росту моцы і ўплыву заснавальніка і куратара ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, а таксама кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава», — лічаць эксперты.

Першы намеснік пастаяннага прадстаўніка Расіі пры ААН Дзмітрый Палянскі ў інтэрв'ю амерыканскай журналістцы Кім Айверсен для яе шоу зноў нагадаў, што яго краіна валодае ядзернай кнопкай і «іншым краінам гэта варта ўлічваць».

Паводле яго слоў, НАТА і краіны Захаду фактычна ўцягнуты ў канфлікт ва Украіне, але «яшчэ не перасеклі ўсе чырвоныя лініі». «Некаторыя чырвоныя лініі былі перасечаны, але, магчыма, найбольш чырвоныя лініі яшчэ не перасечаны», — заявіў Палянскі.

Палянскі сказаў, што «расійскі бок пасылае сігнал некаторым сталіцам на Захадзе, каб яны супакоіліся і зразумелі, што перадача яшчэ большай колькасці зброі Украіне не зменіць вынік гэтай ... ваеннай аперацыі радыкальным чынам».

«Найбольш чырвоныя лініі» — гэта як?

Паводле ВВС; «Карэспандэнт»; РБК-Україна.